Спяшацца няма куды. Адчуваю сваю адпаведнасць класiчнаму праспекту. Дый як не адчуць яе, калi ў кожнай вiтрыне мая светлая кашуля i мой адпрасаваны касцюм, мой урачысты гальштук, мае залатыя запiнкi i мае новыя туфлi. Толькi твар змянiўся, ён застыў, знерухомелi вочы i вусны. Мяне цяжка пазнаць, нiкому i ў голаў не прыйдзе, што я сёння кельму трымаў i тачку са смеццем вазiў.
Карнiзы, капiтэлi, аркi, маскароны... Як добра, што яны заўсёды чакаюць мяне. Што яны дачакалiся мяне сягоння. Вось гэты стогадовы маскарон, над магазiнам "Фiлатэлiст". Ён заўжды вiтаецца пры сустрэчы i мiргае, мiргае каменнымi вачыма. А карынфская капiтэль на дзяржбанку абяцае падарыць мне лiст-акант. Вежа насупраць кнiгарнi — у нас з ёй даўняе каханне. А ў аркадзе кiнатэатра я не магу не стукаць абцасамi. Купал галоўнага паштамта, як спiна дыназаўра, што хаваецца за жалезнай брамай. На стадыёне цiшыня. Расшпiльваю пiнжак i засоўваю рукi ў кiшэнi. Стаю на самай высокай трыбуне. Панарама заводскага раёна геаметрычная i выразная. Вецер забаўляецца з гальштукам. На прыступках рэстарана "Беларусь" мяне хапаюць за локаць.
— Не пазнаеш?
— Пазнаю.
— А што ў касцюме i пры гальштуку? Мо на прыём хадзiў?
— Ты здагадаўся, калi пахаванне называюць "прыёмам". Бывай.
— Бывай.
Застаюся адзiн. Мне няма куды iсцi, мне няма да каго iсцi. Мне нават няма каму патэлефанаваць. Выразна чую свой голас:
— Ты зараз яму патэлефануеш, ты возьмеш заказ. Крэматорый — твая тэма. Калi памiрае чалавек, людзi завешваюць люстэркi, каб не множылася гора. I ў тваёй працы не павiнна быць адлюстраванняў, нiякiх слiзкiх i блiскучых матэрыялаў. Усё будзе матавым, шурпатым, фактурным. Нiякiх цёплых гарачых тонаў. Стэрыльнасць, строгасць, халоднасць... Чыстая ўрачыстасць павiнна ў цябе атрымацца. Ты ведаеш, як зрабiць крэматорый, i зробiш яго. Нехта павiнен рабiць чорную работу. Дык хай робiць той, хто ведае, хто не баiцца яе, хто верыць у сябе...
Таксафон прагна глытае капейкi.
— Слухаю вас...
— Зноў я.
— Ты спаў?
— Якая рознiца?
— I ўсё ж?
— Спаў.
— Добра. Яшчэ адно неабавязковае пытанне. Ты не помнiш, якi бачыў сон?
— Сноў не было.
— Добра. Усё добра.
— Я згодны рабiць крэматорый.
— А ў мяне i сумненняў не было. Твая тэма, твой аб'ект.
— Гэта мой апошнi аб'ект. Калi трэба пачынаць?
— Учора. Праект i дамова ў тваёй паштовай скрынi.
Вымаю з паштовай скрынi пакунак. Цiкаўнасць падганяе мяне. Разгортваю слiзкую кальку праекта. На ёй накрэслены конус. Чыстая, дасканалая фiгура, як i павiнна было быць. Толькi нешта занадта вялiкая зала. Якi маштаб? Шукаючы маштаб, вочы чапляюцца за назву — праект цырка.
Уваччу круцяцца стракатыя, шматгранныя, рознакаляровыя шкельцы вiтража-калейдаскопа, а ў iх адбiваюцца твары i постацi. Рагоча мажны. Хiхiкае юнак. Смяецца прыгажуня. Каржакаваты пасадзiў сына на плечы. Хлопчык аберуч трымае, каб не звалiўся з галавы, свой шлем...
А ў рэшце рэшт?! — думаю я. — А ў рэшце рэшт...
Можа, гэта i адзiная значная падзея ў маiм жыццi, але я не шкадую, што давялося адчуць смерць мастака, якi жыў у маёй душы. Кожны чалавек мае схiльнасць да мастацтва, толькi, вядома, не кожны становiцца мастаком, а тым больш не кожны ведае, што мастак можа i памерцi, загiнуць раней за самога чалавека. Таму я i напiсаў невялiкi тэкст, якi, можа, i дарэмна назваў апавяданнем, тэкст пра лёс мастака, якi быў ува мне.
Мастак жыў ува мне даволi доўга, i нельга сказаць, каб умовы былi благiя цi я меў жаданне пазбавiцца ад яго. Наадварот, я дапамагаў яму i калi наведваў школу мастацтваў, i калi займаўся ў акадэмii на аддзяленнi жывапiсу. У вучнёўства i ўдасканаленне таленту я верыў i пасля заканчэння вучобы, якая давалася цяжка з прычыны маёй схiльнасцi да максiмалiзму. На выставах мае карцiны звычайна вывешвалi сярод плакатаў. Каляровыя рэпрадукцыi, пад якiмi чорным на белым выдрукоўвалася маё прозвiшча, часцей за ўсё выклiкалi спрэчкi. Не адзiн раз я даставаў з паштовай скрынкi лiсты ад невядомых апалагетаў i апанентаў маёй творчасцi. На тэлефонныя парады пакiнуць займацца маразмам я адказваў маўчаннем. Сябры мяне хвалiлi. Ворагi, як i належыць паводзiць сябе ворагам, ганiлi, не прымалi i крытыкавалi ў друку i на сходах. Некалькi старэйшых мастакоў актыўна падтрымлiвалi мяне, i я адным з першых сярод сваiх аднакурснiкаў атрымаў майстэрню. Запланаваны рост сучаснага мастака адбываўся даволi нармальна, калi не лiчыць канфлiктаў памiж мной як чалавекам i мастаком, якi жыў ува мне. Прычыну я бачыў перш за ўсё ў тым, што "мой мастак" не прымаў замацаваных iншымi канонаў i будаваў свае законы i правiлы.
Читать дальше