Калі праз імгненне я адкрыў вочы, Юрка стаяў на тым баку прадоння. Мяне цягнула апусціцца на чатыры кропкі і перапаўзці гэтыя метры на карачках. Няхай у далоні і ў калені ўвап'ецца тысяча стрэмак - выцягваць іх у параўнанні з гэтай хвілінаю будзе суцэльнаю слодыччу.
Мост падаў у паветраную яму, а мае вантробы імкліва падымаліся да горла. Тым часам Юрка выняў з кішэні ключ, павярнуўся да мяне спінай і ціхамірна ўзяўся штосьці драпаць. Нейкая віхура сарвала мяне з месца і перанесла да Юркі. Азірнуўшыся, я згледзеў, што дошкі раз'ехаліся, і цяпер адтуль да нас перабраўся б хіба што кот.
На цёплай шурпатай паверхні быка Весялоў надрапаў сваё імя. Я таксама выцягнуў ключ, і побач з «Юрам» з'явілася: «Вова». Юрка падумаў і дабавіў дату нашага падарожжа.
Вы памыляецеся, калі лічыце, што пасля выпрабавання смеласці мы зрабіліся сябрамі. Спатрэбіліся восеньскія, а ўпрыдачу і зімовыя вакацыі, каб Юрка зноў загаварыў са мной, папрасіўшы дазволу глядзець у нас хакейны чэмпіянат свету.
Тагачасныя заўзятары памятаюць, што «золата» тады дзялілі паміж сабою вылучна каманды Савецкага Саюза і Чэхаславакіі. Мы «хварэлі» так зацята, што ад навагодніх святаў нарыхтоўвалі ляскоткі і сустракалі кожную закінутую «нашымі» шайбу дзікім крыкам і выбухамі. Праўда, у той час, калі Юрка Весялоў уладкаваўся поруч са мной насупроць чорна-белага «Нёмана», ляскоткі мы ўжо перараслі. Пачыналіся сямідзесятыя, і гульні «нашых» з «чэхамі» набылі палітычны падтэкст. Мінецца шмат гадоў, і на Старамескім пляцы ў Празе знаёмы чэх распавядзе, што ў іх гэта называлася: яны нас танкамі, а мы іх - клюшкамі.
Я пакрывіў бы душой, сцвярджаючы, быццам меў тады нейкае асабістае стаўленне да савецкіх танкаў каля Карлавага моста. Здаровага скепсісу, што паспеў пусціць парасткі ў маёй душы, пакуль хапала адно на тое, каб тушыць экран, калі з'яўлялася застаўка тэленавінаў. Бацька круціў ручкі нашай дабітай радыёлы «Беларусь» амаль штовечар, я ж настройваў прыймач на «варожыя галасы» адно дзеля суботніх музычных праграмаў.
Такім чынам мы - я, Юрка і бацька - глядзелі гульню з чэхамі: пляскалі, хапаліся за галовы, ускоквалі і нервова расхаджвалі па пакоі. Калі не лічыць ляскотак, усё ішло як звычайна, як летась і пазалетась, але трэцім вокам я заўважыў штосьці не тое. Бацька пляскаў неяк неўпапад, а перахапіўшы мой пагляд, хутка адвёў вочы. Напрыканцы першага перыяду я пераканаўся: бацька хварэе за чэхаў. Мала таго, на ягоным баку, паводле некаторых прыкметаў, быў і Юрка. Але і гэта было не ўсё: я разгублена адчуў, што якісьці спрытны антыпатрыятычны мікроб збунтаваў і маю душу. Я таксама быў далучаны да змовы. Гульню мы дагледзелі ў наструненым маўчанні, не імкнучыся абменьвацца нават позіркамі. Выдатна памятаю, што, нягледзячы на нашую здраду, «нашы» выйгралі. Мы паціснулі адзін аднаму рукі і па-мужчынску стрымана павіншаваліся з перамогай.
Хакей зрабіў тое, што аказалася не пад сілу мосту цераз Дзвіну: увесну мы з Юркам напраўду пасябравалі.
Гэтая падзея мела шмат наступстваў.
Па-першае, я атрымаў доступ да Юркавай бібліятэкі, дзе накінуўся на васьмітамовік Конан Дойла, а потым узяўся за зялёныя фаліянты «Сусветнай гісторыі».
Па-другое, я даведаўся, што Юрка марыць стаць журналістам-міжнароднікам і падарожнічаць па розных краінах. (Падзяліўшыся таямніцаю, ён узяў з мяне пісьмовую прысягу маўчаць.)
Па-трэцяе, дзякуючы Юрку, я ўпершыню выпіў віна. Мой дэбют адбыўся ў дзень заканчэння дзевятага класа. Мы сядзелі з Юркам у ягоным пакоі з кнігамі, і ён без усякай прадмовы вывудзіў з-за таўшчэзных тамоў «Сусветнай гісторыі» даўгую пляшку венгерскага рыслінгу.
Мы пілі кіслявы рыслінг з каньячных кілішкаў і закусвалі свежым батонам з разынкамі. Пляшка не паспела апусцець, а я без прывычкі ўжо бачыў Юрку нібыта праз тоўстае шкло акварыума. Юрка заявіў, што ён цвярозы, як вось гэтыя кнігі, бо кожнае лета ездзіць да сваякоў у Закарпацце, а там пачынаюць піць віно з дзіцячых садкоў. У мяне крэўных у Закарпацці не было, а таму пасля пары новых кілішкаў з кніжнае шафы мне выразна падміргнуў барадаты фотапартрэт Хемінгуэя. Спалохаўшыся, я прапанаваў прагуляцца. Юрка глыбакадумна адказаў, што ў такі дзень яму хочацца паглядзець на раку, і мы пайшлі на Верхні замак.
Там, над Дзвіной, якая памятала пра нашую адвагу, я загаварыў пра лёхі, што ў сярэднявеччы стваралі пад Полацкам падземны горад-лабірынт, а Юрка ўрачыста паабяцаў, зрабіўшыся журналістам, прывезці сюды міжнародную археалагічную экспедыцыю. Я ўжо здагадваўся, што такое мужчынскае сяброўства: гэта калі можна выпіць віна і адкрыць сябру любую таямніцу.
Читать дальше