— А я вас пазнала па фатаграфіі. Вас там група. Пяць дзяўчын і адзін Ліхач, ляжыць каля вашых ног.
— Як верны пёс,— засмяяўся Васіль.
Ала не помніла такога студэнцкага здымка — дзе, калі? Хто іншыя дзяўчаты? Але тое, што Даша пазнала яе па фатаграфіі і сказала пра гэта проста — неяк нязвыкла прыемна пацешыла. І яна аглядала гаспадыню больш прыязна, чым у першую хвіліну. Так, нізкаватая, паўнаватая, жывот рыхлаваты, з белаватымі пісягамі, але, кажуць, што такі жывот у большасці жанчын, якія нараджалі.
Збянтэжылася, калі затрымала позірк на былым аднакурсніку. У думках — ці не ўпершыню ацаніла так мужчыну? — адзначыла: прыгожы. Высокі, стройны, мускулісты, як спартсмен. Загарэлы. На студэнта так не глядзела, калі і выязджалі часам кампаніяй на Мінскае мора, гулялі ў валейбол. Студэнт ён быў як усе — худы, кастлявы, цыбаты. Зацікавіў яе хіба тады, калі сказалі, што ён па вяроўцы лазіць у дзявочы інтэрнат. Але глядзела яна тады на яго з абурэннем і агідай: кот. Цяпер жа хацелася любавацца ім, голым, а гэта спалохала: не сорамна, таварыш сакратар? А потым было амаль стрэсавае адчуванне. Падышла Маша, ласкава ўзяла яе маленькай ручкай за руку, ласкава пралепятала:
— Цёця халосая? Цёця пакупае Машу?
— Во хітруння! — парадаваўся за дачку Васіль.— Цэлы б дзень сядзела ў вадзе.
Ці ўпершыню адчувала дзіцячую ласкавасць? У маленстве малодшую сястру няньчыла, пасля, перавёўшы сям'ю сястры ў прыдняпроўскі гарадок, памагала ёй гадаваць дзяцей, часта малодшую, Янку, забірала на ноч да сябе. Не мінала ясляў, дзіцячых садоў, школ не толькі па абавязку службы, бадай, ганарылася гаспадыня горада, што любіць дзяцей. Але ці адчула яна хоць раз вось такую іскру, такі душэўны разрад, як ад дотыку гэтай голенькай дзяўчынкі? Пазней у той дзень баялася прызнацца сама сабе, што бліснула ў яе кароткая, як маланка, думка: гэтае дзіцятка магло быць яе дачкой.
— Атабаруйся, Ала. Адпачні з намі. Паабедаем. Ёсць пляшка віна,— і ажно пацёр рукі, смакуючы наперад асалоду.
Яна ўсміхнулася: у наш час прызнацца ў гэтым можа толькі Ліхач.
— Не, дзякую. Мяне чакаюць.
— Хто цябе чакае? — прагучала крыўдна: маўляў, ніхто цябе не можа чакаць!
Яна кіўнула Дашы і пайшла неразумна (пасля гэта сцяміла) — не да ракі, а направа, у лес, у густы кустарнік. І там прымусіла сябе на хвіліну спыніцца: мела такую жаночую слабасць — паслухаць, што пра яе скажуць.
— Глядзіш ты, Вася, што кот на сала.
— У яе прыгожыя ногі. Праўда?
— Помніш анекдот? Наганяй, наганяй апетыт — вячэраць будзеш дома.
Ліхач весела зарагатаў.
— Салёныя анекдоты расказваюць твае ўрачы. Добра, што Маша не разумее.
— Скажы: чаму яна не замужам?
— Яна з той пароды жанчын, якія аддаюцца рабоце, а не мужчыне.
— Ну і дуры.
— Аднак каб я так рана не пакахаў цябе, я зрабіў бы з яе чалавека.
Ала Уладзіславаўна ўспыхнула гневам: толькі такі нахабнік, як Ліхач, можа сказаць такое жонцы і яшчэ прыкідваецца святым: «каб не пакахаў». Ці прызнаўся ты, як лазіў па вяроўцы?
— Скажы: ёй — чалавека.
— А гэта адно і тое ж. Пакуль жанчына не раджала...
Не, далей слухаць гэтага нахабніка, амаральнага тыпа немагчыма, бо можаш пачуць і не такое.
Вярнуўшыся дадому, адразу палезла пад душ. Змыць і свінарнік, і штось ліпучае, хоць і не такое брыдкае, што засталося ад падслуханай размовы мужа і жонкі. Дзіўныя адносіны ў гэтых людзей! Але нечым і прывабныя — такім вось даверам у самым інтымным, пры такім даверы, бадай, не можа быць фальшу, няшчырасці. І гэта варта псіхалагічнай увагі. Ала Уладзіславаўна лічыла, што яна ведае псіхалогію людзей; працуючы ў камсамоле і ў Савеце, прачытала гару кніг па псіхалогіі чалавека, калектыву, грамадства, магла прачытаць лекцыю не горш за прафесара.
Вада была халодная, апякала. У гарком дзён колькі назад званілі з абурэннем: чаму няма гарачай вады? А між тым гэта яе ўказанне: пакуль лета, зрабіць прафілактыку цеплацэнтралі. Ведала з вопыту, хоць там, у прыдняпроўскім гарадку, і не было цэнтралізаванага забеспячэння цяплом, што такі рамонт у летні час — гарантыя надзейнай работы зімой. Прымусіла Шатохіна выступіць у мясцовай газеце. Званкоў не стала. Цешылася: во прыклад таго, што людзям трэба гаварыць праўду, ва ўсім павінна быць галоснасць.
Прыняўшы душ, без халата выйшла ў пакой. Не знарок, а неяк непрыкметна спынілася насупраць трумо. Здалёк блізарукія вочы ўбачылі адлюстраванне ўласнага цела, як у тумане. Гэта прыцягнула ўвагу — што на палотнах імпрэсіяністаў. Наблізілася да люстра, агледзела сябе пільна, да радзімай плямкі на левай грудзі. Ніколі так не разглядала сябе, голую. Залюбавалася. Сапраўды прыгожая! Якая дасканаласць форм! Мастакі мінулага былі не дурні, разумелі гэта, калі так многа пісалі голую натуру, жаночую. І Ліхач мае густ: не пабаяўся жонцы сказаць, што ў Алы прыгожыя ногі; у яго жонкі тоўсценькія. І тут жа прыгадала дробную дэталь: падняўшыся, ён непрыгожа паправіў плаўкі. Там яна сарамліва адвяла вочы. А тут... спачатку засмяялася. Але тут жа абурылася: якая нявыхаванасць! І ўявіла блізкасць з ім.
Читать дальше