А потым i свята было, святы дзень паэзіі, калі ён,новы Куляшоў, чытаў нам — Лужаніну, Караткевічу i мне — вершы са сваёй «Новай кнігі». Зноў жа ў Каралішчавічах, вясной шэсцьдзесят другога, у яго любімым ценевым пакоі, з радасным сонцам на соснах, за вялікімі вокнамі. Ранняя была тады вясна. У мяне запісана, што ўжо 13 красавіка я пачуў салаўя. I такое затсана, тыдні праз два: «Як гэта добра, што на нашай мове ёсць яшчэ i паэзія Куляшова!..»
Неяк Аркадзь расказваў, што, ідучы на сустрэчу са сваімі каўказскімі сябрамі, ён проста баіцца: ці зможа гаварыць з імі пра ix паэзію, пра новыя вершы з надежным напалам хвалы. Бо, праслухаўшы новае, проста сказаць, што ты, браце ці дружа, напісаў добры верш або добрыя вершы — гэтага будзе ледзь не да абразы мала...
Пра яго «Цунамі» я гаварыў у дакладзе, двойчы прачытваў паэму для трох абзацаў пра спалучэнне майстэрства i глыбіні. Пра «Хамуціуса» паспеў сказаць яму асабіста. А пра «Варшаўскі шлях» не сказаў... На яго юбілейным вечары, атрымаўшы слова для тоста, я штосьці гаварыў пра яго, але цяпер здаецца, што не так, не тое... Цяпер сказаў бы яму больш.
Да болю часамі шаблонная фраза: «У асобе яго мы страцілі...» Не, у асобе Аркадзя Куляшова мы — у самым шырокім, трывалым гучанні гэтага мы — набылі, маем паэта, значэнне якога надзейна мацуе вечнасць нашага слова.
1987
Пра аднаго з маіх добрых знаёмых у скупой энцыклапедычнай нататцы значыцца: «Яўрэйскі i рускі сав. пісьменнік». Пра другога, значна старэйшага, сказана дакладней: «Яўрэйскі сав. пісьменнік... Пісаў на яўр. i руск. мовах».
Кажуць, што кошцы смех, а мышцы слёзы. Я не быў у той час ні мышкай, ні кошкай, я не надта каб разумеў, чаму i навошта так адбывалася. «Той час» — канец саракавых гадоў, калі некаторыя нашы яўрэйскія таварышы па прафесіі вымушаны былі перайсці з роднай мовы на рускую. Такога загаду ім не было, проста — ох, як няпроста! — не стала дзе друкавацца, не стала свайго чытача. Гавару пра некаторых, а не пра ўсіх таму, што іншыя, з найбольш таленавітых, або апынуліся там, дзе не пішуць, а сёй-той, хоць i дома, a зусім прымоўк, як аказалася, да лепшага часу, які i наступіў у палавіне пяцідзесятых гадоў.
Маладзейшы з маіх добрых знаёмых, з каго я пачаў, гэта яўрэйскі паэт, а потым рускі празаік Рэлес. Павольны, удумлівы Гірш, з адчуваннем гумару, ён мне прыемна нагадваў тых местачковых яўрэйскіх хлапчукоў i дзецюкоў, якіх я блізка ведаў са школьных i пасляшкольных гадоў у сваім старадаўнім Турцы. Дарэчы, Грыша быў мне сяды-тады патрэбны як кансультант, для праверкі таго, што я памятаў i сам. Гэта — у аповесцях «Ніжнія Байдуны» i «Золак, убачаны здалёк», там, дзе гаворка i пра яўрэяў, удзельнікаў i нашага вяскова-местачковага інтэрнацыянала. Калі мы з Гіршам пазнаёміліся, яго паэзіі на роднай мове я не ведаў. i Чытаць па-яўрэйску не ўмею. Значна пазней, скажам, калі ён чытаў свае вершы на вечары памяці, Шолам-Алейхема, я — на слых, праз пэўнае веданне нямецкай са школы i з палону, i па малеча-юнацкай памяці сябравання з яўрэйскімі аднагодкамі — сяк-так разумеў яго ідыш, адчуваў там паэзію. З рускай прозай яго я знаёмы па кнігах, нават па рукапісах, якія ён даваў мне «на арбітраж», калі нешта туга ішло ў часопіснай ці выдавецкай рэдакцыі. Руская мова яго, што мне сказаць яму шчыра было цяжкавата, нагадвала прыблізны пераклад. : Чытаеш i возьме ды ўспомніцца першы Гіршаў прыход у «Вожык», з першым рускім фельетонам, з першай фразай у тым фельетоне: «Любовь Иванович сидел задумавшись...» Ад майго веселастрыманага недаўмення ціхманы Гірш тады збянтэжыўся i заўвагу прыняў без усякага гумару...
Лягчэйшым у аптымізме (а куды ж дзявацца!) быў той другі пісьменнік, які пісаў «на яўр. i руск. мовах», нашмат старэйшы за Гірша i мяне, нярослы i рухавы Цодзік Даўгапольскі. Смешнага ў яго рускай мове было значна больш, чым у Рэлеса, i заўвагі мае ён прымаў як нейкае адкрыццё, ледзь не радасна, з нязменным «ну» ў належнай інтанацыі.
— Цодзік Львовіч, вы ў сваёй аповесці напісалі, што «колхозник убил кабана и закоптил все четыре окорока».
— Ну.
— А у кабана окорока только два.
— А еще два?
— Это лопатки.
— Ну?!
I нічога пра тое, што ў выдавецтве павінны былі б i заўважыць, рэдактары або карэктар, — чатыры там ці толькі два кумпякі.
Старому было ўжо добра за семдзесят, а жартаваць ён любіў па-маладому. I зноў жа трэба прыводзіць яго гутарку ў той рускай мове, з якою яму было як быццам зусім свабодна i легка.
Читать дальше