* * *
Пазаўчора ў Мінску, а сёння ўжо тут, на дачы, чытаў «Аўтабіяграфічную прозу» Цвятаевай. Успомнілася, як недзе калісьці чытаў што Марына Іванаўна ў эміграцыі, у Празе i пасля, сябравала i перапісвалася з Валянцінам Фёдаравічам Булгакавым. Я ж таксама... добра знаёмы, а можа i ў дружбе быў з ім, i перапісваўся, i двойчы сустракаўся ў Яснай Паляне, з-за чаго i з ёю, Цвятаевай, адчулася нейкая блізкасць душэўная, цяпло прыхільнасці.
* * *
Сямейнае, святочнае:
Без двух няпоўных месяцаў мне восемдзесят шэсць, яму было ўчора сорак сем. Калі віншаваў яго раненька па тэлефоне, пакуль не выйдзе на працу, само неяк сказалася: сынок.
Лясное, не ў гушчары:
Наторкалі навокал соснаў ды бярозаў за кампанію таксама гонкіх, адна ў адну... Некалькі дзён так бачылася.
* * *
Надрэчны, прылясны закутак, прыгожы восеньскі адвячорак. Я любаваўся гэтым пазалетась. А цяпер у сонечна-зялёным чэрвені, таксама адвячоркам, мой у свой час апісаны пейзаж пакрыўся рухомым, чорна-пярэстым статкам каровячага маладняку. Гладкія, вясёлыя цялухі на супрацьлеглым беразе ракі, адхонным, як у бродзе, спусціліся напіцца, тоўпячыся мірна i задаволена смокчучы жывую, чыстую ваду. Адны, удосталь напіўшыся, a ўсё ж нібы й нехаця адыходзіліся зноў на траву другія замянялі ix, i так памалу, няспешна ўсе напіліся i пачалі спакваля разбрыдаццана пашы.
I тут, можна сказаць, прыйшло i незвычайнае, лепш — нечаканае для мяне, назіральніка з вышэйшага берагу пад маладымі дубамі. Каля статка, што варушыўся, на радчэйшым ускрайку яго, пачалі прызямляцца буслы — адзін, потым другі i трэці...
Успомнілася перадваенная загорская касавіца. Як яны, буслы, хадзілі каля касцоў, якія выпуджвалі з травы пахаваных ад небяспекі жабаў што сваімі падскокамі на пакошы дапамагалі буслам заўважаць ix.
Так ім, буслам, тут пачаў памагаць i не галодны, спатолены Нёманам статак. Што ж, няхай сабе, думалася ў спакойным замілаванні ідыліяй, няхай... Ды вось адна з цялух, больш няўрымслівая, можа, якраз тая, што на падыходзе статка да вадапою адбілася была ад гурту ўбок, i пастухоў памочнік аўчар службовым брэхам заганяў яе да ўсіх, а яна ўцякала ад яго з падбрыкваннем i задраным хвастом, цяпер знайшла сабе забаву іншую — пайшла ў наступ на аднаго з буслоў. Ён спачатку не надта ўцякаў ад яе «ўрожкаў» спешна цыбатай пехатою, а потым замахаў крыллем i мусіў такі ўзняцца i адляцець, каб неўзабаве зноў далей ад гладкай дуроніцы прызямліцца... Ён жа на працы, у яго ж сям'я!..
* * *
Добра спяваецца ў адзіноце, самому сабе. Каля сёмай гадзіны раніцы, на глухой лясной дарозе, крыху стаміўшыся, прысядаю на даўно знаёмым пяньку бярозавага вываратня. А тут, нібы спецыяльна падляцеўшы, зусім поблізу закукавала зязюля. I я таксама азваўся рэшткамі былога голасу, заспяваў адну з любімых, палтаўскіх:
Летіла зозуля через мою хату,
Сіла на калйні тай стала кувати.
Зозуле, зозуле, чого ж бо ты куеш,
Чи ти, зозуленько, мое горе чуеш?..
Малады, бязвыходны сум дзяўчыны, закаханай у сямейнага.
Козак мае жінку, тай діточок двое,
Тай діточок двое, чорняві обое.
Паўторы не запавольваюць песню, аўзмацняюць яе:
Тай діточок двое, чорняві обое...
Краеться серденько на четверо мое.
Апошнія два радкі хвалююць найбольш, колькі б разоў я ні спяваў ix, пачуўшы песню на кактэбельскім узмор'і, ад украінак, пісьменніцкіх жонак i дачок-падлеткаў у жніўні 1949-га.
Сёння гэтую песню мне нагадала, дзякуй ёй, зязюла наша. Песня ў мяне яшчэ не закончылася, a ўжо выклікала з даўняй памяці другія. Зноў убачыўся калодзеж на роднай сядзібе, вакол якога пара падзяўбсці калуном ды ітрыбраць лішйюю наледзь, саснова чысценькае карыта, з яісога празрыста сцюдзёную ваду няспешна п'юць дзве спраўныя кабыліцы, а я, юнак, не ім жа, а сабе спяваю волжска-ямшчыцкую, таксама адну з любімых:
О барин добрый, скоро Святки,
А ей уже не быть моей, -
Богатый выбрал да постылый,
Ей не видать отрадных дней.
Тут ужо блізка да роднай «Рэчанькі», з яе чароўнай мелодыяй i заключнымі, глыбока паэтычнымі радкамі:
А як жа мне поўнай быць,
З беражкамі роўна плыць, -
Янка коніка паіў,
Маня воду чэрпала...
Колькі вып'е разумны сябар конік, колькі можна начэрпаць шчасця двума вёдрамі!..
У маім, так сказаць, «хутаранскім» рэпертуары ёсць i здаўна, ca школы любімая «Za mgłami, za górami», туга паляка-выгнанніка па родных мясцінах, што так нагадваюць некаторыя нашы:
Читать дальше