Добра адышоўшыся ад яе, азірнуўся і ўжо нічога не ўбачыў у змроку — вакол ляжала ветранае начное поле, рэдка, бы соллю, прысыпанае ў доле снегавой крупой. Пасля сенажаці пад нагамі зашэрхаў іржэўнік, разы два яму трапіліся голыя палявыя дрэвы — мабыць, ігрушыны. Некалькі разоў ён натыкаўся на невысокія, ледзьве прыкметныя ў доле валікі барозны — то былі новыя аднаасобніцкія межы, пасля падзелу зямлі. Значыцца, падзялілі ўжо пасля колькіх гадоў абагульненага землекарыстання. I ён успомніў, якой калатнечы каштавала калісьці ліквідацыя тых межаў, з якой неахвотай даводзілася іх заворваць. У Судніках, памятае, сусед забіў суседа, які раней уступіў у калгас і пераараў іх агульную мяжу. А тут глядзі, як хутка размежаваліся. За гады так і не прызвычаіліся, каб разам, на агульным. Яно, можа б, і прызвычаіліся б, каб гэта было добра, каб той калгас даваў хоць бы хлеб для пражытку, а то... Адна нэндза і галадуха да самай вайны. Толькі і ратавалі, што агароды, тыя сорак сотак, з якіх кармілі дзяцей, старых ды яшчэ і здавалі дзяржаве. Выконвалі пяцігодкі. Мацавалі абарону. Не дужа, аднак, умацавалі.
Неўпрыцям ён ужо стаў спакайнець, адыходзіць ад крыўды на Вайцяшонка. Можа, і сапраўды той меў рацыю. Невядома, як бы на яго месцы зрабіў Азевіч, але на сваім іншага шляху ён выбраць не мог. Прыстаць да немцаў яму было неяк. Па-першае, не прымуць, усё ж райкомаўскі служачы, бальшавік, па-другое, пабываў ужо ў лесе. У атрадзе Віткоўскага. Пра ўсё тое, напэўна ж, яны ведаюць — перабежчыкі праінфармавалі. Цяпер не дай Бог яму трапіць да паліцаяў ці да немцаў — літасці не будзе. I ў каторы раз ён пачаў думаць, што найлепш было б перабрацца да сваіх, трапіць на фронт.
Толькі дзе той фронт? Як дайсці да яго? Глядзі, ляжа зіма, нападае снег, а ў яго, як на тую бяду, адарвалася падэшва, якая так замінала хадзе, што аж забалела нага. Увесь час трэба было яе ставіць бокам, падымаючы вышай. Ад таго важка боўтаў па сцягне наган у кішэні шыняля, і ён пераклаў зброю за пазуху, так стала зручней. З поля ён неўпрыцям прыбіўся ў змроку да ўзлеску і спыніўся. То быў невысокі хмызняковы лес, ён суцэльнай цёмнай сцяной нібы перагарадзіў яму шлях, і Азевіч спыніўся, памеркаваў, у які бок лепей падацца. Лезці ў змрочны лес ён не хацеў. Тады, можа, першы раз на ветры яго скаланула дрыжака — ды так моцна, што ён падумаў — халера, каб не захварэць. Ды і адчуў, што замарыўся, дыханне стала нейкае бы гарачае, з горла падступала гаркота, дужа карцела спыніцца, перадыхнуць. Але ўсё ж на хадзе было сугрэўней, і ён пайшоў уздоўж лесу. Пад нагамі шорхаў сухі быльнёг, кустоўе ён абмінаў зводдаль, каб не налезці на якое сучча, не зачапіцца. Усё ж зачапіўся за штосьці ў доле і ўпаў. Не дужа пабіўся, але і не паспяшаўся ўставаць, пераваліўся на бок у мёрзлай траве, хвіліну счакаў. Потым памалу, з натугай узняўся на ногі, зноў пабрыў па полі.
...Тады Азевіч не думаў, надоўга ці не, але застаўся і пачаў новае жыццё ў Ісакавай стадоле. Першую ноч пераначаваў добра, хоць і скалеў, як чорт, а наступныя дзве ночы быў у паездках па раёне — адну ноч пераначаваў з Зарубам у Кляшчоўцы, а другую зноў у Кандыбічах. Заехаць дамоў усё не выпадала, дык на тыдні да яго завітаў бацька. Прыехаў у выканкомаўскі двор, і яны там сустрэліся на стайні. Бацька быў нейкі заклапочаны, устрывожаны, мусіць, не падабаўся яму той ранні вылет у людзі ягонага сына. Ён гаварыў усё, распытваў, як і што тут, у мястэчку, а сам не мог сагнаць з вусатага твару клопат і ўсё трудна ўздыхаў, вохкаў. Ягор супакойваў яго як мог, ды і чаго было дужа трывожыцца?
Усё ж ён сярод добрых людзей, між начальства, пры важнай справе, можа, не прападзе. А праца? Не горшая, чым на гаспадарцы, кішкі рваць не трэба, не ў лесе на дзялянцы. Галоўнае, глядзець каня, даглядаць у час. Але тое Ягор умеў, тое рупіў з дзяцінства. Бацька перадаў што-нішто з харчоў — сала, пару кілбас, матка прыслала змену чыстай бялізны, запрашалі прыехаць калі, папарыцца ў лазні. Але Ягору было не да лазні — вольнага часу выдаралася дужа мала, ды і той займала вучоба. Тры разы на тыдзень камсамольцы збіралі гурток ленінізму, вывучалі ленінскія працы, тады якраз чыталі "Крок наперад, два крокі назад".
Не сказаць каб Ягору было цікава тое слухаць, але было сорамна не адказаць на пытанне, асабліва як пыталася Паліна. Тая была намеснікам камсамольскага сакратара ды іншым разам кіравала заняткамі. Мабыць, яна была старэйшая за Ягора, хоць і не нашмат, але выглядала зусім маладой дзяўчынай з нейкім востранькім, праніклівым позіркам, які не то дражніў, не то ўвесь час нешта выпрабоўваў у субяседніку. I часта ўсміхалася. Ягор тайком любаваўся ёю, асабліва як яна выступала ці расказвала пра ленінскія запаветы. Працавала яна ў жаночым аддзеле і была намесніцай загадчыцы, старой бальшавічкі Іды Шацман.
Читать дальше