* * *
A ўчора, правёўшы госцю-дачку на стаўбцоўскі аўтобус, у полі за апошнімі беражэнскімі хатаMi спыніўся — паглядзець на сонца.
Яно, як гаворыцца, узышло i пастаяла. Такое добрае, не вінаватае за ўсе зацяжныя дажджы i гвалтоўныя навальніцы, нават у палавіне верасня. I захацелася сказаць яму:
— Добры дзень! Даўно ж не бачыліся!..
* * *
Даты жыцця вядомых мне i менш вядомых пісьменнікаў выклікаюць часамі ды міжволі думку: як мала пражыў, a колькі зрабіў! I пераходзіш да самога сябе: больш ужо не зробіш, можна толькі даточваць да ранейшага.
* * *
Ледзь не суткі з транзістарам. «Ледзь» таму, што толькі позна ўвечары З кастрычніка от так сабе ўключыў радыё i дачуўся. А тады ўжо было не адарвацца. У асабістай, айчыннай, усясветнай трывозе...
Калі закончылася перамогай — адчуванне тое ж, што i ў жніўні дзевяноста першага, толькі, здаецца, шырэй i глыбей i трывожней.
I нічога больш не магу напісаць, наваг пра кроў i пакуты...
...Учора i сёння (пішу ўранку 7-га) у гэтай перамозе змрочна, пакутліва выплывае братазабойства — на пярэдні план...
* * *
Часта бывае такое: толькі прачнешся — адразу ж успамінаецца нешта ўчарашняе, што ці зрабіў, ці сказаў не так. Дакор самому сабе.
Сёння ж, калі прачнуўся перад чацвёртай гадзінай (цяпер без дваццаці шэсць), адразу згадалася пачутае днямі па радыё:
Як салдацікі ўнутраных войскаў, «некаторыя», паразбягаліся былі ад Белага дома, ад мэрыі або Астанкіна, а цяпер бацькі — ужо сапраўды некаторыя — не адпускаюць ix, сваіх васемнаццаці-дваццацігадовых хлопчыкаў, зноў у пекла братазабойства.
Не цяжка мне ўявіць такое — ужо не з сынам, а з унукам, які не на вельмі далёкім падыходзе да салдатчыны.
А суд над такімі бацькамі — якая сучасная тэма!..
* * *
Учора быў вечар «Новай зямлі», які вёў Ніл Гілевіч. Ён i падбіў мяне на імправізаванае выступленне. Што ж, заўсёды ёсць што на гэтую тэму сказаць. Я гаварыў пра вечнасць тэмы, згадаў «веленью божьему, о муза, будь послушна», чым кіраваўся ў гэтай сваёй рэчы Колас, якога ў розныя часы, адпаведна модзе ды пагодзе, лаялі то за адно, то за другое, а яна, гэтая рэч, стаяла на сваім, сапраўды народным, проста i натуральна глыбокім.
А нашы моднікі, учора адзін, а раней другі, падганяюць паэму (раман) пад яшчэ раз новае — прыватызацыю зямлі...
* * *
Ад ранішняй хатняй халоднай няўтульнасці. Калі мы ў дваццаць другім вярталіся з Адэсы, у Мінску быў каранцін, так сказаць, развітальны, a ў Баранавічах — прывітальны. Колькі мы там стаялі, не памятаю, успомнілася толькі маміна адтуль, ад польскіх ці прапольскіх жанчын пачутае:
Хоцяж глодны, хоцяж хлодны,
але жыву свабодны!
Іхняя тады свабода была выразнейшай за нашу сёння...
* * *
На мацыённай праходцы з гаспадаром сабака-баксёр, віслагубы здаравіла, для размінкі напаў на тратуары на бяздомнага дварняка. Як ён, бедны, якатаў пад ім! Гаспадар баксёра — я гэта чуў ды бачыў зводдаль — перабег цераз вуліцу, адцягнуў свайго, i вось я ix сустрэў. Спераду цёпкаў адзін задаволены здаравіла, а за ім, побач з субяседнікам, таксама вясёлым, другі, двухногі, ca спецыяльным павадком у руцэ.
I ўспомніўся падобны ў чарзе да натарыуса. Як яму вельмі ж па-дзелавому не стаялася разам з бабамі i дзедам-пенсіянерам, як ён потым з нуды падключыўся да гутаркі жанчын пра злыбяды часу i вылажыў нам сваё крэда.
Бацька яго, аказваецца, «усё хацеў, каб сумленна», i застаўся на старасць «з голай задніцай». А ён вось вырашыў інакш. Для сябе самога — i толькі!..
* * *
З урачыстага пераднавагодняга вечара ў Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі шаноўных гасцей, ветэранаў культуры, абцяжараных цэлафанавымі торбамі, развозілі на машынах. Першымі ўшанаваны былі найстарэйшыя. Ветлы шафёр дапамог i старэнькай артыстцы, i нямогламу паэту, i зусім ужо разгірачанаму кампазітару i выйсці з машыны, i дайсці да ліфта. А я, наймаладзейшы ў гэтым экіпажы, бадзёранька падзякаваў, адмовіўся.
Назаўтра, абедаючы ў нас, не стары яшчэ, талковы i няблага, як на гэты час, забяспечаны госць-сваяк, частуючыся кансерваванай вяндлінай з таго нямецкага падарунка, сказаў, што гэта крыўдна i абразліва — уся такая «гуманітарная дапамога».
А я не адчуваў чамусьці крыўды i абразы. Калі атрымліваў ды вёз дахаты тую цяжкую гуманітарнасць, нават прыемна думалася пра ператомленую чэргамі i вар'яцтвам цэнаў гаспадыню. I потым не адчуваў, пачуўшы ад госця па сутнасці справядлівы папрок. A назаўтра, раней як заўсёды прачнуўшыся, зноў думаў пра тое «крыўдна i абразліва».
Читать дальше