Ён вярнуўся ў Койданава i яшчэ з год хварэў. Але Ядзя ўсё ж выхадзiла яго. На сняданак i на вячэру ставiлася на стол талерка з кiслым малаком, i Бронiкаў жывот збольшага загаiўся. Працаваць Бронiк Кiсялёў уладкаваўся шафёрам у пажарную каманду, жыў ён памяркоўна, даглядаў сад, бульбу на гародзе садзiў, ездзiў на матацыкле ў ягады i ў грыбы... I якая рознiца, з якiм прозвiшчам гуляць па лесе? Але, аказваецца, рознiца ёсць, бо ягонаму сыну Антону сказалi ў раённым аддзяленнi мiлiцыi, што не выдадуць пашпарт на прозвiшча Кiсель, бо бацька ў яго запiсаны Кiсялёў, дый невядома, цi яго гэта бацька. Бронiк, дзякуй Богу, быў чалавекам з гумарам, таму i не вельмi каб заперажываў. Ён распiсаўся з Ядвiгаю па другiм разе, а свайго роднага сына ўсынавiў. "Каб яўрэямi былi, дык i радавалiся б, а так — адно пасмяялiся", — сказаў Бронiк замест тоста на несапраўдным вяселлi, налiваючы поўную, як вока, чарачку Ядвiзе. Што да нацыянальнасцi, дык яе ў Тамбове не змянiлi, расейскi разумнiк, як i большасць маскалёў, верыў, што рускi i беларус — тое самае.
А вось Ядзя заўсёды шкадавала свайго дзявочага прозвiшча, як не падабалася ёй прозвiшча афiцэра-памежнiка — Глобус, так недалюблiвала i звычайнага Кiсель, ёй хацелася быць Александровiч, але што зробiш, калi муж Кiсель. Гэтае прозвiшча Антон i замовiў высекчы на сцiплай мармуровай дошчачцы, што замацавалi на Ядзiным помнiку ў 1969 годзе.
Мала было светлых дзён у жыццi Ядвiгi, i смерць яе напаткала цяжкая, хвароба на рак ссушыла, зжаўцiла яе ўсю.
Выпiсалi Ядзю з бальнiцы хутка, каб памiрала дома, сярод сваiх, а не на казённым мулкiм i рыпучым ложку. Яна пажыла ў сваiм доме пасля бальнiцы толькi чатыры днi. Праўда, не ляжала, хадзiла аж да апошняе хвiлiны i розум мела ясны...
А вось Бронiк перад смерцю пачаў адыходзiць ад памяцi, не пазнаваў нiкога i гаварыць зусiм не мог. А пачалася ягоная хвароба на пахаваннi Ядвiгi. Бронiк плакаў цiха i няспынна, ён i за жалобным сталом нiчога сказаць не змог, устаў, пастаяў, закрыў твар кулаком з пакамечанаю змакрэлай хусткаю i сеў, так i не вымавiўшы нiводнага слова на самую доўгую дарогу сваёй любай жонцы. Смерць Ядзi змянiла Бронiка да непазнавальнасцi, з рахманага жартаўнiка ён, нiбыта ваўкалак, перакiнуўся ў маркотнага нелюдзiма.
I калi я наведваўся да яго ў Койданава, рабiлася горка i крыўдна за недасканалы свет, якi дазваляе, каб такое рабiлася з чалавекам.
"У мяне дупа лёгкая, а галава цяжкая, таму i плаваць не магу. Як зайду ў рэчку, на глыбокае месца, так дупа плыве, а галава тоне, на дно цягне", — ажно не верылася, што Бронiк мог такое распавядаць, гэты самотны чалавек з няголеным, сiвым, апухлым тварам i чырвонымi, не раўнуючы, як у белага труса, вачыма. Той Бронiк, якi любiў адкроiць добры скрыль кiндзюка ды кульнуць пад яго стограмоўку гарэлкi, а назаўтра, сёрбаючы лёгкай алюмiнiевай лыжкаю малако, адпусцiць жарцiк пра якiх фiгурыстаў, што круцiлiся на шарым экране маленькага тэлевiзара: "Яны ж, гэтыя хлопцы з дзеўкамi, не проста на лёдзе круцяцца. Яны прымерваюцца..." — "Бронiк, дзецi тут", — папракала Ядзя. "А што дзецi?! Хай ведаюць. Хiба яны iнакш зробленыя?"
А пасля жончынага пахавання весялосць так i не вярнулася да Бронiка. Яго панеслi на могiлкi праз два гады пасля Ядзi.
Але я думаю, што памерлi яны ў адзiн дзень. У тую свежую ад лёгкага ветрыку лiпеньскую ранiцу, калi змучаная хваробаю Ядвiга прылегла на канапу, па спiнцы якой крочылi ў невядомую далеч вышнураваныя па росце мармуровыя сланы.
Крухмальная фiранка трымцела ў расчыненым акне, яна запрашала душу пакiнуць стомленае цела.
"Буду чакаць цябе, Бронiк..."
I ён пахаваў яе ў блакiтнай труне i галубовай сукенцы.