— Чулі? Ужо — палку? Я ж казаў: ён прымярае пагоны!
Арэф'еў не звярнуў увагі на зняважлівыя Лагуновы словы.
— ...палку Чырвонай Арміі даручана трымаць абарону на гэтым участку... аб'яднаць мясцовыя атрады. Як камісар палка, я выконваю загад партыі! Я забараняю ўсялякія дзеянні, якія могуць справакаваць наступленне немцаў. Хто парушыць,— буду патрабаваць рэвалюцыйнага суда i расстрэлу.
— Ды пайшоў ты, ведаеш куды! — крыкнуў Лагун, але не вылаяўся: раптам павярнуўся i кінуўся з хаты, грукнуў дзвярыма так, што зазвінелі шыбы.
Арэф'еў сказаў Арлу:
— На тваю адказнасць, Міхайлавіч. Твой атрад трымае абарону.
— Не бойся, Ягоравіч. Будзе парадак.
— А вы, таварышы, пастарайцеся астудзіць гэтую гарачую галаву, — кіўнуў ён на дзверы.
Бахцін адвёў вочы.
Куліненка ўздыхнуў i закашляўся.
Арэф'еў па-вайсковаму казырнуў на развітанне. Але каля печы спыніўся, працягнуў руку гаспадыні.
— Дзякую за хлеб-соль.
Леснічыха збянтэжылася да слёз.
— А божачка, няма за што. На здароўе вам.
Гарматны стрэл падхапіў Арэф'ева, быццам снарад разарваўся ў яго над галавой. Ён выскачыў з цяплушкі, дзе гутарыў з камісарамі рот. Першая думка — пра гамяльчан: усё-такі пачалі? Гэтая ix звышрэвалюцыйнасць можа стаць здрадай рэвалюцыі. Дробнабуржуазная сялянсткая стыхія! Але тут жа ўспомніў, што ніводзін мясцовы атрад не мае артылерыі. Батарэя гаўбіц ёсць толькі ў ix, у масквічоў. Не магла ж яна без загаду адкрыць агонь.
Між тым, гарматныя стрэлы сталі часцейшыя і, здавался, набліжаліся. Арэф'еў кінуўся ў станцыйны будынак, дзе стаялі апараты тэлефоннай сувязі. Начальнік штаба Міхайлаў, былы паручнік, крычаў у трубку:
— Што там у вас здарылася?
— Ніхто нічога пакуль што не ведае. Страляюць за лесам, направа ад нас, дзе пазіцыі Лукіна.
Але ж у зводным батальёне няма гармат. Хто ж можа -страляць?
Хвілін праз колькі пазванілі з Плоскага. Гаварыў Арол:
— На ветку папяровай фабрыкі выйшаў нямецкі поезд i абстрэльвае дарогу на Часа-Рудню. Трэба думаць: рыхтуюць наступленне. Абходны манеўр. Усе выязджаем на перадавую.
Камісары рот стаялі каля ручной дрызіны, двое, самыя дужыя, трымаліся за рычагі.
Арэф'еў разам з іншымі памог разагнаць дрызіну. Ускочылі на платформу. Хлопцы качалі што ёсць сілы.
Сонца свяціла ў вочы. Чырванню гарэлі рэльсы. Арэф'еў успомніў, што раніцай ён любаваўся сонцам, якое стаяла на такой жа вышыні i гэтак жа — якраз над чыгуначнай прасекай, але з другога боку — з усходу. Было яно па-вясноваму ласкавае, мірнае. А гэтае, вячэрняе,— крывава-чырвонае, трывожнае.
За якія чвэрць гадзіны даехалі да завала — вялікага штабеля бярвенняў, што перагароджваў чыгуначнае палатно.
Па ўзлеску праходзіла лінія фронту. Кіламетры за чатыры віднеліся будынкі станцыі Добруш. Бой ішоў не на станцыі — у мястэчку, дзе над голымі вербамі ўзвышаліся бяздымныя закураныя коміны фабрыкі.
Гарматы замоўклі, але кулямётная i ружэйная страляніна ўчашчалася.
Камандзір роты, якая займала абарону каля чыгункі, ведаў ужо ўсе падрабязнасці — прынеслі веставыя, бо тут, у чыгуначнай будцы, быў камандны пункт усяго атрада, стаяў адзіны тэлефонны апарат.
Поезд з браніраванымі пляцоўкамі прыйшоў з Ларышчава на фабрычную ветку i абстраляў з гармат нашы пазіцыі. Гамяльчане i салдаты зводнага батальёна, узлаваныя такой правакацыяй, адразу ж пайшлі у контрнаступленне. Поезд адышоў. Бой ідзе з тымі немцамі, што чатыры дні назад уступілі ў Добруш.
Камандзіры i камісары не прасілі — патрабавалі, каб атрад тут жа выступаў. Людзі рваліся падтрымаць суседзяў — выканаць свой салдацкі абавязак. Хіба можна сядзець склаўшы рукі, калі побач гінуць таварышы?
Арэф'еў маўчаў, галава яго раскалвалася ад думак. Йяўжо немцы выкарысталі захоплены поезд, на браніраваных шчытах якога напісана імя Леніна? Якая подлая здзеклівая правакацыя! Але навошта яна ім, гэтая правакацыя? Няўжо мір зноў сарваны? Зноў вайна? Армія распушчана. Новая яшчэ не створана. Сілы няма. Адным энтузіязмам такіх, як Лагун, Бахцін, немцаў не стрымаеш. А да Масквы ўсяго шэсцьсот вёрст. Ад Петраграда немцы яшчэ бліжэй. Ён, Арэф'еў, чытаў загад Крыленкі: баі ішлі пад Псковам i Нарвай.
Камісар пазваніў у Закапыцце, спытаў у Міхайлава, ці няма якіх указанняў са штаба. Нічога не было. Прадыктаваў тэлеграму аб нямецкай правакацыі, загадаў паслаць яе ў Петраград, у Смаленск, у Маскву.
Сонца села. Змяркалася. Зноў на ноч браўся мароз.
Читать дальше