Шура бег задні. Я — перад ім. Ён дзіка закрычаў:
— Я ранены! Ран-не-ны!!
I я вярнуўся.
Ён бег, пакуль быў адзін, а абапёршыся на мае плячо, потым павіснуўшы на ім, пачаў слабець, асядаць. Я крыкнуў Касачу, які бег перад намі. Ён не пачуў, i я пусціў над ім чаргу. Тады ўжо ён азірнуўся, пад бег да нас, i з ім мы патралявалі Шуру далей. Ужо не пад кулямі — па загуменні, балотам, да лесу.
Шуру папала па нагах, пад каленьмі. Мы неслі яго на ягонай вінтоўцы, а ён вісеў рукамі на нашых плячах, то мацней, то слабей абдымаючы кожнага далонню за шыю. Подбегам, як адразу, мы ўжо ісці не маглі: паранены цяжкі, цяжэйшы сам за сябе. Ды ён i так быў здаровы хлапчына. А на балоце, хоць i не надта гразкім,— высокае куп'е.
Што гэта — проста напад ці пачатак новай блакады — мы, разумеепца, не ведалі. Toe ці іншае, але ж вось яно — пачалося. За намі, за нашай вёсачкай, у іншых вёсках, што за ракою, чуваць былі чэргі, вінтовачныя стрэлы, выбухі...
Мы накіраваліся да грэблі. I тут на ёй, з-за ўзлеску паказалася конніца на рысях. «Раманаўцы» ca сваёй «кацюшай»!
Чатырох нашых, што адступалі ўлегцы, былі ўжо з «раманаўцамі», з іхняй пяхотай.
Першым стрэлам саракапятка спалохала станкач на могілках. Потым людзі казалі, што той снарад упаў вельмі блізка ад кулямёта i бобікі як быццам нават закрычалі: «Раман!» Яго ўжо добра ведалі. Нібы сігнал трывогі, каманда адступаць. Раманаў кінуў сваю конніцу лявей, цераз раку, у абход. Правей, як нам неўзабаве стала вядома, націснулі нашы, i конны ўзвод, i «Трэці камсамольскі», які, на шчасце, быў блізка. Напад адбілі.
А мы? Здаўшы Шуру на «раманаўскі» воз, пад апеку іхняга фельчара, мы далучыліся да пяхоты, якая ішла напрасткі, цераз нашу цвярдыню...
Ды справа не ў гэтым.
Наша бабуля таксама ў той дзень адступала. Аднак яна спачатку пахавала ў жыце нашы сёдлы, а тады ўжо адкроіла ад бохана акраец, наліла ў збанок малака, перахрысцілася на покуць i — што ўжо будзе, то будзе, не прывыкаць — патэпала на загуменне, у лес. Мы яе там, на балоце, i сустрэлі. Там яна нам i сказала, як маці дзецям, што бягуць дахаты з пашы ці ад ракі, а сама яна ў поле ідзе:
— Сёдлы, хлопчыкі, у жыце. Каля Марылінай сцяны. A коні дзе хадзілі, там i ходзяць. А чаму ж гэта Шуркі няма?..
Колькі б разоў ні сустракаліся,— калі i помнік адкрывалі, i ў дваццаць пятую гадавіну, i ў тридцатую,— заўсёды хлопцы, нарэшце, пасварацца. Хоць трохі. Не ўсе, вядома, а некаторыя. I не адразу, a ўжо за ста лом ці пасля. Хто раней прыйшоў у атрад, хто больш зрабіў, а менш узяў... А то i не за самога сябе, а «за праўду» крычыць... Наогул мне часамі здаецца, што партызаны хваляцца болыи, чым тыя, што ваявалі на франтах. Нібы ў адных быў абавязак, a ў другіх — толькі геройства. Можна сказаць таксама, што як хвалько, дык хвалько — i партызан, i франтавік. Ды ўсё ж я бываю з гэтым нязгодны. Дый сам не лепшы: забудзешся іншы раз i таксама пачнеш.
А потым возьме ды ўспомніцца...
Шуру тады адправілі самалётам на Вялікую зямлю. Вярнуўся ён толькі пад восень сорак пятага. Яшчэ раз, трохі лягчэй паранены, i з Чырвонаю Зоркаю. Толя Грыб загінуў пад Кёнігсбергам. Добры наш «Павел Іванавіч» узяў ды памёр, ледзь не адразу пасля вайны. I тады стала ясна, што ён пра сэрца сваё перад намі маўчаў. Іншых хлопцаў — Раджаба, Шынкарэнку i Нікіціна — раскідала па ўсёй краіне: у Харог, на Палтаўшчыну, за Урал. Hi разу яшчэ не сабраліся разам.
А так жа хацелася б, слухаючы найгарчэйшую хвальбу, падміргнуць каму-небудзь з нашай разведкі з намёкам, а потым i выпіць за светлую памяць бабы Кастусіхі, за той акраец i збанок.
Бабуля таксама памерла. Даўно. Што ж, трыццаць год — гэта, бывае, цэлы чалавечы век. А яна ўжо i тады была старэнькая.
1975
Першая радасць была для ўсіх: гэта вячэрняя зводка. Нашы выйшлі на Прут, вайна, нарэшце, на чужой, варожай тэрыторыі!
Другая радасць — толькі наша. Мы з Алесем амаль нос у нос напароліся на засаду. Аднак іхні дурань, дзякуй яму, стрэліў заўчасна, i мы драпанулі назад. З-пад куль. Абодва цэлыя, коні таксама.
Калі мы на досвітку пад'язджалі да Алесевай вёскі, ён сказаў:
— Заглянем да сястры. Пагрэемся. Аладак напячэ.
Трэцяя радасць за ноч. Яшчэ ўсё доўгую i золкую.
Прадвесне.
Гаспадара мы сустрэлі ўжо на дварэ: ішоў з гумна з рэзгінамі саломы. У хаце спалі толькі малыя. А гаспадыня стаяла каля акна.
— Во, во, работнічкі,— сустрэла нас.— Не спіцца мне i не ляжыцца, як у песеньцы. А я гляджу, хто гэта хрупае па лёдзіку. Ну, распранайцеся ды мыйцеся. А я сюды-туды.
Читать дальше