А ў Палаце, у якую мы некалi сьмела ляцелi “галоўкай”, сёньня ня ўтопiш нават хударлявага (вiдаць, з прычыны каталiцкага iмя) каляманастырскага ката, ня кажучы ўжо пра ягоных эстонскiх рудых супляменьнiкаў, болей падобных не да катоў, а да ўкормленых лiсаў.
12.
На Янаў дзень у Эстонii паляць старыя чаўны, на якiх ужо небясьпечна выходзiць у мора. Для гаспадароў гэта заўсёды трагедыя, якую можна параўнаць з стратаю блiзкага чалавека.
Паром “Эстонiя” выглядаў зусiм бясьпечным... Помнiк ягоным пасажырам — чорная жалезная арка або мост з правалам. Мэтал пакрыты сотнямi iмёнаў i прозьвiшчаў. Сярод iх беларускае вока чамусьцi адразу знаходзiць напамiн пра адзiную беларуску. Зусiм маладой Вользе Мiнчуковай зайздросьцiлi: яна выйшла замуж за швэда i ехала ў швэдзкi рай, замест якога паром прывез яе ў рай без усякiх прыметнiкаў. Цiкава, цi ёсьць у ім Беларусь i Швэцыя, нацыянальныя й моўныя праблемы? Цi гатовы хто-небудзь з багасловаў адказаць на гэтыя пытаньнi? Калi ў раi нiхто ня ведае беларускае мовы, а ў апраметнай на ёй яшчэ гавораць, я моцна задумаюся...
13.
На мой дылетанцкi погляд, сярод усiх жывых i мёртвых удзельнiкаў выставы, прысьвечанай эстонскаму мастацтву XX стагодзьдзя, найбольшага посьпеху ў сучаснага спажыўца мастацкiх каштоўнасьцяў дасягнулi аўтары двух твораў.
Першы выкананы ў генiяльна простай тэхнiцы “вiдэа”: на адным экране юрлiвы маладзён пераключае каналы, у вынiку чаго на другiм, насупраць, зьяўляюцца аголеныя прыгажунi i страхалюдзiны, што, у сваю чаргу, выклiкае адпаведныя эмоцыi на твары ў маладзёна.
Аўтары другога шэдэўру карыстаюцца больш складанай тэхнiкай: “organic materials, canvas, video”. Арганiку ў гэтым пералiку рэпрэзэнтуе г... аднаго з аўтараў, iмя якога чамусьцi не пазначанае ў анатацыi, хоць ягоныя заслугi перад мастацтвам выглядаюць значна больш важкiмi за даробак калегi. Ананiмнае сьвiнчо ня толькi гадзiць, але i заўзята наварочвае лычом выяўленчы матар’ял на падрамнiк з палатном, у той час, як двухногi суаўтар усяго толькi здымае творчы працэс на вiдэа, каб данесьцi яго да вачэй i розумаў аматараў мастацтва.
14.
Пачуцьцё небясьпекi ўзьнiкла яшчэ на эстонска-расейскай мяжы, за якой нiбыта памацнеў вецер i адчувальна апусьцiлася тэмпэратура. Яно ўзьнiкла i не пакiдала і ў згалелых вёсках, дзе няма ды, здаецца, нiколi й не было нi садоў, нi пчальнiкоў, нi гародчыкаў, i ў раённых расейскiх гарадках, якiя праглася як найхутчэй прамiнуць, не скiдаючы хуткасьцi, як гэта бывае ў нью-ёрскiм Гарлэме або ў “чорных” раёнах Вашынгтону. Не пакiдала i сярод занядбаных палёў з пакiнутым трактарам i нейкiмi невысокiмi асьнежанымi грудкамi, што пасьля апошнiх тэленавiнаў з Грознага найперш асацыяваліся з прыцярушанымi сьнегам трупамi.
Адтуль, з глыбiнi выстылага й сьцiхотна-пагрозьлiвага ў сваёй закiнутасьцi “русского поля” i выплыла галоўная выснова гэтае вандроўкi. Выснова, што пачала фармулявацца яшчэ дваццаць гадоў таму ў Ноўгарадзе, калiсьцi Вялiкiм, дзе ў нядзелю гараджане выходзiлi на шпацыр па цэнтральнай вулiцы ў стаптаных пакаёвых тэпцях i спартовых трыко.
Пасьля, у нячастыя вiзыты ў братнюю Расею было намешана ўсяго: некалькi дзён у шыкоўным гатэлi “Масква”, дзе забiлi Янку Купалу; прыбiральшчыца на Казанскiм вакзале, што ўначы будзiла пасажыраў, “падмятаючы” мокрым брудным венiкам iхныя твары; сустрэчы з разумнымi й адукаванымi калегамi-лiтаратарамi, якiя ня верылi, што ў Менску няма беларускiх школаў, але, урэшце, ня надта засмучалiся, бо расейскiя школы ў Менску былi; бязьмежная расейская гасьцiннасьць i абванiтаваныя сьцены ўладзiмiрскага Ўсьпенскага сабору, якi размалёўваў генiяльны Андрэй Рублёў... Але толькi цяпер, пасьля невялiкай, утульнай, ужо амаль эўрапейскай Эстонii, у час нялюдзкiх гекатомбаў богу iмпэрыi ў Iчкерыi, у разгар якiх была падпiсаная гэтак званая саюзная дамова Беларусі з Расеяй, толькi цяпер, на самым ускрайку тысячагодзьдзя, гэтая выснова легла ў ляпiдарную формулу: КРАIНА БЯЗ БУДУЧЫНI.
У нас ёсьць i застаецца Вялiкая мара — невялiкая ўтульная эўрапейская Беларусь, iдэальны вобраз якой пачне ўвасабляцца ў XXI стагодзьдзi. У iх мары пра такую краiну няма ўжо хаця б з тае прычыны, што няма адпаведнай тэрыторыi, ня кажучы ўжо пра традыцыю цi мэнтальнасьць. Узарваная, расстраляная, разбамбаваная, раскрадзеная, замочаная ў сарцiрах i мара iншая. Колькi б крамлёўскiя дачасьнiкi з прыдворнымi нi паўтаралi заклёнаў пра Вялiкую Расею (што сёньня мае бюджэт, роўны бэльгiйскаму), кожны зь iх i сам з болем цi безнадзейнай абыякавасьцю разумее: наперадзе толькi дэфолты, палiтычныя забойствы, войны, галеча, бунты, “ликующая бессознательность” (М. Салтыкоў-Шчадрын), сэпаратызм, як па-расейску завецца iмкненьне народаў да незалежнасьцi, i ўрэшце — канчатковы распад iмпэрыi, у крывавых канвульсiях якой, магчыма, i здолее нарадзiцца новая руская iдэя. Iдэя свабоднай нацыi. Бо ня можа быць свабодным народ, што панявольвае iншыя народы.
Читать дальше