* * *
Чорнаму не пакінулі нават назвы роднае вёскі: «Тимковичи»... Перад выпускным вечарам школа прыйшла ў музей. Успамінаючы сваіх дзяцей: Андрэі — у гарнітурчыках, у большасці купленых да гэтай даты, і Галі ды Наташы — у белых, як падвянечных, сукенках. Настаўнік, амаль зусім чыста гаворачы па-беларуску, расказвае ім, як навічкам, пра Чорнага, а на заканчэнне паведамляе, што Іра, дачка пісьменніка, прыязджала сюды з сынам («Яны купілі «Жыгулі»), і што яна «добра гаворыць па-беларуску», і сын яе — о, радасць якая! — хоць і малы, а таксама...
Зноў думалася — і там, у Цімкавічах, і тут, у Капылі, учора над возерам — пра Чорнага. Якога пісьменніка змарнавалі!
«Biada ludom, co swoje mordują proroki!..» [ 36 36 «Гора народам, якія знішчаюць сваіх прарокаў!..» З верша Адама Міцкевіча «Да рускіх сяброў».
]
* * *
У калгасным доме адпачынку.
Таварыш чакіст (сам так гаворыць пра сябе) у гэтым годзе выйдзе на пенсію. Вудзіць рыбку і сушыць яе, насіляўшы на нітках на верандзе. Адпачываючы пасля абеду, расказвае, як удзельнічаў у раскулачванні тут, у Заходняй, у 1951 годзе.
У хаце падлога земляная, на ямах, удава і трое дзяцей: дзяўчына-камсамолка, працуе ў магазіне працэнтшчыцай, і хлопчыкі-блізнюкі, гадоў па дзесяць. Калі сказалі ёй, каб збіралася, баба павалілася на зямлю, галосячы, а хлапчукі схапіліся ў запечку біцца за чаравікі — каму абуць іх, бо адна пара на двух. У хляве быў парсючок. Дапамагалі таварышы жанчыне так: парсючка аддалі суседу, з ў таго ўзялі трохі сала ды кумпяк, каб ёй было з дзецьмі на дарогу, бо чалавек той якраз закалоў свайго.
— А за што ж вы яе? — пытаецца кацельшчык.
— Сігнал быў, што муж яе пры панах быў правакатарам.
— Няхай ён быў, ну, а яна, а дзеці чым вінаваты?
— А што ты хочаш ад нас? Мы — слугі народа, у нас быў загад!..
Як той Befehl [ 37 37 Загад (ням.)
], якім апраўдваліся нямецкія ваенныя злачынцы.
* * *
Некалькі дзён пад цяжкім уражаннем ад могілак на Чыжоўцы.
Ямы каля ямаў, аркестр налазіць на аркестр, танная пошласць вянкоў, прамоў...
Калі мы вярталіся ад магілы беднага Валодзі Нядзведзкага, збоку я заглянуў у яшчэ адну труну, ужо на людскіх плячах, знятую з машыны. Блатное слова ўспомнілася: «жмурык». І той, яшчэ адзін,— з разяўленым ротам, у кветках,— не даваў мне спакою доўга...
У вёсцы пахаванне бывала рэдкай падзеяй, з могілкамі вясковымі звязана нейкая таямнічасць, краса. А тут — «прамысловасць» нейкая, спешка, стандарт. Як з будаўніцтвам — абы-як, абы сабраць пад дахам тых, што ўцякаюць з вёскі ў горад. І таму такая сумота і холад...
* * *
Удвая больш раёнаў, адпаведна — больш начальства. Сапраўдных злачынцаў шукаць было нялёгка, а план трэба было выконваць і перавыконваць...
У блакаду Налібоцкай пушчы карнікі ўзялі двух дзядзькоў паказаць дарогу ў далейшыя вёскі, а ім пасля — па дваццаць пяць гадоў...
Траім дзяўчатам было семнаццаць, шаснаццаць і пятнаццаць гадоў. Як яны там ведалі тую нямецкую мову пасля сямігодкі! А карнікі ўзялі іх за перакладчыц. Для каго? Там жа іх, карнікаў, больш было не немцаў. «Для ночы» ўзялі, павазілі пяць дзён па вёсках і адправілі ў Нямеччыну. А вярнуліся яны адтуль — адной далі дваццаць пяць, другой дзесяць, а наймалодшай, якую тады старэйшая сястра ўзяла з сабою — пяць гадоў — па году за дзень! — «за антыкалгасную агітацыю»...
«Быў час, была эпоха!..» [ 38 38 Запісана пры чытанні ў КДБ архіўных матэрыялаў для кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
]
* * *
Зноў прыгадаўся той начальнік, што можа так сабе што-небудзь забракаваць, не пусціць... Як, для прыкладу, той маскоўска-цакоўскі Мяленцьеў, што забракаваў у «Раман-газеце» Адамовіча, «Хатынскую аповесць».
Проста так — возьме і забракуе, не пусціць. І нічога яму не зробіш.
* * *
Двойчы было прыкра:
Калі не пазнаў ля газетнага кіёска, што стары, які лез без чаргі па цыгарэты,— інвалід вайны з кіёчкам, а я яму зрабіў заўвагу толькі як курцу.
Другі раз — сёння ў магазіне, калі маладзенькая прадаўшчыца тройчы «не пачула» маю просьбу, бо абслугоўвала літоўцаў, і я ёй выгаварыў за нацыяналізм [ 39 39 Запісана ў Друскеніках.
].
Смешна гэта і горка — беларусу быць рускім вялікадзяржаўным шавіністам, якім яна мяне напэўна палічыла.
А той стары ўзяў ды ціха пайшоў ад кіёска, не купіўшы цыгарэт, а я яму здаўся, відаць, такім жа здаравенным грубіянам, які днямі самому мне нізашто нагрубіў у чарзе па ёлачныя цацкі.
* * *
Заўвагі найвышэйшага начальніка на палях даклада, які яму напісалі:
Читать дальше