10% — гэта для беларускага ў планах нашых выдавецтваў, а «выдумка интеллигенции»... наша мова.
Дык вунь ажно адкуль яно ідзе!..
З цвярозай асцярожнасцю я адказаў яму:
— На эту тему лучше говорить с утра.
У сэнсе — праспіцеся. Бо вячэралі мы з віном [ 41 41 Запісана ў Іспаніі.
].
* * *
Пасля граната, які на хаду па алеі непрыстойна сарваў наш шахцёр, фінікі на пальме былі для яго завысока. Спалучэнне прастаты з новай, сучаснай якасцю — самаўпэўненай развязнасцю «гегемона».
1975
Дастаеўскі. «Бесы»:
«Человек несчастлив потому, что не знает, что он счастлив».
Гэта я ўжо чытаў даўно, у загорскім адрыўным календары, і сустрэў цяпер як знаёмае, нават неяк усцешана.
А гэта гучыць як прароцтва:
«Все они, от неумения вести дело, ужасно любят обвинять в шпионаже».
* * *
Лепш ужо адкрыты, шчыры капіталізм, з яго супрацоўніцтвам з народнай уладай, чым такія «марксісты», што едуць у Кракаў на адпачынак, каб там патаемна адмольваць, выспаведваць свае, «неабходныя для кар'еры», грахі.
Пан Г. у кракаўскім аддзяленні «паксу», расказваў мне пра такіх «зусім без выразнай пазіцыі», але праўдзіва.
* * *
Думаў здалёк [ 42 42 Запісана ў польскім гарадку Картузы.
] пра бедную Беларусь, што так і не ўмее, так і не можа быць сама сабой, хоць і не горшая — ні мовай, ні талентамі, ні шчырай душою — за іншых. (Нават пісаць такое як быццам баюся.)
* * *
Смоляр [ 43 43 Гірш Смоляр (1906—1993) — яўрэйскі публіцыст.
] у Ізраілі як быццам піша пра... «антысемітызм» у партызанах.
А мне ўспамінаецца, як нас на нейкі час перавезлі былі з «Камсамольца» ў «25 беларусаў», у атрад імя Будзённага. Кухар, калі мы рэдакцыйным гуртам прыйшлі да катла: «Гэтаму хлопцу дам, а гэтаму жыдку — не». Мне і Смоляру. Ён адышоўся, лёг пад сасною і плакаў: «Котелок супу, е. т. м.!..» А я пайшоў да мясцовага камісара. Вусаты настаўнік гісторыі Лукашэвіч, з якім я потым рад быў сустракацца (першы раз пасля вызвалення — на стагоддзі Міцкевіча, калі ён, Лукашэвіч, быў старшынёю калгаса), загадаў тады паклікаць таго кухара і сказаў яму пры мне:
«В первую очередь, самого густого, жирного, и еще по котелку свежего молока три раза в день! Ты знаешь, что это люди вредной профессии?..»
Такі антысемітызм я памятаю.
Памятаю і тое, як ён, Смоляр, крычаў на другога яўрэя, Мар'яна: «Што, без цябе не было каму' ехаць у раён, трапіць там на засаду?» І сёе-тое іншае. А такі ж цвёрдакаменны быў камуніст!..
* * *
Сястра вядомага партызана, і сама сувязная, красуня «выйшла» (па-ваеннаму) за камісара брыгады. Добры чалавек, якога мы паважалі больш за ўсіх іншых начальнікаў. Ад'ютант, чаркес Хачукоў, запрагае сівую, у яблыках, камісарскую Лізу. Потым з зямлянкі выходзіць злосна заплаканая камісарша, садзіцца на воз і — паехалі, пагрукалі па карэнні. Камісар стаіць каля свае зямлянкі, я — каля нашай, разведчыцкай. Я нашмат маладзейшы за яго, кадравага афіцэра з акружэнцаў, ён ведае, што я пішу, і ён мне кажа:
— Видал, Ваня, третий раз потрошить повезли.
Яна паехала ў яўрэйскі сямейны лагер, рабіць аборт.
І сама была не такая бяскрыўдная. Ідзе пасяджэнне штаба міжрайцэнтра, начальства ў нас — з пяці брыгад, з самім Царуком на чале. А яна зварыла на вогнішчы абед і гукае ў прастору:
— Саш-ша, иди иску-шай!
За трэцім разам ён адгукаецца са штабное хаты:
— Мне некогда, здесь заседание штаба!
— А чтоб ты там лопнул вместе со своим штабом!..
Пасля вызвалення, ужо ў райцэнтры, на брыгаду прыслалі трохі партызанскіх медалёў. Што там яна гаварыла свайму камісару сам-насам — можна здагадвацца па тым, што яшчэ і на ганак выйшла следам і прасіпела:
— Помни, е. т. м., если ты дашь мне вторую степень!..
Неўзабаве да камісара прыехала з Расіі жонка з малымі і папрасіла лясную вон. Нешта праз год я бачыў на Камароўцы, як яна, палінялая красуня, прадавала нейкі салатавенькі світэр.
Ці мы калі-небудзь будзем пісаць пра партызаншчыну ўсё?..
1976
Сын вельмі хацеў быць афіцэрам і стаў ім, а потым яго прывезлі з кітайскай граніцы ў цынкавай труне, і бацька сядзіць цяпер перад хатай на лаўцы — так недалёка ад магілы свайго адзінага...
...І яшчэ адно, пра што маўчым:
Малады таксіст, сонечным ранкам везучы мяне ў Каралішчавічы, расказваў, як ён з яшчэ адным салдатам і лейтэнантам суправаджаў калісьці з Чэхаславакіі ва ўкраінскае сяло таксама цынкавую труну. Як маці салдаціка (так жа іх здаўна называюць у народзе), галосячы, «лезла біцца» да лейтэнанта: каб адкрылі тую труну, каб зірнуць не праз шкло акенца, а на ўсяго,— што з ім зрабілі...
Читать дальше