* * *
Запісваю тое, што ўчора ўвечары падумалася пра маё «Забалоцце». Як мне міжвольна стала балюча ад той ілжы дзеля racji stanu, [ 17 17 Racja stanu — інтарэсы дзяржавы (польск.)
] якую я гарадзіў, браў штурмам, заплюшчыўшы вочы, дабіваўся газетнай праўды і лірычнай лёгкасці. «За Мінскам (ці пад Мінскам) былі, калгас выдатны бачылі...» І ён іх, маіх герояў, пераканаў у перавазе калгаснага ладу. Як гэта мелка! А сам я да таго часу бачыў адзін калгас пад Мінскам, Валодзькаў, калі мы, я і Паслядовіч, суправаджалі групу гродзенскіх аднаасобнікаў, гасцей «Савецкага селяніна». Было ў тым калгасе і добрае, але больш было прыгараднай ды пацёмкінскай паказухі. Нельга было не верыць у гаспадарскую радасць старшыні калгаса, які паказваў нам выдатнае жыта і добры статак. Але ж памятаецца і тое, як Фясько, рэдактар газеты, падвыпіўшы за багатым калгасным сталом, прызнаўся мне на вуха: «Гэты стол каштаваў мне 5 тысяч». Было і добрага многа,— і гэта я кажу не ў апраўданне самому сабе,— добрага ў нашых мясцінах, у нашых маладых калгасах. І я быў шчыра рады яму, пісаў пра гэта шчыра. Але ж было і вельмі шмат такога, пра што маўчаў, бо маўчалі тыя, каму я верыў. А па вёсках Заходняй хадзілі з торбамі ўсходнікі і ў хатах хрысціліся на іконы і маліліся ўголас:
«Каб вам, людзі добрыя, не дажыць да таго, што ў нас!..»
Словам, сёння я гатовы да грунтоўнага растлумачэння, чаму аповесць мая — слабая, дрэнная. Я толькі моцна адчуў учора боль ілжы, боль віны перад праўдай жыцця.
* * *
У Талстога ёсць пра радасць сабачкі, якога гаспадар пачасаў за вушамі. Дурман не толькі пахвалы, але проста «высокого общения» з начальствам дзейнічае на чалавека адмоўна, аслабляе яго волю і самастойнасць.
Нават і я — маю права на гэтае «і я» — адчуваў сябе трохі, як той сабачка, седзячы на гутарцы на самым высокім узроўні. «Маю права» — таму, бо магу ўсё-такі цвяроза глядзець на рэчы, магу аналізаваць з'явы і асобы больш незалежна і сумленна, чым некаторыя, дый многія з маіх калегаў. Дурман гэты прайшоў вельмі хутка. Дый там я не вельмі паддаўся яму, не віляў. І думалася: як жа паводзяць сябе тыя службісты, што ходзяць туды адны і гавораць у больш «інтымных» абставінах, што за гэткае пачэсванне за вушамі гатовы не толькі найвышэйшаму, але і самаму маленькаму інструктару нагаварыць вернападданай лухты — колькі ён хоча ды яшчэ і з коптарам...
Культ асобы пачынаецца ад пят, а не канчаецца ён у нас — аніяк.
* * *
Учора вячэраў з двума гасцямі, адзін з якіх, сімпатычны мне чорнарабочы вайны, перамогі над фашызмам, расшчыраны чаркай, расказаў, як у Германіі, улетку сорак пятага года, яго судзілі. І цяжка мне стала ад гэтага расказу, ажно запісваю, каб неяк расквітацца з гэтым цяжарам, балючым і складаным...
У хлопца немцы — не проста фашысты, уласаўцы, паліцаі і немцы, а іменна нямецкія салдаты — замардавалі ўсю сям'ю. Дзеўка, што ацалела нейкім цудам, расказвала, як яго старая маці крычала ад перадсмяротнага жаху, а маленькая дачка супакойвала яе, сваю бабулю:
— Бабка, не крычы!..
(Успомніў зноў, пасля ўчарашняга, як глядзеў у нейкай кінахроніцы: маці забіта, а маленькі в'етнамчык плача рукамі, бо кадры нямыя, трасучы імі ў святым, капрызным пратэсце...)
І вось гэты хлопец, якому было ўжо дваццаць дзевяць гадоў, насіў у простай душы столькі нянавісці і прагі помсты, што яму мала было разгрому вермахта, капітуляцыі. Ён расказвае, як ехаў на «студэбекеры», адзін у машыне, і на дарозе Дрэздэн — Берлін дагнаў калону бежанцаў, што вярталіся з поўдня на поўнач. Пехатой, у калясачках, з нейкай маёмасцю.
— Я азірнуўся — нікога няма. Ну, думаю... І пачаў іх ламаць!.. Потым мяне даганяе на «вілісе», ён трубіць. Я ўцякаю. У гараж прыляцеў, паставіў машыну...
(Мне нібы хочацца, ды я баюся, як кашчунства нейкага, спытацца пра кроў на скатах...)
— ...Выйшаў, іду, бачу, яшчэ тры малыя, гадоў па чатырнаццаць, купаюцца ў купальні. Цаглінаю пазабіваў...
(Мне трэба, мусіць, пратэставаць, я адчуваю, што на гэтым канчаецца мая ранейшая сімпатыя да гэтага чалавека, але я маўчу. Мне толькі вельмі ярка ўяўляюцца тыя хлапчукі,— як заўсёды цяпер,— праз майго хлапчука, які вельмі любіць купацца...)
— ...Арыштавалі тады мяне, кажуць, што на дарозе я задушыў восемдзесят шэсць чалавек. «Душыў,— кажу,— і буду душыць!» «Не,— кажуць яны, з асобага аддзела,— цяпер ужо мы табою зоймемся». Судзілі мяне паказацельным, разам з нейкім сяржантам, што зарэзаў у бойцы таварыша. Далі мне дзесяць гадоў.
— І што?
Читать дальше