У адрозненне ад Іркі, якая ўжо ў радзільні адмовілася ад малога і здавала з аднакласнікамі выпускныя экзамены, Ларыса пакінула дзіця сабе і ў школу не вярнулася. Пад час экзаменаў яе можна было ўбачыць з каляскаю ў парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя «Великого Октября». Шчаслівы татуля тады ўжо цягнуў тэрмін, бо аднаго разу ў традыцыйнай суботняй бойцы пад таполямі каля танцпляцоўкі пусціў у ход свой ножык, але не патрапіў уцячы ад міліцэйскага нарада. Калі я сустракаў Ларысу з малым, мне заўсёды думалася, што яе сын вырасце, парэжа каго-небудзь ножычкам і ўслед за бацькам пойдзе на зону.
Далейшыя звесткі пра Юрку Весялова не вылучаюцца паўнатой.
Ён таксама вучыўся ў Менску, аднак не на журналістыцы ва ўніверсітэце, як марыў, а чамусьці ў політэхнічным на архітэктуры, і мы не бачыліся. Адзіным выключэннем стаўся той раз, калі я адносіў Юрку перададзеныя з дому грошы.
Усе ложкі ў Юркавым інтэрнатаўскім пакоі былі занятыя: на чатырох спалі апранутыя хлопцы, а на пятым, абняўшыся, як кацяняты, - зусім голы Юрка і гэткая ж голая рудая дзяўчына настолькі вульгарнага выгляду, што яе адразу хацелася назваць бабай. На засланым газетамі стале сумавалі дзве патэльні з застылым тлушчам і тры ці чатыры пустыя гарэлачныя пляшкі. Мне ўдалося раскатурхаць Юрку, а яму - нейкім дзівам, нягледзячы на маладую бараду, пазнаць мяне. Ледзьве варочаючы языком, ён растлумачыў, што сёння свята - дзень птушак, і, не падымаючыся з ложка, паказаў пальцам на насценны каляндар юнага натураліста. Ягоная сяброўка перавярнулася ў сне на другі бок, і толькі тады, з цяжкасцю злавіўшы мой позірк, Юрка пагладзіў яе па белым азадку і прыкрыў той разам з астатнімі пышнымі вабнотамі коўдраю. «А табе - во!» - тыцнуў ён мне пад нос дулю і палез пад коўдру сам.
Перад адыходам я паспеў заўважыць, што адзін з Юркавых суседзяў не проста спаў, а быў моцна прытарочаны да ложка вяроўкаю. Распускаць марскія вузлы я на ўсякі выпадак не стаў.
Тады я вёў дзённік, дзе ўражанні ад гэтага новага Юркі ўвасобіліся ў вобразе (думаю, не надта ўдалым і дакладным) зламанага гадзінніка.
Напэўна, каляндар юнага натураліста, паводле якога жыў Юркаў пакой, меў шмат святаў, бо праз нейкі час да мяне дайшла чутка, што, ратуючыся ад выключэння, Юрка ўзяў акадэмічны адпачынак.
Жыццё ўжо даўно круціла нас па такіх далёкіх арбітах, што, атрымаўшы на апошнім курсе ліст з вайсковым штэмпелем, я хутчэй паверыў бы ў тое, што пра маю персону ўспомніў раптам сам міністр абароны, чым у тое, быццам мне можа напісаць Юрка Весялоў.
Штэмпель быў маскоўскі, але ліст прыйшоў з Афганістана.
Можна здагадвацца, у якіх шчамлётках адзіноты і безнадзейнасці апынуўся Юрка, калі - і гэта з ягоным характарам - называў мяне ў лісце адзіным сябрам.
Палова тэксту на двух лістках з вучнёўскага сшытка ў кратку засталася пад беспрасветным цэнзарскім атрамантам. Найбольш істотным у ацалелай частцы была згадка пра Валерку Акаркова. Юрка пісаў, што, калі яму давялося ўпершыню страляць у афганца, ён уявіў перад сабой Окарка.
Мяне дагэтуль кусае сумленне: чаму не адказаў Юрку? Можна ж было напісаць у Афганістан і прамаўчаўшы пра Окаркава вяртанне з зоны, як і пра тое, што ён жыў у Ларысы, пакуль праз пару месяцаў зноў не паехаў пад канвоем кудысьці ў Мардовію, пасля чаго Ларыса скруцілася з падазроным тыпам з Задзвіння і ўзялася гандляваць каля Палаца культуры шклозавода півам.
Больш салдацкіх лістоў - ні з маскоўскім, ні з якім іншым штэмпелем - мне не прыходзіла.
Фінал гэтае гісторыі я магу аднавіць толькі са слоў кліўлендца з двума адарванымі пальцамі, таму мая спроба будзе непазбежна пазначаная пячаткаю суб'ектывізму. Але ўяўленне малюе апошнія Юркавы хвіліны настолькі выразна, што я наважваюся выкласці сваю версію на паперы. (Відаць, тут прысутнічае і эгаістычнае імкненне пазбыцца сіндрому бензапілы, бо пасля вечара ў Кліўлендзе я не здольны спакойна чуць яе гук, і лепей не ўспамінаць, што чынілася са мною, калі днямі ў нашым двары спускалі стары бераст.)
Заплюшчыўшы вочы, я бачу вечаровую горную цясніну ў ваколіцах Герата. Бой адгрымеў зусім нядаўна, і ў паветры яшчэ стаіць пах парахавога дыму. Юрка з туга скручанымі рукамі ляжыць на спіне ў фіялетавым ценю вострай двухгаловай скалы, падобнай да раскрытай драпежнай глюгі. У ногі яму ўпіваецца тонкі шнур, хоць ні бегчы, ні нават паўзці з раздробленай галёнкаю немагчыма.
Стамлёны, з гарачымі вуглямі гагатавых вачэй камандзір афганскіх партызанаў ведае цану кожнаму слову і растуляе вусны не болей пяці разоў. «Жыць хочэш - бэры іслам», - грэбліва перакладае тлумач. Юрка не адказвае, гледзячы ў выцвілае ад спёкі неба, дзе, быццам зрэнка неабдымнага абыякавага вока, плавае сокал.
Читать дальше