Арэф'еў сустракаўся з Лагуном ужо тройчы, i кожны раз два камісары разыходзіліся амаль што ворагамі.
Лагун страшэнна перажываў страту браняпоезда, смерць таварышаў i вініў у гэтым Маскоўскі атрад: адступілі раней часу, не падтрымалі... Кінуў нават у запале папрок у баязлівасці: «Скуру сваю ратавалі». Несправядлівы папрок, а таму вельмі крыўдны — для яго, Арэф'ева, i для ўсіх масквічоў. Не хоча хлопец зразумець, як ні даводзілі яму, што каб яны кінуліся тады на нямецкія гарматы i кулямёты, то паклалі б палавіну людзей. А каму гэта на карысць, траціць такіх людзей — гвардыю?
Лагун i цяпер нервова прасунуў па стале, па негабляваных дошках свае «кулачкі» па пуду вагой, загнаў стрэмку і, выцягваючы яе пазногцем, глянуў на госця спадылба, непрыветліва спытаў:
— Што, камісар, прыйшоў агітаваць за мір?
— A хіба вы супраць міру? — гэтак жа сурова спытаў Арэф'еў.— За мір змагаецца Ленін, партыя.
Такое пытанне трохі збянтэжыла Лагуна.
«Гарачы, але няспелы»,— падумаў пра яго Елісей Ягоравіч, адчуваючы сімпатыю да хлопца за яго збянтэжанасць.
За сталом сціхлі, насцярожыліся: надзвычай сур'ёзная размова пачыналася. Толькі Калінін, мабыць, не пачуў, пра што загаварылі,— заняты быў іншым клопатам.
— А мы яе вось сюды, — зняў ён з крука рэшата.
— Нядобра, Андрэй! Хто гэта бульбу ў рэшаце падае? Сорам! — спалохалася гаспадыня.
— Нічога! — падтрымаў Арол.— Мы госці непераборлівыя.
Калінін паставіў пасярод стала рэшата i вывернуў у яго з чыгуна бульбу.
На міг пахучая пара, як туман, закрыла тых, хто сядзеў насупраць, i Арэф'еў не заўважыў, як знікла збянтэжанасць з Лагуновага твару.
— Другі чыгун, Марына, стаў варыць у мундзірах. Абіраць няма калі.
— Нядобра з шалупкамі.
— Эге, ды вы тут распанелі. Багатыя,— азваўся адзін з тых, хто не назваў Арэф'еву сваё прозвішча.— На Палессі ў мундзірах вараць. Менш адыходу. Ды, бадай, смачней. Я дык люблю ў мундзірах.
— Прашу, таварышы,— запрасіў Калінін, паказваючы на бульбу i капусту.— Чым багаты... Яно не пашкодзіла б i па чарцы, але чаго няма, таго няма.
— Рэвалюцыя знішчыць гэтае зелле! — сказаў Лагун зноў-такі даволі сурова.
Арэф'еў убачыў, што хто-ніхто з камандзіраў, рэўкомаўцаў, людзей сталых, бывалых, усміхнуўся з такога катэгарычнага прысуду «зеллю». Яму таксама хацелася ўсміхнуцца, але ён падумаў пра іншае: ніхто не адказаў на яго пытанне. Няўжо гэтыя людзі супраць міру? Не можа быць. Яны ж добра ведаюць, што такое вайна. Яго думку як бы адгадаў Бахцін. Узяўшы бульбіну, перакінуў яе з далоні на далоню, падзьмуў i паклаў на стол. Сказаў:
— Не, таварыш, мы — за мір. Думаю, за гэтым сталом няма ніводнага чалавека, хто не хацеў бы міру. Колькі ў сёлах сірот, удоў! Мы ўчора начавалі ў вёсцы за Веткай. Сказалі людзям, што дагавор аб міры з немцамі падпісаны — сяляне плакалі. Ад радасці. Але, відаць, i ад гора. Хіба можа быць радасны мір для тых, у чые хаты нахабна ўваліўся чужы салдат? Вунь да Арла прыйшлі хлопцы з-пад Буды-Кашалёвай, расказваюць, як служкі нямецкага імперыялізму акружылі адну вёску i з гармат білі па жанчынах i дзецях...
Арэф'еў чуў пра нямецкія зверствы. Але нават імі нельга апраўдаць выступленне супраць міру. Яго абавязак — давесці гэта людзям...
— Мір патрэбны для перадышкі. Каб рэспубліка сабрала сілы...
— Усё гэта мы разумеем, таварыш,— цяжка ўздыхнуў хворы Куліненка; ён прастуджана кашляў, трымаў у далонях бульбіну i ўдыхаў гарачую пару.
— Трэба, каб арміі прымірыліся. Перадышка патрэбна, як хлеб i вада. Але народ, які скінуў з шыі свайго цара, які адчуў, што такое воля, не прымірыцца з кайзераўскімі акупангамі. Народ стыхійна ўзнімаецца на барацьбу...— упэўнена, як па пісанаму, гаварыў энергічны Бахцін; ён адзіны за сталом не адкусіў ні ад астылай бульбіны, ні ад скібкі хлеба, пакладзенага Калініным каля кожнага з гасцей, не зачэрпнуў драўлянай лыжкай капусты. Астатнія апетытна елі.
Бахціна перапыніў Грышалёў — падтрымаў:
— Немцы хочуць аддаць Гомельшчыну ўкраінскай радзе. Над гэтай маркай яны, канечне, палезуць у незанятыя яшчэ воласці, у ix жа дагавор з радай. Што ў такім разе нам рабіць?
Пытанне было нечаканае, i Арэф'еў не ведаў, як на яго адказаць. А па вачах усіх, хто сядзеў насупраць, ён бачыў, што ад яго чакаюць адказу. У Лагуна праз яго рабацінне вылазіла стоеная нядобрая ўхмылка. Складвалася недарэчнае становішча: выходзіла, што ён, камісар атрада, адзін супраць усіх, быццам перад ім не таварышы па партыі, a непрыяцелі. Нават разважлівы, вытрыманы Грышалёў i той вось як прыціснуў да сцяны!
Читать дальше