Трэба ісці! Трэба ісці! Вунь як павярнуўся хвост Мядзведзіцы!
— Стась! Стась! Прачніся, маё стомленае дзіця.
— А-а? — і ў кішэню рукой.— Ах, гэта ты! — і ціха засмяяўся.— Нагнаў я Чурсікам страху — пісталет забраў. А Хрысціна — чалавек. Рызыкаваў я, даручыўшы ёй схадзіць да цябе. Не памыліўся. Хоць, ведаючы, што зброя ў мяне, а не ў яе мужа, здагадвалася, што першай ахвярай будзе ён. Іншага выйсця ў мяне не было б.
— Пайшлі, Стась.
— Ага, пайшлі.
— Рэчку пяройдзем па мосце. Прыйдзецца ісці па вуліцы.
— Думаеш, бобікі каравуляць уначы? Наўрад. Баяцца. Гэта ўдзень яны смелыя.
— Сабака звяглівы... чуе чужых, відаць, паліцэйскі. Я пайду ўперад, разведаю мост.
— Цяпер я цябе не адпушчу. Я буду весці цябе за руку.
— А я — цябе.
— Усю дарогу.
— Усё жыццё.
Стась прыглушана засмяяўся.
— Надоўга ты загадваеш.
— Бог знае якое доўгае яно будзе.
— А вось гэта ты кінь... не думай, не трэба. Я мінулую ноч у турме не думаў. Верыў... адчуваў, ці што?.. што буду жыць, хоць разумеў: калі яны ведаюць хоць дзесятую долю таго, што я зрабіў, ім мала мяне расстраляць.
— Цішэй ты. Дзверы скрыпнулі. Гэта дзядзька. Ён слухае мяне. Я схаджу да яго.
— Не, не трэба. Не хадзі.
Яны доўга слухалі, ці не скрыпнуць дзверы зноў — дзядзька пойдзе ў хату. Не дачакаліся. Цішком прайшлі па завулку міма адрыны. Дзядзька пачуў, пачуў, што іх двое, і бадзёра кашлянуў — пажадаў гэтак шчаслівай дарогі.
Аксану разбудзіў стук колаў. Яна прачнулася і пачула, што конь фыркае ледзьве не над галавой, зусім побач. Па карэннях і змёрзлай за ноч зямлі колы звычайнай фурманкі тарахцелі што трактарныя. А Стась спаў, не чуў.
Яны ішлі ўсю другую палавіну ночы, арыентуючыся па зорках. У іх не было гадзінніка, час вызначалі па той жа Вялікай Мядзведзіцы, хоць астраномы былі слабыя. Хутчэй час адчувалі іх ногі, іх цела — па зморы. Адчувала Аксана. Стась не адчуваў, спаў на хаду. Аксана зразумела гэта, калі разоў колькі ён не адгукваўся на яе словы. Потым спатыкнуўся, упаў на калені. Аксана падхапіла яго.
— Ты спіш, Стась?
— Я сплю. Ты знаеш, я нават бачу сны. Во зараз — многа людзей. Як бы ў нейкім парку. Святочныя людзі. Радасныя. Калі ты бачыла радасных людзей? І ад таго мне стала лёгка, я фізічна адчуваў, як з цела майго выцякае, як нясвежая кроў, чорная стома. А з паветра, празрыстага, сонечнага, улівалася ва ўсе поры цела нябачная бадзёрасць. Што бальзам. І міг, нейкі міг мне стала вельмі лёгка. А разбудзіла ты — і ногі што чыгунныя.
— Дай, я пранясу мяшок.
— На.
І зноў ён спаў ідучы. Аксана падтрымлівала яго пад руку, каб не спатыкнуўся.
— Паспім, Стась.
— Паспім,— згадзіўся ён, хоць раней настойваў, што паспяць яны ўдзень, у надзейным лесе, разведаўшы наваколле.
Але яны ўжо з паўгадзіны ішлі па лесе і пераканаліся, што гэта вялікі лес.
Збочылі з дарогі як можна далей і ляглі пад густой елкай на мяккі мох, падаслалі Аксанін плашч, накрыліся цёплым паліто, якое даў Чурсік, і ўміг заснулі.
Але, выходзіць, дарога падвяла іх, напэўна, яна рабіла круты паварот у той бок, куды яны аддаляліся, а ў сапраўднасці зноў набліжаліся і, не выйшаўшы на яе зноў, ляглі за якія тры дзесяткі крокаў.
Аксана прыпаднялася. Ужо добра развіднела. Але дрэвы расплываліся ў марозным тумане. Дальнія дрэвы. А фурманку яна ўбачыла — да яе рукой падаць. Невялікі, але ладны гняды конь. На возе, у перадку, фурман. Едзе павольна. Хто ён? Ранні селянін па дровы? Ляснік? Аксана не разгледзела добра, але ёй не спадабалася фуражка ездавога. Падобная на паліцэйскую, хоць, магчыма, і леснікоўская.
Чалавек ад'ехаў сотню крокаў, за елкі, тпрукнуў, спыніўся. Конь сыта фыркнуў.
Тады Аксана разбудзіла Стася, разбудзіла па-мацярынску, як будзяць дзіця,— пацалавала ў вусны, зашаптала:
— Прачніся, Стасік. Чуеш, фыркае конь? Міма нас праехаў нехта, на возе.
Ён паступіў не вельмі асцярожна: адразу падхапіўся, схапіў мяшок, паліто:
— Бяжым.
Нізка схіліўшыся, яны пабеглі пад кашлатыя елкі. Але елак адна града, а далей пачынаўся асіннік, рэдкі, голы.
Аксана азірнулася і ўбачыла, як мільганула паміж дрэў форменная фуражка.
— Ён бяжыць за намі.
— Бяры правей, у ельнік. А я спытаю, што яму трэба.
— Стасічак, не страляй, калі ён... Напалохай.
Кінуўшы Аксане мяшок, Шабовіч дастаў з кішэні «Вальтэр», узвёў і лёг паміж купінамі. І ў гэты ж міг грымнуў вінтовачны стрэл. Адзін, праз нейкі час другі. Гухнула што з пушкі, ажно з асін пасыпалася сухое лісце.
Читать дальше