Усё ішло б ладам, каб Бугру з Толікам Раслінскім з суседняга фінскага дамка не заманулася ў той дзень выпіць з самае раніцы. Мне цяжка сказаць пра Толіка што-кольвек істотнае, акрамя таго, што ён свяціў з рота залатым зубам і без вялікіх поспехаў займаўся ў секцыі бокса, а таму прывёз у Сібір пальчаткі і часам баксіраваў з «цяжкім» падлеткам Віцем.
Міша Бугор быў асобаю зусім іншага кшталту і сумеру.
Пяць гадоў Міша плаваў на СРТ, што расшыфроўваецца як сярэдні рыбалоўны траўлер.
Марское жыццё цяжка назваць школаю высокай маральнасці.
Міша піў віскі на Ньюфаўндлендзе і, прымушаючы абарыгенаў акругляць вочы і застрашана бліскаць бялкамі, галёнамі скупляў медычны спірт у аптэках Гаваны і Сант'яга-дэ-Куба. Змыты хваляю за борт ля берагоў Даніі, ён трапіў у партовы шпіталь, а адтуль, дзякуючы знаёмству з вусатым польскім матросам, што прызнаў Мішу за земляка - у тамтэйшы публічны дом.
У доме пад чырвоным ліхтаром прыяцелі сербанулі рому, выбралі з прапанаванага гаспадыняю фотаальбома па дзяўчыне і бадзёра накіраваліся ў нумары.
У самае адказнае імгненне Міша з ягонай маленькай мулаткаю пачулі ненавязлівы стук у дзверы, а ўслед далікатнае пытанне на чысцюткай расейскай мове: «Товарищ Горелик, вы здесь?» Абвялы Міша не паспеў нацягнуць штаноў, як з калідора пачулася ўжо не пытанне, а загад: «Товарищ Горелик, открывайте! Мы знаем, что вы здесь». За дзвярыма стаяў малады супрацоўнік савецкага пасольства, што прыехаў выпісваць Мішу са шпіталя.
Усю ноч Міша на астатнія грошы частаваў супрацоўніка ў партовых барах, спяваў з ім задушэўныя расейскія песні і выслухоўваў цвёрдыя мужчынскія абяцанні, што ён, супрацоўнік пасольства, - магіла і ўсё застанецца паміж імі двума.
Калі карабель прывёз Мішу ў Талін і зухаваты матрос, ціхамірна пасвістваючы, сышоў на прычал, каля чорнай «Волгі» яго спыніў някідкі чалавек у макінтошы з упраўлення КДБ па рабоце з маракамі, дзе наведніку публічнага дома растлумачылі, што ён зганьбіў годнасць савецкага чалавека і камуніста і заслужыў спісанне на бераг.
Тое Мішава прыбыццё ў порт прыпіскі атрымалася нетыповым. Звычайна, адчуўшы пад нагамі талінскую набярэжную, Бугор і кампанія такіх самых сяброў-кавалераў абводзілі наваколле фанабэрлівымі позіркамі закінутых у нейкую задрыпаную копанку альбатросаў і маналітным кагалам тупалі на стаянку таксі. Падарожжа ў талінскае прадмесце Пірыта мела свой рытуал. Марскі воўк, які хоць крыху паважаў сябе, браў адразу не меней за тры таксоўкі. У першай ён нядбайна кідаў на сядзенне набыты недзе ў высокіх штармавых шыротах капялюш, у другой мясцілася валіза, у трэцяй уладкоўваўся сам гаспадар. Кавалькада машын спынялася водбліз плывучага рэстарана-шхуны, адкуль усцешаныя афіцыянты паспешліва выстаўлялі розную сухапутную драбязу.
На колькі дзён рыбакі ўсталёўвалі на шхуне акупацыйны рэжым, прычым там і жылі, мыючы перад сном ногі шампанскім. Закуплены з усімі трыбухамі персанал баляваў разам з кліентурай, удасканальваючы веданне вялікай і магутнай мовы старэйшага брата. Усе ўсіх паважалі, і жыццё нагадвала гульню дэльфінаў у аквамарынавым Гольфстрыме.
Але неўпрыцям насоўвалася чуллівая хвіліна развітання з заробленымі ў сусветным акіяне грашыма, пасля якое афіцыянты і метрдатэль без лішніх цырымоній выкідалі пацяжэлых дэльфінаў на халодны пустэльны бераг. Хлапцы абдымаліся і раз'язджаліся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц-паўтара да новага выхаду ў мора.
Каб вы лепей зразумелі, што такое Міша Бугор, трэба ўзгадаць і гісторыю з мухамі.
Рэч у тым, што аднаго разу пасля наведання Пірыты Міша затрымаўся ў Таліне і ў абладзе маркотлівых думак пра няўмольнае набліжэнне зусім цвярозых і галодных дзён на апошнія рублі зайшоў у рэстаранчык, дзе стаўся сведкам жудаснага скандалу. Вастравокі кліент знайшоў у падліўцы муху. Ён на ўсю залу пагражаў звярнуцца ў цэнтральныя і мясцовыя газеты і на тэлебачанне, а афіцыянты, кухары і дырэктар стаялі перад ім навыцяжку і ўзахапы перапрашаліся. Інцыдэнт скончыўся тым, што рэспектабельнага наведніка, які не любіў падлівак з мухамі, накармілі і напаілі па поўнай праграме, не ўзяўшы ні рубля.
Вярнуўшыся ў матроскі інтэрнат і наткнуўшыся позіркам на муху, Міша не стаў сушыць мазгі над тым, як гэтая істота прымудраецца шнураваць па столі дагары нагамі. Хутка тузіны з два чацвераногіх спрытнюг ужо сушыліся на шматтыражнай газеціне «Моряк Балтики».
Пачатак аперацыі прайшоў бліскуча. Рэстарацыю найшыкоўнейшага на той час талінскага гатэля «Vіru» Мішаў страўнік пакідаў пад завязку наладаваны адборным пітвом і едзівам. Назаўтра, у «Старым Томасе», абслуга аказалася някемлівай і Мішу давялося тлумачыць, што ва ўсім цывілізаваным свеце кліента ў такіх выпадках кормяць і пояць задарма. На трэці дзень Мішу застукалі ў той момант, калі ён, з'еўшы булён, задуменна аздабляў карыснай жамярыцаю з цюбіка з-пад лекаў свіную адбіўную. Пра вынаходніка паведаміла прэса, і - хоць Міша паспеў выкарыстаць усяго трох сухіх мух - рахункі за дармовыя пачосткі яму з дапамогаю прадажных газетчыкаў і міліцыі выставілі ажно сем рэстаранаў і кавярняў.
Читать дальше