«Хлопчык, відаць, не ўявіць бусліны вырайны шлях, як я. Куды яму з яго веданнем свету! А свежасць радасці жыцця ў мяне амаль такая ж, мусіць, як i ў яго...»
Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць.
Белы сцяг вясны...
Тады ж адразу, адчуўшы гэта, я ўспомніў, што з'яву такую першы назваў так Міцкевіч, што, панашаму, па-пісьменніцку кажучы, гэта чужое.
У яго толькі трохі інакш:
Во już bocian przyleciał do rodzinnej sosny
I rozpiął skrzydła białe, wczesny sztandar wiosny.
Не белы сцяг, a ранні. I не складзены так, як у гэтага, што на ліпе, а распасцёрты ў палёце.
Прыйшла вясна, а потым пачалося лета. Тыдзень за тыднем мяне непакоіў той сцяг. Ездзячы па многіх вёсках i палях, бачачы ix, буслоў, я ўспамінаў таго, на голай ліпе, i дакараў сябе, што вось жа ніяк не магу адчапіцца ад думкі, дзе тут, у радасці гэтай, мае, дзе чужое.
Гэтая думка, гэты шчымлівы клопат вярнуўся i цяпер, ліпеньскім сонечным адвячоркам.
Чаму гэта — «літаратуршчына», «кніжнасць», калі я, гледзячы на буслоў, зноў вось успамінаю Міцкевіча? Цяпер ужо не аднаго, а з Рыльскім. Яшчэ вясной ад неспакою свайго я перачытваў ягоны пераклад «Пана Тадэвуша»: толькі тую мясціну, дзе даецца малюнак надзвычай ранняга вяртання з выраю.
...Дочасно чорногуз на сосну прйлетів,
Де вже не рік, не два гніздо його чорніло,
I крилы розіп'яв, неначе прапор білий...
Акадэмік, які i ў сівай старасці мог па-малечы хвалявацца, злавіўшы от сабе акунька (я гэта бачыў тут, над Нёманам), Максім Тадэевіч любіў навуковую дакладнасць. Да «білого прапору» ім зроблена заўвага перакладчыка:
«Паэтычная вольнасць: у сапраўднасці бусел, маючы белае тулава i шыю, крылы мае чорныя.— М. Р.».
Ха, ха!.. Прыемна ўсё-такі i ў акадэміка знайсці пралік!.. Гледзячы з-пад дуба на буслоў у палёце, знізу над крылы, бачу: яны не белыя, як у Міцкевіча, але ж i не чорныя, як у Рыльскага. Яны чорнабелыя. Во!
Але i гэта не ўсё. I тут я не зусім арыгінальны. Станіслаў Пігань, яшчэ адзін акадэмік, польскі, у заўвагах да «Пана Тадэвуша», апраўдваючы паэта, піша: «Крылы ў яго «распрасцёртыя», г. зн. бачныя знізу, робяць уражанне белых».
Але не ў гэтым для мяне галоўнае. Далей ён піша:
«Падобнае акрэсленне бусла з распасцёртымі крыламі як белакрылага знаходзім мы яшчэ ў Авідзія».
Вунь ажно дзе ды калі!.. Усе яны — украінец, пал як, старажытны рымлянін — ішлі ад жыцця, вялікая паэзія звязана з ім непарыўна, яна сама — жыццё, увекавечанае ў слове.
I нежыццёвым, непраўдзівым было б замоўчваць, як, гледзячы на тое, што я бачу сам, я i ўспамінаю сказанае — ад перажытага — іншымі, перажываючы яго па-свойму, зноў.
Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою.
1971
Маленькая сага
ДЗВЕ ПАХАРОНКІ
У жніўні сорак дзевятага, кал i я, праз дваццаць сем гадоў пасля таго, як мяне вывезлі з Адэсы, наведаў горад майго пачатку, з ім нас, мяне i жонку з нашай малою дачкой, знаёміла ўдава майго найстарэйшага брата.
Таго амаль легендарнага Валодзі, які павінен быў забраць мяне з заходнебеларускай вёскі ў савецкі горад, як толькі я падрасту, а брат, закончыўшы свой сельгасінстытут, усталюецца ў пэўную самастойнасць. З гэтым не атрымалася... А ў трыццаць восьмым Валодзю закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам у саўгасе.
Братавая Надзя да сваіх сарака чатырох пастарэла ў злыбедах жонкі «ворага народа», працавала кандуктарам трамвая, жыла ў пакойчыку старога дома з падлеткам сынам. На гэты дзень яна ўзяла адгул. Калі мы селі ў трамвай i я хацеў узяць білеты, Надзея Іванаўна шапнула:
— Не надо, Ваничка. Кондуктор — моя знакомая, проедем и так.
Усмешка яе бядняцкай задаволенасці, што можа вось i так яшчэ пачаставаць дарагіх гасцей, запомнілася мне ледзь не поруч з яе расказам пра першае i адзінае спатканне з арыштаваным мужам.
Познім зімовым вечарам, нарэшце падпільнаваўшы, дачакаўшыся таго, ад каго гэта залежала, яна ўпала перад ім на калені, у снег, i ён — надзіва — дазволіў спатканне.
Валодзя быў скатаваны, у пашматаным, выбруджаным адзенні, i ён здолеў неяк шапнуць ёй:
— Я ничего не подписал.
У вёсцы маці расказвала мне, хлапчуку, што ён быў гарачы i горды... Згадаю дзве паперыны.
Рабочы хлопец, шафёр аўтобуса, наведаў мяне ў бальніцы. Усім, хто прыходзіў, я быў, вядома, рады, аднак з асаблівай удзячнасцю, з прыемным здзіўленнем сустрэў гэтага госця. Мы зрэдку перазвоньваліся, сустракаліся яшчэ радзей, але ж вось ён дачуўся, сабраўся i перадачку прынёс. Я памятаю яго яшчэ няўрымслівым падшпаркам, у апошнім ваенным годзе; сустракаўся з яго старэйшым братам, прыгожым, выхаваным юнакбм, перад самым яго адыходам у армію; ведаў іхнюю маці, прыбіральшчыцу, ціхую, цягавітую кабеціну з дабрадушнай усмешкай. I ў беднасці, i ў ваенным ліхалецці яна здолела падняць сваіх гарушчых мальцаў людскімі ды не распуснымі, як i хацеў бы ix бацька, які прапаў недзе ў лагеры. Калі мы з маім нечаканым госцем, я лежачы, ён седзячы, гутарылі паціху, між іншым успамінаючы яго маму i брата, ён дастаў партманэ, пашукаў у ім i падаў мне паперыну.
Читать дальше