— Думаю, што ў мірным дагаворы ўсё распісана.
— Дагавор немцы навязалі драпежны, імперыялістычны. Сам таварыш Ленін гаворыць пра гэта ў тэлеграме...
— Але ёсць i такая тэлеграма,— Арэф'еў меў на ўвазе прачытаць гамяльчанам начную шыфроўку з захаваннем ваеннай тайны, але тут дастаў паперу з кішэні фрэнча i перадаў Бахціну. Усе, хто сядзеў з другога боку стала, з цікавасцю пацягнуліся да паперы, акрамя аднаго барадатага дзядзькі — камандзіра Веткаўскага атрада; селянін гэты не ўмеў чытаць.
— Думаю, гэта таксама паслана па ўказанні Леніна. Ніякіх правакацый на лініі спынення агню!
Грышалёў, між тым, сам адказаў на сваё пытанне:
— Мы абвяшчаем сябе неадрыўнай часткай Расійскай Савецкай рэспублікі, i калі немцы палезуць у нашы воласці, будзем біцца за кожнае сяло. У маім атрадзе больш за сто штыкоў, у Калініна — каля сотні. Так, Андрэй? Такія ж атрады ў Насовічах, у Пераросце, у Васільеўцы. Мы выставім цэлую армію!
Перадаючы тэлеграму на другі бок стала, Бахцін сказаў Арэф'еву:
— Дарэмна трывожышся, камісар. Мы не збіраемся біць немцаў у лоб. Будзем біць у спіну. Бачыш, мы позна снедаем. Як паны. Чаму, думаеш? Трохі не да дня сядзелі, раіліся, спрачаліся. I вось вырашылі паслаць ад Гомельскага Савета такое пісьмо. Праўда, не прыйшлі яшчэ да згоды — каму. Пісалі камандуючаму фронтам. Але прапануюць паслаць таварышу Леніну. Тады прыйдзецца напісаць інакш. Яно не зусім яшчэ гатова. Але паслухай,— Бахцін з унутранай кішэні сваёй зашмальцаванай ватоўкі дастаў пацёрты вучнёўскі сшытак, разгарнуў яго, прачытаў: «Ва ўсіх канцах нашага павета, нават у самых глухіх, ідзе арганізацыя нартызанскіх атрадаў без кіраўнікоў, без сродкаў, без зброі. Ахопленыя нястрымнай прагай пометы ненавіснаму ворагу рэвалюцыі i свабоды, збіраюцца яны ў асобныя атрады, часта нават не звязаныя паміж сабой, i калі ix прадаставіць самім сабе, яны асуджаны на пагібель. Улічваючы ўсё гэта, мы, выканаўчы камітэт Гомельскага Савета рабочых i сялянскіх дэпутатаў, цвёрда рашылі стаць на чале стыхійнага народнага руху, надаць яму планамернасць, стройнасць, i тады поспех на нашым баку. Ваш загад аб спыненні баявых дзеянняў з немцамі ў межах Расійскай Федэрацыі Рэспублікі не можа аднесціся да нас, мы — партызаны, i таму Ваш загад нас не датычыць. Каб мы выканалі загад i не пайшлі за працоўнымі масамі, тады мы больш не рэвалюцыянеры.
Пройдзе некалькі дзён, пачнецца поўнае разводдзе, дарогі стануць непраходныя для немцаў — мы ж усюды пройдзем. Вас іменем рэвалюцыі просім не перашкаджаць, але калі немцы... паспрабуюць прарвацца на Закапыцце, дайце тады ім там з вашымі войскамі дастойны адпор» [ 1 1 З заявы выканкома Гомельскага Савета галоўнакамандуючаму Заходнім фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй P. I. Берзіну: Берзін накіраваў заяву ў Савет Народных Камісараў з наступнай прыпіскай: «Даводжу да ведама ўсіх, што тут размова ідзе аб тылавых партызанскіх атрадах, якія мне не падначалены, i за ix дзеянні адказваць не магу».
]
Пісьмо было занадта катэгарычнае i спачатку насцярожыла Арэф'ева. Але апошнія словы супакоілі. Ен разумеў, што гамяльчане сапраўды не збіраюцца партызаніць тут, на лініі міру. A хіба можна запярэчыць супраць таго, каб там, у тыле, пад немцамі гарэла захопленая імі зямля? Няхай адчуе кайзер.
— Што скажаш, масквіч? — пераможна спытаў Лагун, усё яшчэ настроены амаль варожа і, па ўсім відаць, гатовы кінуцца ў бой, калі ён, Арэф'еў, адкажа не тое.
— Магу падпісацца пад такім дакументам.
Лагун ударыў па стале кулаком, — ажно падскочылі амаль ужо апусцелыя міскі з-пад капусты.
— Нарэшце чую голас партыйца! А то мне здавалася, камісар, ты пагоны прымерваеш на свой фрэнч.
Крыўдна было салдату Арэф'еву, які чатыры месяцы назад зрываў пагоны ў афіцэраў, чуць такое, але задзірацца ён не стаў: лепей не чапаць такога маладога i гарачага! Не хапала яшчэ пасварыцца тут. Не да сваркі. Затрывожыла іншая думка: «Чаму кіраўнікі падполля выйшлі сюды, за лінію фронту? Навошта склікалі камандзіраў мясцовых атрадаў? Ці не хочуць яны зняць гэтыя атрады з фронту i павесці ў тыл?»
Хворы Куліненка, расчырванелы ад гарачай бульбы, весела бліснуў вачыма — зусім не пануры чалавек, выходзіць.
— Добра, камісар, што ты разумееш нас. Над пісьмом, канечне, мы яшчэ падумаем. Калі Берзіну ці Мяснікову — можна i так. Калі ж таварышу Леніну — так нельга: «просім не перашкаджаць...» Ленін заклікаў да партызанскай барацьбы. Яшчэ калі былі ў Гомелі, нам з Віцебска перадалі копію тэлеграмы за подпісам Леніна: «Разбірайце пуці — дзве вярсты на дзесяць. Узрывайце масты!» Помніш, Міхаіл? Во што раіць Ленін!
Читать дальше