Шабовіч першы раз за раніцу засмяяўся. Не за раніцу. За тыдзень. Але тут жа аспрэчыў сябе: не, з Аксанай яны смяяліся і ў першую ноч, і нават тады, калі яе параніла, яна ўмела засмяяцца... І заплакаць, і засмяяцца.
Доўга ішлі па прасецы, зарослай хмызняком, коннай дарогі на ёй не было, не вельмі торная пешаходная сцежка. Уперліся ў завал, у паваленыя на прасеку дрэвы, даўно паваленыя, напэўна, мінулай вясной — на хвойных асыпалася ігліца, пад лісцвянымі не было сухога лісця, тырчэлі засохлыя сукі, лупілася кара, паточаная караедамі.
Мікола спыніўся перад завалам, падцягнуў штаны, быццам рыхтаваўся пераадолець перашкоду скачкамі.
— Ну, усё. Далей я не хадок, а то доўга будзе плакаць мая срачка, калі матка ўзнае.
Шабовічу захацелася абняць хлопца, але ён стрымаўся. Сказаў, як даросламу, скупа, проста:
— Дзякую табе, Мікола.
— Няма за што.
— Ты сапраўдны разведчык.
— Куды мне да цябе... Ідзі па дзялянцы. Убок не зварочвай. Так ходзяць партызаны. Я тут цэлы дзень праляжаў.
— Беражы Аксану.
— Не бойся за яе.
— Дай руку, таварыш.
Так, па-даросламу, развіталіся.
Шабовіч пераступіў адно дрэва, другое... І раптам зноў пачуў, як ударыў у сэрца той ранішні смутак, нядобры. Ён спыніўся, азірнуўся.
Міколка стаяў на месцы. Памахаў яму рукой.
Так ён азіраўся яшчэ колькі разоў і кожны раз бачыў самотную постаць хлопчыка з узнятай, як у салюце, рукой.
Наперадзе недалёка заржаў конь.
Міколка знік.
Жорсткія клюшні смутку аслаблі, адпусцілі сэрца. Стала лёгка і радасна. Вось яна, доўгачаканая мэта!
Дазволілі сабе паспаць пазней. Была нядзеля. Напярэдадні зрабілі конны рэйд у бок Мінска, у зону, дзе не дыслацыраваліся партызанскія атрады. Паганялі паліцэйскіх у невялікіх гарнізонах. «Каб не спалі,— смяяўся Ігар,— а то салам заплылі». У рэйдзе не ставілі мэту ліквідацыі гарнізона і ў сур'ёзныя баі не ўлазілі, нямецкія базы абыходзілі. Пяцярык толькі здраднікаў адаслалі да прадзедаў. Але панікі нарабілі сярод паліцаяў і старастаў. А добрых людзей падбадзёрвалі: жыве савецкая ўлада не толькі ў далёкіх лясах! Уласна і ставілі такую мэту — прапагандысцкую. Работы больш за ўсё было камісару. Ігар у кожнай вёсцы выступаў. Было пра што сказаць: пра акружэнне фашысцкай арміі пад Сталінградам. Некаторыя жанчыны плакалі ад радасці: свае прыйшлі, сыночкі. Калі мераць па карце, то кіламетраў восемдзесят прайшлі, не лічачы таго, што вакол некаторых вёсак кружылі, пакуль вялі разведку, пятлялі, адступаючы, ішлі па дарогах — праз палі і лясы. Спрыяла пагода — мароз скаваў зямлю, усюды можна прайсці. Вярнуліся ў лагер апоўначы. Ды пакуль пачысціліся, памыліся, павячэралі, абмеркавалі вынікі рэйду. Лічылі яго ўдалым. Камандзіры і байцы былі хораша ўзбуджаныя.
Хворы Брагінскі зайздросціў сваім таварышам. Камандаваў адной «матронай»,— сумна жартаваў ён.
Добра набілі зады. Асабліва Золатаў, непрывычны да верхавой язды. У яго так разбалелася паясніца, што ў лагеры яго ссадзілі з сядла, пад рукі вялі да зямлянкі. Ігар кпіў з яго.
Не любіў начальнік асобага аддзела, каб нехта іранізаваў з яго слоў, дзеянняў, паводзін. Калі гэта рабіў камісар, не скрываў сваёй раздражнёнасці і вымаўляў Кіпеню. А часцей за ўсё насмешачкі строіў ён, камсамолец; Ман да гэтага не ўніжаўся — сур'ёзны чалавек, а Брагінскі быў далікатна ўлюбёны ў кожнага, хто быў дужэйшы за яго, старэйшы, меў ваенны вопыт і тут, у атрадзе, рабіў на поўную сілу. Да Баслычыхі меў павагу, што да генерала.
Пасля рэйду, нягледзячы на ламату ў паясніцы, Золатаў быў добры і вясёлы, сам падыгрываў Ігаравым кепікам са сваёй панскай хваробы. Настрой у маёра яшчэ да рэйду ўзняўся. Тры дні назад прынялі радыёграму начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.
«Усім партызанскім брыгадам і атрадам Беларусі.
Нямецкая разведка ў Мінску арганізавала падстаўны цэнтр партызанскага руху з мэтай выяўлення партызанскіх атрадаў, засылкі ў іх ад імя гэтага цэнтра здраднікаў, правакацыйных дырэктыў і ліквідацыі партызанскіх атрадаў. Гэты цэнтр партызанскімі атрадамі Мінскай зоны выкрыты. Маюцца звесткі аб тым, што ў гэтай зоне, у мэтах нямецкай разведкі, створаны другі цэнтр, які таксама рассылае дырэктывы і людзей і імкнецца звязацца з партызанскімі атрадамі.
Загадваю: у мэтах папярэджання пранікнення ў атрады варожай агентуры партызанскім атрадам з прадстаўнікамі якіх бы то ні было арганізацый з Мінска ў сувязь не ўступаць і ніякіх дадзеных аб дыслакацыі, колькасці, узбраенні і дзеяннях атрадаў не даваць. Завербаваных прадстаўнікоў, якія з'яўляюцца, уважліва правяраць, і тых, хто выклікае сумненні, затрымліваць.
Читать дальше