— Я вам хлебца пакіну і малачка. А крупнік падагрэю, яшчэ прынясу. Папалуднаваць. Дык ляжыце, набірайцеся сілы, — сказала яна і ўздыхнула, загароцілася. — Можа, і мой сынок дзе так ляжыць. Калі жывы дзе. А можа, ужо ў зямельцы...
— Ды не, — паспрабаваў суцешыць яе Азевіч. — Калі малады, дык недзе ў войску. Там усё ж Чырвоная Армія, забеспячэнне, абучэнне. Ваяваць будзе.
— Каб жа хоць яго як пабядзілі, немца гэтага. А то во прэ і прэ, — сказала побач цётка і толькі цяжка ўздыхнула.
— Пабядзім, — адгукнуўся ён з кволай упэўненасцю — Не можа таго быць, каб не пабядзілі. I лепш будзем жыць. Справядлівей, чым да вайны. Усё ж класавая барацьба скончыцца, ворагаў не будзе.
Цётка не надта спрытна пачала ўставаць з гарохавіння.
— Каб жа не было, а то ўсё кругом ворагі і ворагі.
Азевічу здалося, што ў тых яе словах стаіўся пэўны недавер да таго, што сказаў ён. Але ён сказаў шчыра. Ён дужа хацеў верыць, што пасля ўсяго перажытага да вайны і ў вайну, асабліва калі выганяць фашыстаў, жыццё дужа пераменіцца. Усё ж людзі, з'яднаныя братняю справай, павінны пазбыцца класавай, партыйнай ды якой іншай варажнечы і зажыць па справядлівасці. Колькі ж можна ваяваць між сабой?
Толькі ці давядзецца дачакаць таго залатога дня гэткім, як ён? Наперадзе яшчэ колькі змагання, небяспек і пакут. Немцы, праўда, далёка, у гэтай вёсцы, можа, іх і не бачылі. Затое тут уладараць паліцаі. А колькі ў астатніх вёсках тых паліцаяў? Асабліва ў вялікіх. Ужо акупанты паклапаціліся, панастаўлялі сабе памагатых, навербавалі. Тым болей вербаваць было з каго, знайшлося добраахвотнікаў. Ці тых, што пайшлі на іхнюю службу з нявыкруткі: або ў партызаны, або ў паліцыю. Як тыя акружэнцы, уцекачы, палонныя з лагераў. Во яшчэ з кім ваяваць прыйдзецца. З сваімі!
— А дзе ж Іван твой? — асцярожна папытаўся Азевіч.
— А хто ж яго ведае, — проста адказала цётка. — Як узялі, дык дасюль ні слыху ні дыху.
— Хто ўзяў?
— Ды свае. Энкэведзісты. Быў жа брыгадзірам у калгасе, усё рабіў, як загадвалі. Нават парцейцам стаў, на сходы хадзіў. Дык узялі. Ноччу прыехалі з раёна, начальнік той Мілаван і з ім яшчэ двое. Ператрэслі ўсё, перарылі і забралі. Як ішоў, казаў, што памылка, разбяруцца і выпусцяць. Ну, я і чакала. Тую вясну чакала і лета. I год мінуў, і другі. Нічагусенькі. I завошта прапаў чалавек?
Цётка зноў змарнела тварам, апанурылася, утаропілася позіркам кудысь за гарохавінне. I ён не суцяшаў яе, не пытаўся болей нічога. Ды і што ён мог ёй сказаць? Дзе яму было браць тыя словы апраўдання ці суцяшэння?
— Гэта ж адсохла ў мяне ўсё, чакаючы. Каб жа была правінка якая, каб ён дзе зрабіў што не так, насупроць, ці ўзяў чужое. Дык нідзе ж нічога. Такі быў сумленны — і дзяцюк, як замуж ішла, і пасля, як мужчынам стаў. Ніколі, бывала, ні словам не зачэпіць, ні барані Бог, — рукамі. Усё чакала-чакала... Бразне дзе чым скаціна, здаецца — ідзе. Мільгане хто ля вакна — Іван ідзе. Ноччу, здаецца, шапоча. Прачнуся — нікога. Мабыць, ужо не дачакаюся...
— Гэта добра, калі хто чакае... Жонка павінна чакаць, не тое што некаторыя, — падумаўшы, сказаў Азевіч.
— Анягож. Некаторыя ж зусім не чакаюць. Вунь Сёмкава Агата, як узялі, дык праз месяц ужо з другім залётала. Адмовілася, кажуць, ад мужыка, ворага народа. Ці Тэкля з Кажанаў. Ну, але я не магу так. Як гэта я адкажуся? Ад свайго мужыка? Можа, дзе мая пажаданка яму паможа. Як паддзержыць. А то, глядзі, і выпусцяць.
— А што, было так, каб выпусцілі? Каб хто вярнуўся?
Цётка раздумна паківала галавой:
— Неа, у нас не чуваць было. Можа, дзе і выпускалі, але ў нас ніхто не вярнуўся. Усіх недзе там панішчылі. Звярыныя людзі.
Можа, і не трэба, каб выпусцілі, каб вярнуліся цяпер, па вайне, не ў лад са сваімі пачуццямі падумаў Азевіч.
Вунь Вайцяшонка выпусцілі, дык што карысці? Добра яшчэ, не пайшоў да немцаў, пэўна таму, што інвалід усё ж. А каб здаровы? Ці яму адкараскацца тады ад паліцыі? Не, тыя, што там пабылі, ужо прапашчыя для Савецкай улады.
Але ж гэта во цётка... Хоць там не пабывала, але ж мужыка страціла. I во глядзі — выхаджвае яго, аднаго з тых, хто тады кіраваў, ладзіў уладу. I не толькі біў жорны...
Цяжка было яму зразумець тое, ды ён надта і не стараўся пранікнуць у неразгаданыя загадкі жыцця. Хапала яму вайсковых загадак. I найбольшаю з іх быў ягоны ўласны загадкавы лёс — як быць, куды кіраваць? Добра ўтаміўшыся ад размовы з цёткай, ён неўзабаве заснуў. Сніўся яму нейкі дзіўнаваты сон, быццам ён ходзіць па кветніку, такім, як у суседа-бухгалтара, толькі кветнік гэты на цэлае поле, і ўсё навакол абсеяна півонямі — і нехта кажа яму, што за кветнікам роў, можа, каб напіцца вады з ручая, але як ён дайшоў да рова, дык убачыў там кроў. Кроў лілася з кветніка, цурчала з голых абрываў на тым беразе, крывавыя ручаі сцякалі ў дно і нікуды болей не цяклі, кроў сабралася там у глыбокую сажалку. I тады ён убачыў, што і ягоныя рукі ў крыві і што ён імкнуўся сюды, каб памыць іх, толькі як жа і дзе тут памыеш? Тут яшчэ болей запэцкаешся. Тады ён пачаў выціраць рукі аб вопратку, найперш аб шынелак, які недарэчна вісеў на ім у гэты спякотны летні дзень. I тут аднекуль паявіўся ягоны бацька чамусьці з Белалобікам, уклаў повад у яго руку, а сам паляцеў-паляцеў у паветры над ровам. Ягор хацеў крыкнуць, каб вярнуўся, не ляцеў, бо ўпадзе, але бацька хутка знік недзе, здаецца, узляцеў у неба. I тады на тым абрывістым беразе рова паявіўся нацдэм Дарошка. Нібы вясковы дзед, той стаяў чамусьці ў нейкім белым убранні, прасціраючы рукі над ровам, і нешта не то абвяшчаў, не то маліўся ці праклінаў каго, а абапал яго цурчалі з абрыву крывавыя ручаі. Ягору зрабілася жудасна, ён хацеў уцячы, але раптам здалося, што Дарошка просіць паратунку, хоча з таго берага перабрацца на гэты, ды неяк. I памагчы яму не было як. Ад невыноснай пакуты Азевіч намогся і прачнуўся.
Читать дальше