Паспрабаваў падняцца. Але жалезная падлога не адпускала, трымала, як магнітная.
— Валодзька!
Хлопец вісеў на ўсходцах, аддаўшы сваю ўвагу i сэрца таму, другому, паравозу, забыўшыся нават на снарады, якія цяпер ірваліся чамусьці з недалётам — каля станцыйнага будынка.
— Памажы мне, Валодзька.
Памочнік, нарэшце, павярнуўся, не ўцяміўшы, якой дапамогі просіць у яго машыніст.
— Памажы мне падняцца.
Тады толькі малы затрывожыўся.
— Што з вамі, дзядзька Уладзіслаў? — i падхапіў цяжкае, абмяклае цела пад рукі.
— Нічога, Валодзька. Астма. Бачыш, як сціснула.
Пра рану не сказаў.
З дапамогай хлопца ўзняўся на ногі, дабраўся да свайго сядзення, сціснуў пасінелілмі рукамі рэверс i рэгулятар пары. Цяпер ніякая сіла не адарве ад ix яго пальцаў. Націснуў сігнал — прагукаў пярэдняму машыністу: «Я на месцы! Тармазы ў парадку! Можаш рухаць!»
Той адказаў гудком: «Зразумеў!»
Поезд скрануўся. Колы прагрукалі на стрэлцы. Прайшлі будку, пераезд. У лагчыне, на невялікім закругленні, спыніліся.
Страляніна аддалілася.
Плавінскі зразумеў: выйшлі з-пад абстрэлу, чакаюць атрады.
Стрэлка манометра, нарэшце, скранулася, папаўзла ўгору.
Але ад нерухомасці Уладзіславу Францавічу зноў зрабілася блага. Цяпер ужо ў вачах плылі не зялёныя — жоўтыя кругі, праз ix ляцелі гарачыя іскры. Жонка яго пані Ядвіга адмахвалася ад ix i крычала: «Стары баламут! Дом захацеў спаліць!? О матка боска!»
— О матка боска! Дай мне сілы,— прашаптаў машыніст. — Я не часта прасіў цябе. Будзь добрая. Памажы. Можа, апошні раз прашу.
— Што, дзядзька? — пачуў Валодзька яго шэпт.
— Там... біклага... Скокні набяры вады ў канаве.
Халодную, мутную снежную ваду піў доўга, прагна, нагбом з драўлянай біклагі, i два струмені цяклі па барадзе, за каўнер бруднай таўстоўкі, па атласнай душагрэйцы.
Ззаду на платформах затупалі, загаманілі людзі. Нехта прабег міма паравоза, цяжка дыхаючы, шоргаючы ботамі па жвіры насыпу.
Пярэдні паравоз даў вясёлы гучны гудок, які, напэўна, далёка пачулі i свае i ворагі: «Даю поўны ўперад!»
Уладзіслаў Францавіч адказаў яму гэтак жа весела: «Набраў ціск! Можам ісці на двайной цязе!»
Таварыш адказаў яшчэ весялей: «Цудоўна!»
Добруш праляцелі з хуткасцю ветра. Чырвонагвардзейцы Маскоўскага атрада, якія трымалі станцыю, ледзь паспелі адсалютаваць вызваленаму браняпоезду. Лагуноўцы з платформаў адказалі ім салютам ужо за станцыяй, пад лесам.
Спыніліся ў Закапыцці. Тут нямнога засталося людзей — усіх кінулі на перадавую. Але тыя тылавікі, што засталіся, таксама сустрэлі браняпоезд салютам.
З паравоза саскочыў Арэф'еў. З браніраванага вагона — Лагун. Пайшлі насустрач адзін аднаму. Радасна ўсміхаліся.
— Дай, камісар, я пацалую цябе. Дарагі ты чалавек! Залаты бальшавік. Далібог, не думаў, што ты такі. Праўду кажуць людзі...
Лагун сваімі вялізнымі ручышчамі абшчапіў Арэф'ева. Таму зрабілася трохі нават няёмка, што на вачах у байцоў атрада яго, камісара, абдымаюць i цалуюць, як бабу.
Ды раптам над галовамі ў ix спалоханы дзіцячы крык:
— Дзядзечкі! Дзядзька машыніст памірае.
Лагун выпусціў Арэф'ева, кінуўся ў паравозную будку. На руках, як дзіця, вынес адтуль Плавінскага.
Стары быў у непрытомнасці: апошнія сілы пакінулі яго, як толькі ён нацягнуў ручку тармазоў. Добра, што Валодзька падтрымаў яго i ён не зваліўся.
Лагун нёс яго ў праходзе паміж двума саставамі — цяплушкамі i браніраванымі платформамі, у роспачы, з болем клікаў:
— Дзядзька Уладзіслаў! Таварыш Плавінскі. Што з вамі?
Машыніст расплюшчыў вочы, пазнаў камісара браняпоезда, усміхнуўся, пахваліў таямнічым шэптам:
— Малайцы. Дзякую.
— Вы — герой, таварыш Плавінскі. Вам дзякуй. Ад імя рэвалюцыі. Але што я вамі?
— Астма.
— Якая астма?! Вы ж паранены! Глядзіце — кроў.
Арэф'еў убачыў, што целагрэйка машыніста i штаны заліты крывёй.
— Санітараў сюды!
Прыбеглі санітары. Старога паклалі на насілкі.
— Прабачце, Уладзіслаў Францавіч,— каяўся расчулены, усхваляваны Лагун, — Я дрэнна пра вас падумаў. Палічыў, што вы да немцаў падаліся.
Машыніст зноў усміхнуўся.
— Нічога, Авяр'ян, нічога. Гэта ў цябе ад маладосці. Пастарэеш — навучышся разбірацца ў людзях. Я вось разабраўся i ўбачыў, дзе людзі, а дзе... вікжэль...
Не ўсе пачулі i амаль ніхто не зразумеў апошняе слова старога. Арэф'еву здалося, што ён сказаў: «дзе людзі, а дзе жужаль».
Раненага панеслі ў санітарны.
Лагун заняўся браняпоездам. Праз якую гадзіну невядома дзе, у каго на гэтым глухім раз'ездзе раздабыўшы чырвоную фарбу, ён асабіста сам, скінуўшы свой чыгуначны шынель, пачаў аднаўляць на бранявой пліце назву браняпоезда. Яму памагаў Валодзька. Побач стаялі чырвонагвардзейцы, любаваліся ix працай. Давалі парады. Лагун узбуджана лаяў немцаў:
Читать дальше