Насця, здавалася, гатова была кінуцца на яго з кулакамі, твар яе то бляднеў, то чырванеў ад гнеўнай узрушанасці.
— А жыта?
— Ды такі ўраджай жыта, які паабяцалі вы, мы павінны вырасціць ва ўсім калгасе.
— Павінны! Хто гэта яго вырасціць? Сам ты ці што? Не загаварвай мне зубы! Я цябе наскрозь бачу. Ты даўно марыш, каб усё, што зрабіла я, аддаць іншым. Разумнік вельмі!..
«А што ты зрабіла, чортава лялька?» — Васіль ледзь стрымаўся, каб са злосцю не спытаць гэтак.
Яе нетактоўнасць абурыла бацьку. Стары сярдзіта стукнуў далоняй па стале.
— Насця! Не забывай, з кім гаворыш!
— Не забываю! З жаніхом сваім, — з злоснай іроніяй прамовіла яна і, засмяяўшыся штучным смехам, хутка вышла з хаты.
Дзёрзкасць яе збянтэжыла і Васіля і старога Івана. Васіля ў дадатак яна яшчэ і абразіла. Гэта быў амаль адзіны выпадак, калі з ім, з аўтарытэтным і патрабавальным старшынёй, так размаўлялі. І ніхто яшчэ так не адмаўляўся ад работы, якую ён прапаноўваў. Усведамленне таго, што дамагчыся, настояць на сваім яму не дапамогуць у гэтым выпадку ні пастанова праўлення, ні спагнанне, яшчэ больш узлавала яго.
Вылаяўшы сябе дурнем за гэтае недарэчнае наведванне, ён ветліва развітаўся з Рапным, але ў душы яго была завіруха. «Жаніх! Няхай на табе чорт жэніцца, дурніца!»
Шышкоў да слёз рагатаў, калі Васіль у той-жа вечар шчыра расказаў яму аб сваёй размове з Насцяй.
— Ведаеш што? Дазволь мне пагутарыць з ёй, — весела прапанаваў ён.
— Чаму я павінен дазваляць? Калі ласка.
— А раптам будзеш раўнаваць?
— Ну-ну, адчапіся хоць ты!
Дні праз два Шышкоў правёў Насцю з кіно, і яны доўга прастаялі каля яе дома, не гледзячы на халодны, вільготны сакавіцкі вецер. Назаўтра ўсе бабы каля калодзежаў гаварылі ў адзін голас аб гэтай навіне: «Аграном заляцаецца да Насці».
А праз тыдзень Шышкоў сказаў Лазавенку, што ён мае намер з'ездзіць да вядомых буракаводаў на Кіеўшчыну.
— Хачу пераняць найлепшы вопыт.
— Цудоўна! — узрадаваўся Васіль. — Пазваню Макушэнку і паеду разам з табой.
— І думаеш мне будзе вельмі прыемна ехаць з табой?
Васіль здзівіўся.
— У мяне больш прыемны напарнік ёсць, — Шышкоў нібы збянтэжыўся.
— Насця!?
— Чаму ты так здзівіўся? Ажно пабялеў. Я, брат, ведаю, чым яе можна сагітаваць.
— Пачынаю верыць, што ты сагітуеш яе не толькі буракі вырошчваць...Што-ж, жадаю поспеху.
Пасля паездкі, Насця сама падала заяву ў праўленне аб пераводзе яе на ўчастак буракоў.
Дзяўчаты пачалі працаваць з такім запалам, што старшыня калгаса толькі цешыўся, назіраючы за імі, і нават стараўся не надта ўмешвацца, даручыўшы агранамічнае кіраўніцтва Шышкову.
...Апанаваны ўспамінамі і думкамі, Васіль непрыкметна наблізіўся да ўчастка буракоў. Тарфяная сцежка была мяккая, як дыванная дарожка, ісці па ёй было прыемна, не перашкаджалі думкам крокі. Лёгка было дыхаць вільготным прахладным паветрам. Кантраст паміж электраагнямі вёскі і гэтай глухаманню балота з дзікімі начнымі гукамі ўздымаў яго настрой, напаўняў сэрца нейкім урачыстым захапленнем. Каб выпрабаваць сябе, Васіль падумаў аб Машы. Ад такой думкі яму заўсёды рабілася сумна. Але зараз гэтага не здарылася. Наадварот, у душы запалілася яшчэ адна ясная і цёплая зорка.
Неўзабаве ён убачыў перад сабой белую постаць, яна рухалася яму насустрач. Ён здзівіўся: «Жанчына! Якое ліха яе носіць у такі час! І не баіцца. Смелыя парабіліся за вайну. Блукае, як прывід. Забабоннага чалавека спалохаць магла-б», — і ў яго на момант з'явілася гарэзлівае жаданне: легчы ў разору і напалохаць гэтую смелую жанчыну. Але ён адагнаў такую несур'ёзную думку:
«Можа ў каго карова ад стада адстала».
Жанчына не магла ўжо не бачыць яго, аднак моўчкі, не сцішаючы крокаў, набліжалася. Васіль пазнаў Насцю і здзівіўся яшчэ больш.
— Насця?! Ты што тут робіш?
— А ты?
— Я? Я — гуляю.
— І я гуляю.
— Але-е... Не зусім зручнае месца ты выбрала для прагулкі.
— Можа каму і не зручнае, а для мяне — лепшага няма! Тут — мая слава пасеяна.
Васіль непрыязна падумаў:
«Ну, здаецца, ты звіхнулася на славе».
Насця пайшла побач, па сцежцы, адціснуўшы яго плячом на раллю. Яна зразумела, што гэта не зусім яму спадабалася і з іроніяй сказала аб іншым:
— Ты, бедны, удзень часу не маеш да нас зайсці, дык уначы ходзіш. Ты ўдзень прыдзі і паглядзі, якое мы цуда росцім.
— Прыходзіў, бачыў.
— Ну і што? — яна павярнулася, штурхнуўшы яго плячом.
— Здаецца, нішто павінны быць бурачкі.
— Здаецца!.. Нішто!.. — перапыніла яго Насця, хмыкнуўшы. — Я ўжо колькі разоў употайкі бегала глядзець у гайнаўцаў. Нашы куды лепшыя!
Читать дальше