Пакуль пачаць, узяў з паліцы першую кнігу, «Зямля стаіць пасярод свету». Нібы толькі параўноўваю вясёлае мастацкае афармленне абедзвюх кніг, таленавіта зробленае Таццянай Беразенскай, чытаю прыемныя аўтографы складальніка, талковага рупліўца Уладзіміра Васілевіча, на адвароце тытула зноў бачу імёны рэцэнзентаў...
Не ўпершыню з удзячнай пашанай думаецца пра фалькларыстаў, былых i сучасных, успамінаецца народнае пра пчаляроў: «святая работа», адпаведнае i тут, дзе працавіты i нястомны збор нектару несмяротнай паэзіі i мудрасці.
Хораша думаецца пра аднаго з рэцэнзентаў, Арсена JTica. Мой даўні нелітаратурны сябар гаварыў мне гадоў два таму назад пра Арсена Сяргеевіча, што. гэта самы інтэлігентны чалавек сярод беларускіх пісьменнікаў. Нікога іншага не крыўдзячы параўнаннем, я магу сказаць падобнае, бо ведаю гэта даўно, з нашых сустрэчаў, гутарак, з ягоных кніг ды артыкулаў, дадаўшы яшчэ пра глыбінную таленавітасць, высокую прафесійнасць, натуральную беларускую сціпласць.
Імя другога рэцэнзента — Генадзя Каханоўскага — у жалобнай рамачцы. I выданне прысвечана яго светлай памяці.
Яшчэ да таго, як мне прывезлі з Мінска падарунак, другую кнігу трохтомніка, я нібы ў нейкім невыразным, сумным прадчуванні, ідучы раніцай па ціхай прылясной дарозе, нечакана ўявіў Генадзеву маладую, прыязную ўсмешку, ягоны голас, бадзёры i, здаецца, заўсёды з добрай навіною, убачыў светлы вобраз яшчэ аднаго, непаўторна значнага i патрэбнага чалавека, выдатнага работніка роднай навукі i культуры, такая заўчасная смерць якога прыгадала мне польскае: nie do odżałowania — пра боль, якім нельга перабалець.
* * *
Адчуванне ціхай удзячнасці кнізе, якая па-матчынаму верна, цярпліва чакала, калі я вярнуся да яе зноў.
Так я сёння гартаў двухтомнік Уладзіміра Дубоўкі, выдадзены неўзабаве пасля заканчэння ягоных... ой, доўгіх сібірскіх пакутаў.
На гэты раз захацелася перакладаў, у другім томе. I я з прыемнасцю чытаў Славацкага i Сыракомлю ў таленавітым перастварэнні старога, надзейнага майстра.
* * *
Уладзімір Содаль, «Сцежкамі Мацея Бурачка». Яна ўжо тут, гэтая кніга, даўнавата стаіць на дачнай кніжнай паліцы, але чыталася не цалкам, ад пачатку да канца, a прыхваткамі ці выхваткамі цікавейшых мясцін. Ды вось я вярнуўся да яе, чытаю ад пачатку.
Ва ўдзячным спакоі ды разбуджанай цікаўнасці думаецца пра шчырасць у працы гэтага работніка роднай справы. Ён, Содаль, спасылаецца сям-там на другога рупліўца, Генадзя Кісялёва. I таму, відаць, што Генадзь Васільевіч рускі, а з нежынскага перыяду Багушэвіча адзін фотаздымак, адно прозвішча — Насэнка — светла гаворыць пра сябраванне беларуса з украінцам, у памяці маёй ажыў фотаздымак з вясны трыццаць дзевятага года,— украінец Нагірный i паляк Каўчыньскі, вобразы гэтых сяброў у салдацкай масе, дзе мне таксама пашанцавала. На валынскага парубка Сэмэна, пачынаючага паэта, i лодзінскага ткача Уладка, проста добрага, шчырага хлопца, на два аўтографы пра дружбу, на дзвюх мовах.
Успомнім тое, што я ўжо неаднойчы згадваў у запісах, вычытанае ў Кузьмы Чорнага: тая кніга добрая, што наводзіць на добрыя думкі, i будзем чытаць далей.
* * *
Шанцуе на неспадзяванкі. От сабе, так сабе купіў у кіёску «Звязду», а там, гляджу,— разумны i сардэчны артыкул Таццяны Падаляк да дня нараджэння Якуба Коласа. А далей — Ніл Гілевіч захоплена i талкова піша пра сапраўды выдатнае апавяданне Івана Пташнікава «Тры пуды жыта».
Такое нам патрэбна, i заўсёды было, а сёння асабліва,— быць вышэй за драбнату ў адносінах, падтрымліваць адзін аднаго ў галоўным.
* * *
A калі ж ужо, як не ў старасці, гаварыць добрым людзям добрыя словы, якія ім заслужана належацца?
* * *
Заглянуў у змест свайго зборніка «Пішу як жыву», яшчэ раз спыніўся на кароценькай, але змястоўнай анатацыі, напісанай рэдактарам, светлай памяці Валянцінам Рабкевічам, i журботна падумалася:
«А ці падзякаваў жа я яму як след i за гэта, i за добрае рэдагаванне кнігі?..»
* * *
У адной з запісак, на якія адказваў, выступаючы перад студэнтамі філалогіі педуніверсітэта, такое пытанне: «Каго з сучасных пісьменнікаў вы лічыце найбольш значным?»
Знячэўку адказаў успамінам пра тое, як унук, ліцэіст-матэматык, гаварыў мне ўлетку, што апошнім часам яму вельмі ўпадабаўся Алесь Гарун, якога ён ставіць для сябе «адразу пасля Максіма Багдановіча».
Гэтым ён, наш Гарун, i сучасны, як i ўсе тыя, што чытаюцца ды перачытваюцца сучаснікамі розных пакаленняў
* * *
Читать дальше