Пасмяяліся мы ўтраіх, бо Ніна якраз вярнулася з праходкі каля сталоў. З набыткам, — купіла кнігу «балтыйскага» сатырыка, папулярнага i ў савецкіх чытачоў пераклад на нямецкую мову яго рамана «Gauner wider Willen» («Агіда да махляра») Сказала, што нават трохі пагаварылі з аўтарам па-англійску, так i аўтограф ён напісаў: «Ніне Брыль з найлепшымі кампліментамі. Марці Ларні. 9.7.69». Пераклала гэта з усмешкай, i тут па-свойму стрыманай, калі не сарамлівай... Да тага часу ў нас было ўжо нямала пачэсных літаратурных знаёмстваў i пачаткаў дружбы — у Мінску, Маскве, Кіеве... Таксама i з гасцямі з Прагі, Варшавы, Сафіі... Але ж i такое, з Хельсінкаў прыемна: можна i дзецям пахваліцца, а то й на кафедры. Гэта ўжо я падумаў гледзячы на яе.
Слоўца пра самаіронію.
Неяк я выпадкова сустрэўся ў Любчы з адной нашай былой партызанкай. Вясковая дзеўка, ушчэнт абруселая ў рэспубліканскай партыйнай школе i на працы ў раённым «совпартактиве», калі я спытаўся, як жывецца, адказала: «Муж от меня ушел. И хрен с ним». Коратка, спакойна, з колішняй лясной грубаватасцю. Калі ж я спытаўся, як жа так, яна i растлумачыла: «Я ему указывала на его недостатки, а ему это не нравилось».
Ніна мая, вядома, таксама часам «указывала», — як жа без гэтага ў сям'і?.. I дома зрэдку бывала, i за мяжою разок ці два за тыдзень пачулася.
Ды вось у адну з нашых чарговых раніцаў, калі ўжо мы сабраліся ў Ростак, толькі чакалі сігналу, яна спынілася пасярод пакоя i сказала, неяк i мне, i сабе:
«Стаю i думаю: а да чаго ж я сёння ў цябе прычаплюся?..»
I тут мы дружна зарагаталі — на пачатак новага дня, пагодлівага i за вокнамі.
Ды вернемся ў ранейшае.
...Калi б спытацца, дзе мне найлепш працавалася, дык адказ тут, вядома, той, што ўсё залежыць галоўным чынам ад настрою ці, бяручы вышэй, ад натхнення. Сказаўшы раней пра Каралішчавічы, я мог бы дадаць i пра сваё найранейшае, загорскае: у кухні-бакоўцы, пры цьмянай лямпе, i пра санаторную, асобную палату ў Нясвіжскім замку, дзе я ўвосені 66-га за месяц многа для мяне напісаў, i пра Дамы творчасці ў латышскіх Дубултах i ў падмаскоўным Перадзелкіне, дый, зрэшты, а то i найперш — дома, у Мінску i на лецішчы ў наднёманскім Крынічным... A ўсё ж я ўдзячна ўспамінаю i Маласельцы, дзе працавалася зімовымі месяцамі ў 61-м i 62-м гадах. Можа, яшчэ i таму, што пісьмы пра гэта захаваліся:
23.1.61.
Дарагая Ніна!
Здалёк вельмі добра думаецца пра вас, i таму зварот гэты, просты i нгбы сухаваты, мае свой мілы падтэкст... Ісама адчуй лішні раз, i дзяўчатам скажы, і Андрэю, што я вас усіх люблю, вельмі хачу, каб мы дружылі па-сапраўднаму і, вярнуўшыся, гатоў весці з вамі гутарку пра мірнае суіснаванне i дружбу на самым высокім узроўні. Рыхтуйцеся да гэтага ўсе, асабліва вы, крыклівыя i злосныя дзяўчаты!..
Апроч вас люблю я, вядома, сваю працу, свае святое призвание... Не дазволіў бы сабе гэтых пышных слоў, каб не тое, што за гэтае пісьмо ўзяўся адразу пасля таго, як паставіў заслужаную кропку пад даволі вялікім апаяданнем [ 12 12 «Сцежка-дарожка».
], якому аддаў у сё сэрца i максімум стараннасці.
Так што пішацца мне нядрэнна. Ну, я ўжо не гавару пра блакнот, амаль цалкам запоўнены, бо i нагаварыўся з людзьмі, i сёе-тое пабачыў.
Халадзіна страшная ездзіць у кузаве грузавіка. А дома жывем мы цёпла i смачна. Міша [ 13 13 Ён працаваў тады ў Карэлічах, аб'яднаных з Мірам у адзін раён, узначальваў сельскае будаўнідтва.
] прывёз дзве машыны дубова-грабовых дроў, я ix трохі нарэзаў ды накалоў i склаў Муры [ 14 14 Мура, Марыя, Нініна старэйшая сястра. Міша мой брат, друг i швагер.
] ў сенях невялікі касцёрчык. Дуб ды граб не вельмі адзін парэжаш. Міша пакуль што не можа вызваліцца на дзень-два, каб мы ix пашасталі ды накалолі больш. Зробім.
Цалую вас усіх з вялікай прыемнасцю.
21.11.62.
Дарагая Ніна!
Пісьмо прыйшло ў час: я толькі што пачаў непакоіцца, думаў, што хто-небудзь захварэў, а Ты чакаеш, пакуль паправіцца. Мура шкадавала мяне i здзіўлялася вашай мінскай непісьменнасці...
Уранейшым пісьме баяўся зрачы самога сябе (дый цяпер таксама: цьфу, цьфу!), пахваліцца заўчасна. Я толькі дзень адзін паныў над «Граніцай», а потым неяк адразу зразумеў, пасля доўгага i нялёгкага роздуму перад гэтым, што я павінен напісаць тое, што за мяне ніхто не напгша, што мае i павінна быць зроблена. Словам — я засеў за свой раман, які пакуль што называецца «Дзе твой народ» [ 15 15 Канчатковая назва «Птушкі i гнёзды».
], куды пойдуць вайна i полон, куды пойду я увесь, ад маленства да сталасці, з нашымі думамі, марамі, пакутамі, памылкамі i перамогамі. Амаль кожны дзень (цьфу, цьфу!..) раблю па раздзелу новага тэксту. Не лічачы таго, што манцірую з напісанага ў дні вайны. Напісаў ужо больш за 150 старонак. На пятым дзесятку зноў вучуся пісаць для сябе, у высокім значэнні гэтага слова, i — радасна...
Читать дальше