Ва ўсеагульным няшчасці адразу ж захлынулася прага помсты нашаму таварышу Юру Асіноўскаму, што апанавала была вагон паміж уральскіх адгор'яў.
Недзе на мяжы Эўропы з Азіяй ціхмяны баец Юра са спалатнелым тварам выйшаў з купэ і дрогкім голасам папрасіў склікаць атрадны сход, дзе мы даведаліся, што ў Асіноўскага прапалі з валізы ўсе чыста грошы. Бязрадасную навіну аздаблялі звесткі пра хворых бацькоў, не вельмі здаровую малодшую сястрычку і хворую на якуюсьці складаную хваробу кароўку. Да пераліку чужых хваробаў бядак сарамяжліва дадаў кранальную падрабязнасць: ад празмерных перажыванняў у яго сапсаваўся страўнік і разгулялася крывавая мытуха.
Найбольшую шкадобу выклікалі не сам Юра і не ягоныя хворыя - рэч звычайная - сваякі, а якраз гарапашная кароўка, што чакае не дачакаецца запрацаваных крывавым мазалём будатрадаўскіх рублёў.
Калі ў часе галасавання пра збор грошай, дзве рукі нерашуча «ўстрымаліся», сход закіпеў высакародным абурэннем. У выніку Юра атрымаў на тры сотні болей за іншых байцоў і ягоны малады паарлелы арганізм хутка перамог мытуху.
Як ні горка зноў і зноў расчароўвацца ў людзях самому і расчароўваць астатніх, аднак праўда вымагае, каб яе палыновы келіх выпівалі да дна. Ціхі баец Юра «гнаў карцінку». Двое хлапцоў, тыя самыя, што на сходзе адмовіліся галасаваць «за», не толькі ехалі з Юрам у адным купэ, але і пражылі з ім год у адным пакоі, а таму мелі больш дадзеных для аналізу сітуацыі. Адзін баец да непрытомнасці напаіў акрыялага таварыша, а другі ўчыніў татальны ператрус Юраваму багажу, знайшоўшы «ўкрадзеныя» грошы на дне валізы ў вопрадні з некалькі параў нямытых смярдзючых шкарпэтак.
З прычыны павальных любошчаў з Кацюшай-буфетчыцай «Victoria» не спраўдзіла надзеяў роднага інтэрната. Заместа хвацкіх балюшак з удзелам мясцовых вакханак і салютавання коркамі ад шампанскага, байцоў чакалі візіты да венеролагаў і розныя малапрыемныя працэдуры.
Крыху рэабілітаваў сяброў хіба што чацвертакурснік Вася Максіменка, які, нягледзячы на захворванне, залез уначы з пляшкаю шампанскага на святлафор на рагу вуліц Свярдлова і Ўльянаўскай і чытаў адтуль рэдкім мінакам творы Міхаіла Юр'евіча Лермантава. У пратаколе, чым Вася страшэнна ганарыўся, дзяжурны па аддзяленні запісаў, што пад час затрымання грамадзянін Максіменка «оказал сопротивление путем внезапного открытия бутылки советского шампанского и полития им сотрудников милиции». (Ад выключэння з універсітэта нашага сябрука ўратавала не толькі тое, што шампанскае было савецкае; крыху дапамог і сваяк-прарэктар.)
Яшчэ адзін баец выславіўся тым, што ездзіў на заняткі заўсёды «зайцам», а злоўлены кантралёрам, законапаслухмяна даставаў прывезеную з Сібіры сторублёвую купюру, з якой, натуральна, не знаходзілася рэшты. «Заяц» прымільгаўся, і скончылася ўсё тым, што кантралёр у хаўрусе з кіроўцам неразменную купюру папросту адабралі, а яе ўладальніка, папярэдне намяўшы бакі, выкінулі з тралейбуса на высланы жаўталісцем газон.
Цёплы полацкі верасень, што мільгануў паміж маім вяртаннем з Сібіры і пачаткам заняткаў, зачапіўся ў памяці пераважна ўбогім інтэр'ерам бара «Пралеска» і аднайменным кактэйлем няпэўнага смаку, што мы з маім сябрам дзяцінства Санем Македонскім выпівалі перад танцамі ў Палацы культуры завода шкловалакна. («Як звычайна», - з ленаватай няўважлівасцю заўсёднікаў кідалі мы барменцы.) У палацы нас чакалі другакурсніцы кааператыўнага тэхнікума Зіна і Ілона.
Свет яшчэ раз засведчыў сваю недасканаласць: мне падабалася шатэнка Зіна, а Македонскаму - бландзінка Ілона, у іх жа ўсё атрымалася наадварот. «Няхай выбірае жанчына», - прапаноўваў фаталіст Саня, але мая падагрэтая кактэйлем натура бунтоўна ашчаціньвалася, і мы працягвалі «хадзіць» учацвярых.
Роспачнай спробаю вырвацца з зачараванага чатырохкутніка сталася начная паездка на таксі ў тады яшчэ безнадзейна зачынены Спасаўскі манастыр, дзе мы зусім не чыталі малітваў, а пілі шампанскае, каб потым - даруйце, калі можаце, нам, Божа, і ты, нябесная наша заступніца Еўфрасіння - разбіць пляшку і шклянкі аб спярэшчаны мацернымі словамі манастырскі мур.
Пасля Зіна прыслала мне ў Менск ажно два лісты, што ўразілі не так дэманстрацыяй нечаканай вернасці, як узроўнем філалагічнае падрыхтоўкі будучых кааператарак. Зіна пісала, нібыта ў Ілоны ёсць новы «паринь», а яна, маўляў, па-ранейшаму ўспамінае мяне і «пикник на графских развалинах». аднак «всиму есть придел». Трэба было разумець, што хутка з'явіцца «паринь» і ў Зіны.
Читать дальше