I таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у ix братаву справу.
А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. I я не паверыў яму, што справа не ў ix,— падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі i папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. I я, у тым самым — дзелавым, ці што,— спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.
Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Мінут праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, i я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэтаж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць — архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба i параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо i зручна паехаць-прыехаць... I тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), i папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, Камітэт дзяржбяспекі.
Вунь на якім узроўні пайшло! Ажно, вядома ж, не верыцца...
Дома, адаспаўшыся пасля дзвюх начэй «пункцірнага» ад грукату колаў недасыпання, я павагаўся трохі, a ўсё ж такі напісаў у тую найвышэйшую інстанцыю — хай ужо будзе, што будзе. Адаслаў пісьмо ў панядзелак, a ў пятніцу пад вечар — чаго не бывае ў наш час! — сам старшыня камітэта пазваніў мне з Кіева, што папка будзе днямі выслана. Пра «выключэнне» i намёку не было. Яшчэ больш — на развітанне ён ажно расчуліў мяне, пажадаўшы добрага здароўя... «от вашего читателя».
Яшчэ праз два тыдні мне пазванілі з нашага камітэта.
ПРАВА БОЛЮ
Ідучы на другое спатканне з братавай справай апоўдні, я думаў, што сёння, вядома ж, прачытаць яе як след не здолею. Так i сказаў супрацоўніку ў цывільным, які зачыніўся са мной у пакоі i, пакуль я чытаў, цярпліва, карэктна глядзеў на мяне з-за другога стала. Ці проста так сабе, ці хутчэй успамінаючы тое, што ён, трэба думаць, сам папярэдне вычытаў у гэтай кіеўскай папцы. Яго прысутнасць я, i заглыблены ў сумна знаёмы тэкст, адчуваў па ягоных вачах — не бачыў ix, а падсвядома адчуваў.
Першы раз, у Кіеве, справу чытаў я трохі больш за дзве гадзіны. Цяпер прайшло тры, калі я адчуў, што годзе, усё, больш не магу... I не здзівіў гэтым свайго наглядчыка: ён i гэта прыняў карэктна.
Выбух, што скалануў маю душу ў канцы мая, дэтаніраваў болем i сумам усе пяць месяцаў. Сёння боль паўтарыўся ці не з большай нават сілай, хоць i без выбуху. Здавалася, што я сваёй настойлівасцю вось i дамогся таго, што сам сябе падняў на новую, вышэйшую, паліцу, на якую цяпер паложана папка, i сам сябе гвазнуў адтуль аб падлогу. Потым — бяссонная ноч, блакнот, раз-поразу святло, ад якога не рабілася відней. Падтэкст, адчуты раней, заставаўся. Жахлівы падтэкст таго часу, a ў ім — ад наго чалавечага лесу. Спробы пранікнуць у той падтэкст зноў натыкаліся на глухату навечнага маўчання, у якое пайшлі ўсе тыя, хто мог бы мне многае праясніць або сказаць хоць нешта, так неабходнае!..
Было i тое, што пры другім чытанні праяснілася. З муштуком. Але i гэта не адразу.
Чытаючы справу ў Кіеве, я не звярнуў увагі на дату на адной з самых першых паперак — 16.IX.937 г. Не звярнулі на гэта ўвагі i юрысты. Следчы, напрыклад, пытаўся, што яна азначае на муштуку, i я сказаў: братаў дзень нараджэння. Раней, з маіх слоў, так было напісана ў газеде «Літаратура i мастацтва», а пазней, увосені, паўтарыў я гэта, выступаючы ў Курапатах. Словам, нібы i ўзаконілася. Пры Шуравай дапамозе. Ведаючы абодва, што бацька яго маладзейшы за дзядзьку большменш на паўтара года, мы пайшлі ад Ігнатавага дня нараджэння 20.XII (ст.ст.) 1900-га i выйшлі на той загадкавы верасень. Бо дакладнейшай даты не было, ні ў нас, ні ў Віктара. А тут нібыта першы раз гляджу — у справе паперка — папярэдні, больш за два месяцы да арышту, выклік Валодзі да пракурора, іменна ў гэты дзень, 16 верасня.
Ну, а як жа дзень нараджэння?
Дапамога прыйшла з нечаканага боку. Пасля беспаспяховых тэлефонных перамоваў ды перапіскі з архівамі ў Мінску, Гродне, Наваградку я ўспомніў нарэшце пра адэскі сельгасінстытут, пазваніў Віктару, каб ён спытаўся, як там у ix з архівам. Праз месяц, у лютым, я атрымаў цэлы пакет дакументаў, сярод якіх пасведчанне пра заканчэнне шостага класа гімназіі i копія метрыкі, двойчы з дакладнай датай Валодзевага нараджэння — 10 (22) ліпеня 1899 года.
Читать дальше