А газетчык і рады: намаляваў вобраз стойкага барацьбіта за камуністычныя ідэалы, хоць ніводнага разу за ўсё творчае жыццё так і не стварыў вобраз таго камуніста...
Колькі з ім было гаворана-перагаворана!
Скардзіўся ён і абураўся, як цяжка было ствараць музей. Колькі парогаў абабіў – партыйных і выканкамаўскіх, колькі гутарак меў – з чыноўнікамі малога рангу і вялікага. Пушкар адчуваў сябе футбольным мячом, якога кожны адбіваў нагой, пасылаў да другіх «варот»-дзвярэй... І кожны паціскае плячыма, недаўмена перапытвае:
– А навошта вам усё гэтае трэба? Жывіце спакойна, стварайце сваіх гумарных чалавечкаў, хаця з многімі вобразамі, што вы лепіце, мы не згодны... Пафас працы трэба паказваць, ідэалы камунізму, перадавікоў вытворчасці, а вы... Вы насміхаецеся над савецкім народам, карыкатуры з людзей робіце... А яшчэ камуністам называецеся...
Прыходзіў па дапамогу, а яму вымову прачыталі, яшчэ і прысарамацілі, пальцам наківалі...
– Футбалісты, што з іх возьмеш, – смяяўся мастак, – трэба такога футбаліста і мне вылепіць... Ды яшчэ з галоўным трэнерам.
Напэўна, другі здаўся б, але не Мікола Пушкар. Чым болей ўзнікала перад ім перашкод, тым болей настырнасці нараджалася ў ім.
Колькі разоў потым партыйныя сакратары ўпікалі, што не паказваў беспрасветнае і бескультурнае жыццё беларусаў да рэвалюцыі – лапці трэба дэманстраваць ды лучыну, каўтуны, якія насіў амаль кожны беларус...
А ён адшукваў прыгожыя строі, узоры народнага мастацтва, намагаўся давесці, што беларус меў найвышэйшы ўзровень разумення як бытавога мастацтва, так і выяўленчага. Гаварылі ў вочы, што ён нейкіх прыдуркаў лепіць, дэбілаў, – не такія, маўляў, людзі Савецкай Беларусі...
А ён, як заўсёды, аджартоўваўся:
– То ж я сябе ляплю, а не людзей... То я такі прыдуркаваты...
Ну хіба ж з імі можна было гаварыць сур”ёзна?
Грэўся я цеплынёй яго душы, калі жыў у Мазыры – нашыя «хрушчоўкі» стаялі побач на вуліцы Якуба Коласа. Часта назіраў, як ён працаваў у сваёй майстэрні. Не заўсёды ён любіў размаўляць, калі паглыбляўся ў творчы працэс… Ведаючы тое, я маўчаў, не адрываючы позірку ад яго рук, ад таго, як бясформенны кавалак гліны ператвараецца ў “нешта”, якое праз некалькі хвілінаў кране душу…
Я чакаў, калі мастак загаворыць сам, калі яму будзе ў тым патрэба. Ведаў, што ён уздыхне, адыдзе крокаў колькі, зірне на зробленае, скажа:
– Ну, вось, выбіўся на дарогу… А далей ужо будзе лягчэй.
Адукацыю Мікола меў невысокую, а давучвацца не было калі. І таму прасіў мяне прыносіць кнігі па гісторыі і культуры Беларусі, па фальклоры, народных звычаях і песнях, па казках і паданнях… І я здзіўляўся яго самаадданасці – вобразы тады ў гліне ўдасканальваліся, набывалі глыбокі філасофскі сэнс, духоўную глыбіню і хараство.
Калі я пераехаў у Гомель, духоўная і сяброўская сувязь наша не парывалася, нават наадварот, мацнела і ўзбагачала абодвух. Прыязджаючы па мастакоўскіх справах у абласны саюз, Мікола не мінаў маёй хаты, – нашыя гутаркі тады зацягваліся аж да раніцы. Для большай шчырасці налівалі ў келіхі віна, смакавалі працяжнымі глыткамі, быццам дэгуставалі тое віно, а між намі гарэла нябачнае цяпельца…
І было нам так хораша, так утульна, што брала шкадаванне, калі раніца стукалася ў акно.
Чалавек складзены так, што пра кепскае стараецца не думаць. Быў жа пад рукой дыктафон, якія я набыў у камісійным магазіне, па тым часе не пашкадаваўшы аж трыста рублёў, былі і касэты на ўсялякі выпадак… Чаму было не паставіць яго дзе-небудзь збоку, неўпрыкмет, пакласці мікрафон каля бутэлькі з чырвоным віном, ды і запісаць кожную гутарку, кожны дыспут ці вясёлае застолле? Ат, думалася, будзе яшчэ час, некалі ў лес з’ездзім на цэлы дзень, ды каля касцярка пад дымок столькі прыгод і здарэнняў успомнім, што ні ў адну кніжку не ўбярэш. І адкладваў, пераносіў і пераносіў інтэрв’ю, верыў шчыра, што Мікола стрымае сваё слова і абяцанне – дажыць да ста дваццаці гадоў. Так ён мне гаварыў сур’ёзна і пераканаўча. Быццам маці яго-нябожчыца так яму ў сне сказала, а бацька пацвердзіў, паказаўшы абраз, які ён маляваў…
Але хаця я не ўзяў ніводнага інтэрв’ю ў майстра, кожная гутарка засталася ў памяці, кожнае слоўца запісалася на мазгавы дыктафон, – з працяжнікамі і коскамі, са шматкроп’ем і клічнікамі.
І калі рыхтаваў раман “Княжабор”, алегарычна-фантастычную аповесць “Азірніся ў каханні”, у будучым думаў напісаць раман “Спакушэнне” (сёння ён напісаны і падрыхтаваны да друку), – назваў свайго героя сапраўдным прозвішчам – Міколам Пушкаром, спісваючы рысы характару і жыццёвыя прыгоды з яго.
Читать дальше