Ды раптам гады два назад, чытаючы дакументы тых далёкіх часоў, калі ішло змаганне за перамогу Савецкай улады, натрапіў я на зводку штаба Маскоўскай ваеннай акругі. Член франтавой калегіі Аралаў i член аператыўнага аддзела М'устафін 8 сакавіка 1918 года ў 20 гадзін данеслі ў штаб Маскоўскай ваеннай акругі:
«На Заходнім фронце, нягледзячы на заключэнне міру, баявыя дзеянні на ўчастку Гомель — Навазыбкаў не спыняюцца. 6 сакавіка пасля абстрэлу немцамі нашага атрада ў раёне станцыі Добруш з гармат i кулямётаў, якія стаялі на платформах поезда пад камандай рускага афіцэра ў пагонах падпалкоўніка, нашы войскі, моцна ўзлаваныя гэтым, перайшлі ў наступленне i кароткім ударам занялі станцыю Добруш. 7 сакавіка бой працягваўся. Мы прасунуліся ўперад i адбілі страчаны тры дні назад браніраваны поезд «Таварыш Ленін».
Дык вось адкуль вынікла леі'енда, якую расказвала маці!
Іду па слядах падзей, якім больш паўвека.
Камісар атрада Елісей Арэф'еў выйшаў з цемнаватай кватэркі начальніка раз'езда і... заплюшчыўшыся, захлынуўся ад святла i паветра. Раніца была дзівосная, казачная. Такая можа быць толькі ў сакавіку, напрадвесні. I толькі вось тут, сярод лесу, на маленькім раз'ездзе, дзе навокал амаль першабытная прырода. Сапраўды, лес амаль не крануты рукой чалавека, з двух бакоў падступае да самага насыпу,— лісцвены лес, нізінны: дубы, асіны, грабы, вольхі. Пад дрэвамі ляжыць яшчэ снег. Снег ужо крануты вясной i людзьмі, што асталяваліся тут. Але ад начнога мароза ён i падшэрх i дзіўна звініць пад нагамі ў байцоў. Над галавой, на старых ліпах, што ўзвышаюцца над станцыйным будынкам,— птушынае вяселле. Колькі ix там! Спяваюць на ўсе галасы! Ён, камісар, масквіч, гараджанін, нават не ведае, як яны называюцца, гэтыя спявачкі ранняй вясны... Вераб'ёў ён ведае. Але вераб'ёў там, здаецца, няма. Яны вось тут, пад нагамі,— асмялелі i пырхаюць, скачуць на насыпу, каля цяплушак, на дахах вагонаў, каля кухні, што мірна дыміла на тым баку пуці на прыстанцыйнай паляне паміж штабялёў бярвення i шурак бярозавых дроў. Чаго-чаго, a паліва хапае тут!
Блакіт неба ажно рэзаў вочы. Сонца сляпіла. Яно толькі ўзнялося над лесам i стаяла акурат над чыгуначнай прасекай, якая тунелем, звужаючыся ўдалечы, рассякала лес рэйкамі, што, бліскаючы зайчыкамі, ляцелі на ўсход.
Арэф'еў, чалавек гадоў пад сорак, з юнацкай рамантычнай узнёсласцю падумаў, што сонца ўзышло ў Маскве. Ад думкі такой стала хораша.
Прыслухаўся. Панавала цішыня. Не, ён не чуў больш, як весела, з пералівамі спявае піла — піляць дровы каля кухні, звініць снег i шаргоча пясок па насыпу пад нагамі, шчабечуць птушкі. Ён слухаў іншую цішыню, жаданую, доўгачаканую,— цішыню міру. Ён, як мільёны іншых салдат, марыў пра яе, такую цішыню, змагаўся за яе. I вось нарэшце здзейснілася гэтая ўсенародная мара. Пазаўчора атрымана тэлеграма Крыленкі, што ў Брэсце падпісаны мірны дагавор. Вярхоўны Галоўнакамандуючы загадаў спыніць усялякія ваенныя дзеянні i заставацца на сваіх пазіцыях.
Загад яны выканалі.
Ix Маскоўскі чырвонагвардзейскі атрад, штаб яго, тылы, размясціліся на гэтым лясным раз'ездзе Закапыцце, адкуль можна звязацца па тэлеграфе з цэнтрам. Баявыя роты — там, на ўзлессі, пад Добрушам, з якога яны мусілі тры дні назад адступіць пад націскам кайзераўскіх войск.
Цішыня жаданая, але нярадасная. У Елісея Ягоравіча сціснулася сэрца. Во куды, гады, дапялі — да Масквы рукой падаць! У снежні, калі Троцкі сарваў перагаворы, ix атрад маскоўскіх пралетарыяў паслалі ў Калінкавічы, каб памагчы знясіленай арміі стрымаць нямецкі наступ. Але старая армія па сутнасці развальвалася, а новую рэвалюцыйную армію не паспелі япічэ стварыць. Чатыры месяцы ўсяго жыве Савецкая рэспубліка! Праўда, народ на Палессі — у гарадах, у сёлах — узнімаецца на немца. Але зноў-такі, каб арганізаваць, узяць пад кантроль партыі, узброіць, навучыць гэтыя стыхійныя атрады — патрэбен быў час, а яго не хапала.
Акрамя загаду Крыленкі, сёння ўначы прыйшла шыфроўка камандзірам, камісарам, рэўкомам, саўдэпам прыфрантавых паветаў: усімі сіламі захоўваць умовы міру, не адказваць на нямецкія правакацыі i асабліва пільна сачыць за тымі, хто хоча сарваць мір да склікання Надзвычайнага Усерасійскага з'езда Саветаў, які павшей зацвердзіць Брэсцкі дагавор.
Арэф'еў ведаў з друку, ад таварышаў, што прыязджалі з Масквы, якое змаганне прыйшлося весці Леніну за гэты мір, як нялёгка было Ільічу даводзіць нават некаторым бальшавікам, што калі не заключым мір цяпер, хоць бы такі, цяжкі, рабаўніцкі, будзе яшчэ цяжэй — народу, партыі, краіне.
Читать дальше