Было дзевяць вёрстаў дахаты, стары гасцінец, па якім у свой час нямала выхадзіў ды выездзіў i я...
З матчыных расказаў пра зусім малога Валодзю помніцца тое, як ён, дачакаўшыся бацькі з Адэсы, спаць лажыўся ў абдымку з яго чыгуначніцкай шапкай,— каб той ноччу не ўцёк у свой далёкі таямнічы Горад, каб потым зноў так доўга не прыязджаць. I такое яшчэ — як ён аднойчы, ужо крыху старэйшы, некуды знік, прапаў, i мама была ў вялікай трывозе. «Можа, дзе ў Каралевец ужо з віціннікамі заплыў?!» Ад гэтага сказа, які дакладна запомніўся, добра пахне мне роднай гісторыяй. I Каралевец, а не Кёнігсберг, i віціны, віціннікі, да якіх на Нёман, шэсць вёрст па нашай ціхай лугавой Вушы, не наўда i дабрацца. Прынамсі, ва ўяўленні запрацаванай, спалоханай маладзіцы. Яшчэ ж i гаварылася — i тады, i ў маім маленстве: «Лусту адкрою табе тоўстую, як віцінніку!..» Чалавеку цяжкай працы.
Малы Ігнась не толькі вучыўся лепш за Валодзю, гультаяватага «бацькавага пестуна», не толькі пайшоў у школу не зусім шасцігадовым, але наогул быў у нейкай меры вундэркіндзікам. I сястра Віліта, i наш сусед Алесь Шут, калі яны ў сорак шостым сустрэліся з Ігнатам у Загоры i трохі паўспаміналі свае школьныя гады, весела называл! яго, пажылога ўральскага выкладчыка, Сусаніным.
Гэта ix першая настаўніца так яго называла, калі на праходцы з вучнямі па зімовых сцежках пускала яго першым у ланцужку малечы. Гноміка ў гарадскім башлыку.
Мама расказвала i пра яго «распусту».
У наваколлі нашым былі тады маёнткі ды маёнтачкі. У адным з большых, што называўся Уцехай, у пана Анцуты быў аканомам беларус Дзядзюшка. Ездзіў на пары, у брычцы, i для вёскі быў панам. I вось аднойчы з чародкі малых, калі гэты пан ехаў ступою, наш Сусанін гукнуў на яго: «Дзядзюшка-пярдзюшка!..» А сам наўцёкі. Пан аканом не паленаваўся спыніцца, спытаўся ў дзяцей, чый гэта хлопец, зайшоў у наш двор, балазе недалёка, i паскардзіўся гаспадыні, нават i пакрычаў. Маці знайшла распусніка і, хоць пан ужо i пайшоў, дала дурноце махроў. Яна не толькі потым, удавою, ужо для Мішы i мяне, была ў выхаванні строгай.
Яшчэ пра сябе, гледзячы на другіх.
Думаю вось, якія ў нашага бацькі былі пачуцці да Валодзі, першага сына, i якія да мяне, апошняга? Пасля дзвюх дачок, калі адной было пяць, а другой тры,— нарэшце першы сын!.. А я нарадзіўся, калі яму было сорак сем. Пра гады, якія мне вельмі мала помняцца, пазней, калі ўжо бацькі даўно не было, мама неяк успамінала: «З каленяў не спускаў, па галоўцы ўсё гладзіў». I першы здымак такі, трошкі на трэцім годзе — на бацькавых каленях.
У «Птушках i гнёздах» раздзел «Падарожжа ў найлепшае» i тая асаблівая сцэна ў ім, дзе смяротна хворы бацька, калі мы былі адны ў хаце, прасіў мяне маліцца за яго, бо «молитва ребенка услышится», напісана з памяці, без выдумкі.
Я не мудрую з кампазіцыяй i тут — гэта проста частка ўспамінаў з тых леташніх сакавіцкакрасавіцкіх дзён, калі — ад званка да наведання
Быкаўні, да спаткання з Валодзевай справай — нямала думалася пра адно. I запісы рабіліся.
Я, вядома, хацеў ехаць у Кіеў адразу, аднак абодва карэспандэнты «Литературной газеты», якія былі мне там неабходныя для пачатку, службова выязджалі на даўжэйшы час. Пасля надарылася зручная прычына пабываць i ў Адэсе, i ў Кіеве, а можа, думалася, i ў Белай Царкве,— мяне запрасілі на Шаўчэнкаўскае святочнае падарожжа ў палавіне мая па Дняпры, ад самага Чорнага мора.
МАЯ АДЭСА
Трэба вярнуцца ў жнівень сорак дзевятага. Тады мне было трыццаць два, жонцы дваццаць восем, а нашай Галі, старэйшай, няпоўныя чатыры. Да гэтага часу малая паспела шмат адпакутаваць. Блізу год ляжала ў пасцелі, ад каленяў да грудзей закаваная ў гіпсавую шкарлупу, поўзала ў ёй, як чарапаха, па падлозе, да болю жаласліва прасілася «на ручкі», а потым, вызваленая з гіпсу, зноў пачала вучыцца хадзіць. Пажылы, культурна дасціпны прафесар, які i наша дзіця выратаваў ад калецтва, павіншаваў мяне з перамогай i загадаў:
— У Крым, таварыш дарап, у Крым!..
Жнівень, амаль да канца праведзены намі ў краі шчодрага сонца i цёплай вады, якая дзень-ноч набягала то меншымі, то большымі хвалямі на чысценькі мяккі пясок, прайшоў надзвычай хутка. Ды ўсё ж дзяўчынка наша паспела добра загарэць, пасмялець у хадзе i «аддаць рыбкам» ледзь не ўвесь запас сваіх трусікаў, якія ласкавае мора ахвотна брала з яе вясёлых рук.
I вось мы вяртаемся. Ужо не едзем у вагоне, як сюды, а плывём. На палубе цеплахода — маленькая малпа Яшка, якою ўвесь дзень заняты многія пасажыры, асабліва такія, як наша. Яна — пад пільным, шчаслівым наглядам мамы. А мне прыемна стаяць бліжэй да самага носа нашага судна, паміж спакойным морам i ясным небам поўдня...
Читать дальше