Дык вось, сядзіць ён з вудай. Батарэя прыемна цурчыць, яркая лямпачка і свеціць, і грэе, у люстры ўсё гэтае хараство адбіваецца — так добра! А тут лёска як затузаецца! Пацягнуў Ахілес вуду — і выцягнуў боты з зубамі! Ну, вы ўсе дзе-небудзь такія ды бачылі, хоць бы і ў музеі: зяпы разяўленыя, іржавымі цвічкамі пачвякваюць, есці просяць. Пабеглі боты на кухню наўпрост да лядоўні. Бяжыць за імі хутканогі Ахілес, а дагнаць не можа. Замкнуліся боты ў маразільнай камеры, і дастаць іх адтуль ніяк немагчыма, толькі храбусценне за дзверкамі чуваць. Вось тут Ахілес і здагадаўся, што гэта не простыя боты, а боты хуткаеды. Мусіў Ахілес іх разам з лядоўняй выкідваць з вакна, бо інакш з’елі б яны яго.
33 сакавіка
Кобра Кадабра вельмі добрая. Кадабра шые, Кадабра пляце кручком паласатыя шкарпэткі, галоўным чынам таму, што ўсё астатняе на ёй дрэнна трымаецца. А хто не ўяўляе, як Кадабра пляце, дык вельмі проста — хвосцікам. Кадабра ўвогуле шмат дапамагае Барбары па гаспадарцы: падлогу памыць альбо бялізну — усё можа, усё ўмее, такая чароўная.
Паколькі ўсе справы на сёння былі зробленыя, Кадабра маркоцілася дома ў адзіноце, і таму пачала забаўляць сябе, элегантна паплёўваючы з форткі на галовы мінакам. Яна ціха смяялася ад задавальнення, калі спроба заканчвалася ўдала. Кожны свой поспех Кадабра адзначала крыжыкам на падваконні. Ага, дворнік зноў здымае свайго ката з дрэва. Агонь па дворніку! Хі-хі — круціць галавой і думае, што гэта верабей не стрымаўся ў палёце!
У такіх няўрымслівых гульнях Кадабра прабавіла дзве гадзіны, пакуль Барбара не вярнулася з цырульні. Потым яны разам глядзелі тэлевізар і смяяліся з Муаўра, які прыйшоў пахваліцца, што ад птушынага памёту ў яго раптоўна зняло шматгадовы рэўматызм.
35 сакавіка
Зранку Барбара села на булачную дыету. Запісвайце, спадарыні: булка, булка-булка-булка, булка-бука-булка-булка, з усіх сіл, як мага даўжэй. Ужо ўвечары Барбара не магла глядзець на булкі і лёгка паабяцала сабе ніколі больш іх не есці. Напрыканцы наступнага тыдня мусіць з’явіцца талія.

37 сакавіка
Прачнуўся Ахілес апоўначы і чуе, што нехта ходзіць па кватэры: лёгенька гэтак, туп-туп-туп у камору. А потым ужо назад, толькі крокі цяжкія, ажно падлога прагінаецца: рып-рып-рып да адзежнае шафы.
— Зноў бабуля, — падумаў Ахілес, — у вартаўніка, мабыць, гуляе, — павярнуўся на іншы бок і спакойна заснуў.
З узыходам сонца ўзняўся Ахілес — і да шафы, каб апрануцца. Адчыняе яе, а там абрусок ляжыць згорнуты. А ў ім чаго толькі няма: абаранкі, цукерачныя абгорткі, дваццаць тысячаў паўнаважкіх рублёў дробнымі купюрамі, рэшткі кашы і нават курыныя костачкі.
Вось яно што! Абрус-самабранак у доме завёўся! Прадукты, грошы, вопратку, бытавыя прыборы сам бярэ, сам есць, ужывае, носіць, прадае. Але ж ад яго і карысць бывае: у суседзяў возьме — у дом прынясе. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі самабранак няправільны, а так… Калі яго ў час не спыніць, не стрымаць, ён палову дома вынесе!
Узяў тады Ахілес абрусок і ўладкаваў працаваць на мытню. І нават вядома, што гэты абрус потым даслужыўся да самага галоўнага мытніка ў краіне — вельмі шмат дабра збіраў. Нават у яго былі і пагоны. А ў кватэры такому не месца.
39 сакавіка
Божа мой, што такое «пасатыжы»? Пасатыжы-пасатыжы-пасатыжы… Ведаю гісторыю пра пасатыжы і, можа, калі-небудзь раскажу.
У Ахілеса дома пасатыжы не жывуць, яны жывуць у адміністрацыйных будынках і ўначы выпаўзаюць, каб каго-небудзь прышчыкнуць, прыціснуць ці адкусіць каму-небудзь нагу.
Там жа гняздуюцца веражбей і вымарадак. Птушкі нібыта. Веражбей той — а-яй! Замовы ўсялякія практыкуе і праклёны непрыемныя. Кладзе людзям кнопкі ў абутак ды іголкі засоўвае ў шпалеры. Бывае, што і сурокі наводзіць. Са сваіх вачэй і наводзіць з распрыўкрасных. Міргне на цябе, ты нутром і адчуваеш, што ў цябе малако пракісла. Тады трэба яму грошы плаціць, каб ён сурокі зняў. Ну вось, рублік заплоціш — і ідзі дадому весяліся. Кожны раз, атрымліваючы рубель, веражбей збянтэжана чырванее — зарабляе.
Вымарадак той яйкі адкладвае: на тое падарыла яму матухна-прырода вялікі яйкаклад. Вось паўсюль адкладвае, дзе яго не прасілі. У вопратку, у ракавіну. Добра, калі ў сметніцу, але ж і ў ложак адкладвае. Непрыемна. Мокра зноў-такі, і шкарлупіны вострыя: спаць нязручна, калі не выкідаць. А яечню з гэтых яек гатаваць не надумай, бо сам тады ў вымарадка ператворышся! Кшталту, як хто з капытка пап’е, той — у казлянятка… Так і тут.
Читать дальше