Кіруе камунай Антон Рудкоўскі, былы балтыйскі матрос, паранены мінулым летам пры Маанзундзе. Асколак, што брытвай, зрэзаў яму мякаць шчакі, вуха, пашкодзіў вока. Папсаваў «фотакартку», як сумна жартуе Рудкоўскі. А быў, па ўсім відаць, прыгажун на ўсю воласць — высокі, дужы, з густымі каштанавымі валасамі, завітымі прыродай, з карымі вачамі, калі меркаваць па правым воку, уцалелым, бо левае затуманена, хоць зрок цалкам і не страчаны.
Рудкоўскі аб'яднаў батракоў у камуну, узначаліў яе, хоць сам з добрай серадняцкай сям'і, праз што ў яго канфлікт з бацькамі, і ён, як усе камунары, жыве ў маёнтку. Увогуле, як пераканаўся Багуновіч, не толькі бацька Рудкоўскага, але ўсе гаспадары з сяла не надта задаволены камунай, называюць былых батракоў галадранцамі, галечай, лічаць, што яны захапілі баронскага залішне многа. Самі ж сяляне паводзяць сябе асцярожна: дагэтуль не падзялілі тую частку баронскай зямлі, якую рэўком і Савет адрэзалі сялу. Багуновіч разумеў гэтую сялянскую асцярожнасць: за тры кіламетры фронт, і туды, да немцаў, падаўся барон. Камандзір палка і той не можа не ўлічваць гэтай акалічнасці.
Антон Рудкоўскі адначасова старшыня рэўкома. А старшыня валаснога Савета — стары Калачык, у якога нават вочкі свецяцца хітрасцю. Вясёлы гэты, гаваркі чалавек, у лапцях, у латаным кажушку, заўсёды, як ардынарац, суправаджае Рудкоўскага. Але, відаць, не заўсёды згаджаецца з ім, бо Багуновіч чуў, як Рудкоўскі злаваўся і пагражаў чалавеку, які амаль у тры разы старэйшы за яго, расстрэлам за сабатаж Савецкай улады. Піліп Калачык весела смяяўся з пагроз: «Чым ты мяне палохаеш? Ты знаеш, колькі я разоў заглядваў у яе, у магілу? Мяне ў пятым годзе на расстрэл вадзілі, ды ад мяне куля адскочыла. Жонка, братачка, мяне заваражыла. Пастаў магарыч — цябе заварожа».— «Мянташка ты старая»,— бяскрыўдна ўпікаў Калачыка матрос. «Во гэта ты ў самае дупельца пацэліў,— зноў смяяўся стары.— Што старая — то гэта праўда. Ого, каб я быў малады! Не такое ты б пачуў!»
Багуновіч з цікавасцю слухаў жартаўлівыя сваркі гэтых двух сялянскіх рэвалюцыйных важакоў. Бачыў, што ім таксама даспадобы, што камандзіра палка займаюць іх мужыцкія справы.
Рудкоўскі падабаўся сваёй энергіяй і нейкай асаблівай, якую Багуновіч да рэвалюцыі не сустракаў у людзей, пераконанасцю ў шчаслівай будучыні, нягледзячы на ўласнае калецтва, якое наўрад ці паможа збудаваць асабістае шчасце. Сцягнутыя чырвона-фіялетавыя рубцы надавалі яго твару злавесна-пірацкі выгляд; жанчыне трэба пазнаць душу гэтага чалавека, каб пакахаць яго, думаў камандзір.
Веру такую — у шчасце — ён адначасова бачыў яшчэ ў аднаго чалавека — у Міры. Але там усё проста, бо ёсць само шчаслівае спалучэнне: таго ж ідэйнага пераканання з жаночым хараством, адукацыяй, бадай дзіцячай непасрэднасцю.
Матрос ставіўся да яго, афіцэра, паручніка, як бы з іроніяй; гэта бадай што крыўдзіла. Адносіны былі няпростыя.
Неяк палкоўнік Пастушэнка, начальнік штаба палка, з прыкметнай усхваляванасцю паказаў невялічкі эцюд: зіма, горы, рускі салдат, захутаны ў кажух. Эцюд быў запэцканы, але Багуновіч адразу пазнаў:
— Шынка? Верашчагін?
— Верашчагін. І знаеце, галубчык, дзе я гэта знайшоў? На сметніку. А калі там,— паказаў стары афіцэр праз акно на палац, заняты батракамі,— засталіся і не такія шэдэўры? А яны іх — на сметнік ці зусім у печ... Я не вялікі знаўца мастацтва. Але цану такім рэчам ведаю. Нельга такое выкідаць на сметнік, дарагі Сяргей Валянцінавіч! Ні пры якой уладзе! Пагаварыце з гэтым,— ён правёў рукой па шчацэ.— Я чамусьці баюся яго.
Гэта сапраўды было так, і гэта здзіўляла Багуновіча: харобры і сумленны чалавек, палкоўнік шчыра служыў рэвалюцыі і баяўся такіх, як Рудкоўскі, як старшыня палкавога камітэта тульскі рабочы Сцяпанаў, нават перад Мірай губляўся, асабліва перад яе «кавалерыйскімі наскокамі» на буржуазную культуру. На думку Багуновіча, яна ў сваёй непрыязні да таго, што было створана праклятымі эксплуататарамі, заходзіла далёка, але ў спрэчцы са старым палкоўнікам заўсёды перамагала; той хітра адступаў на «запасныя пазіцыі» — так Багуновіч называў яго манеўр, які даваў старому магчымасць пацешыць Міру яе перамогай, аднак самому не капітуляваць перад яе перакананнямі. Багуновіча забаўлялі гэтыя ідэйныя спрэчкі маладога і старога, здаваліся нейкай новай гульнёй.
Не сказаць, што Багуновіча запэцканы верашчагінскі эцюд усхваляваў гэтак жа, як Пастушэнку,— гінуць не эцюды! — але ён паважаў парадак і любіў свайго начальніка штаба, таму адразу пайшоў да Рудкоўскага.
Читать дальше