Вясна зрабіла філосафа задуменным і прыдзірлівым. Аднойчы Ірка выключыла ў ванным пакоі дожджык і пачула, як Юра прыцішаным голасам са знаёмымі цёплымі інтанацыямі запрашае нейкую жанчыну да сябе на дзень нараджэння. Які сцэнар меўся быць гэтым разам, Іра не даведалася. Выслухаўшы яе слязлівыя папрокі, Юра вытрас з чорнага канверта з-пад фотапаперы здымкі з мінулага дня нараджэння, што святкаваўся тры месяцы таму. «Ты что, блядушка, из себя целку строишь? - крычаў ён. - Полюбуйся, полюбуйся на девочку Иришу. Вот она, между прочим, не с Юрочкой любимым, а с Сергеем... а у нее на личике невинном что нарисовано? Нет, господа присяжные заседатели, не ужас, не отвращение. Наша девочка глазки от сладости закатывает...»
Колькі дзён Ірка начавала на вакзале, дзе яе спрабавалі згвалціць двое хлапцоў з багажні. На трэцюю ноч яна даядала пакінутыя на фольгавых талерачках кавалкі хлеба, і яе проста ў буфеце пачало ванітаваць.
Галодная і хворая на грып, яна, як пабіты сабачка, прыцягнулася назад да Юры. Цяпер усялякія сантыменты скончыліся і іхняе жыццё сапраўды пачало нагадваць стасункі паміж гаспадаром і сабакам. Ён карміў яе, часам браў да сябе ў ложак, наводліў біў жалезным эспандэрам, калі яна адмаўлялася выконваць яго мужчынскія каманды, і нават выгульваў - цягаў за сабою па фарцовачных клопатах, ужо не хаваючы, што ягонымі філасофскімі штудыямі быў гандаль джынсамі і кружэлкамі.
Юра ўпіваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калі ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, «філосаф» не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, пераміргнуўшыся з гаспадаром, вёў Ірку ў другі пакой ці ў кухню, а на вуліцы - заводзіў у бліжэйшы пад'езд і, расшпіліўшы на джынсах маланку, нагінаў Ірчыну галаву.
Улетку, калі, паводле шчасліва-бесклапотнага зімовага плана, Ірына мела здаваць іспыты на філалагічны факультэт, абмежаваная адно межамі ўласнае фантазіі ўлада над дзяўчом конча набіла Юру аскоміну і ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго «сабачку» выгнаў на вуліцу, уручыўшы «на обзаведение хозяйством» 10 рублёў 50 капеек і клетку з чыюкам. На адвітанне Ірына яшчэ мусіла заняцца з філосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.
Я слухаў і намагаўся ўявіць, як папярэдніца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хіміцы, ленінградская дзяўчынка Іра, без пяці хвілін медалістка, чытала на пасяджэннях літаратурнай студыі свае верлібры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў і называла антыпаэтычным верш аднакласніка «Девочки на танцах», дзе былі радкі: «Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно».
На вуліцы Ірку падабраў Жора на мянушку Кот, які меў жывое і карае левае вока і шкляное і блакітнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовію (недзе там у халодным месяцавым святле сябры і прайгралі ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавілі Ката ў адносінах з жанчынамі ўсякай абыходлівасці, і самым ласкавым, што чула Ірка перад хвілінамі блізкасці, былі адрывістыя загады накшталт «Ложись!» або «В стойку!». Калі Жору забралі трэці раз, яна праходзіла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на «хімію», дзе і занялася складаннем спеўніка, што трапіў да маіх рук у дзень прыезду.
Калі Ірка замаўчала,на плыўнай рачной лукавіне паказалася лава сплаўнога лесу, аднак цяпер я не ўспамінаў дзеда Максіма. Я глядзеў на тонкія Ірчыны шчыкалаткі і прыцэўкі, думаў, наколькі яна прыгажэйшая за маленькую Віку, і не верыў ні ў Жору-Ката, ні ў філосафа Юру, што мог завесці яе на Ліцейным у першы-лепшы пад'езд і расшпіліць на сваіх джынсах маланку. У закутку душы шкрэблася спадзяванне, што ўсё гэта з разраду туфты, якой кармілі нас прыблатнёныя ягаднінскія падлеткі.
«Ты знаешь, я не верю», - неяк па-дзяцінаму разгублена прамовіў я, каб штосьці сказаць. Ірчын твар пабіла чырвонымі плямамі, і яна рванула на галаву маечку з алімпійскімі кольцамі. «А вот это видал?»
Пасля таго я доўга баяўся зірнуць у яркім святле на аголеныя жаночыя грудзі, бо бачыў мала чаго страшнейшага за маладую грудку, спрэс пакрытую густой мёртва-сіняю татуіроўкай.
«А теперь все! Уё...й! - раз'юшана працадзіла Ірка. - Понял? Уе...й!» Ці то ад непатушанага недакурка, ці то ад самой Ірчынае лютасці пад нагамі ў яе пачало тлець шыгавінне. Яна ўскочыла, і з яе яшчэ свежых чарэшневых вуснаў пасыпалася такое, што маім вушам закарцела скруціцца ў трубачкі, а галаве - ушрубавацца ў плечы і яшчэ далей, каб схавацца дзе-небудзь на дне страўніка.
Читать дальше