— Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш...
— Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць...
Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.
Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.
Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.
Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:
— Чаго ты, Маня?
Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.
— Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве. — Ну, сціхні... Чуеш?
Але яна не чула, не адказвала.
— Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якія даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.
5.
Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прахапіўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.
Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбіралася нанач, i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, Маня зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула i заплюшчыла вочы.
— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады... Гаспадар!
Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.
1973
Быць разам
Русовіч толькі вярнуўся з работы i не паспеў яшчэ распрануцца, калі пачуў, што нехта звоніць у дзверы.
— Заходзьце, калі ласка! — запрасіў ён. — Не замкнёна.
Дзверы адчыніліся — i зайшла маладая паштарка.
— Вам тэлеграма, — сказала яна, падала сіненькі лісток. — Распішыцеся... — потым дастала з сумачкі невялічкі блакнот i ручку, паклала ўсё гэта на пральную машыну, што стаяла непадалёку пад люстэркам.
Ён спалохаўся, зірнуў на паштарчын вузкі i доўгі, з кірпатым носікам, з самкнёнымі i крышку патрэсканымі ад холаду вуснамі твар i хацеў па ім здагадацца: што ў гэтай тэлеграме? Але гэты малады, свежы i чырванаваты ад марозу твар быў спакойны, можа, толькі крышку незадаволены, што ён так марудзіць. Тады ён дрыготкаю рукою распісаўся, думаючы, што здарылася нешта нядобрае з сям'ёю. Аднойчы ўжо тэлеграма вось так нечакана апавясціла яго пра вялікае гора, i ён з тае пары вельмі баяўся раптоўных позваў...
Паштарка забрала ручку, блакнот i выйшла. Ён, хвалюючыся, адразу не пачаў чытаць, а прабег позіркам па густым радку наклееных слоў, пасля ўжо прачытаў спакойна. Палажыў тэлеграму на пральную машыну, распрануўся і, узяўшы тэлеграму, падаўся ў залу, сеў на канапе, пачаў зноў перачытваць кожнае слова i ўдумвацца ў яго.
«Прыязджай вельмі чакаю Яніна».
Ён усміхнуўся: жонка, відаць, засумавала без яго i вось кліча дадому. Жыве ў далёкай адсюль вёсцы, стамляецца на рабоце, мае шмат клопатаў дома. А вольным часам не ведае, дзе прыткнуцца, з кім пагаварыць.
«Канечне, ёй там нялёгка... — падумаў Русовіч. — Хто-хто, а я добра ведаю. Можа, толькі не трэба расказваць пра гэта ўсім людзям, бо не ўсе разумеюць, не ўсе паспачуваюць. Вось расказваў на тым тыдні, як жывецца жонцы, як ён маркоціцца без яе, дык усе, здаецца, спачувалі, a намеснік дырэктара музея — нізкі, гладкі таўстун — пасміхаўся: «Эх вы, маладыя! Калі што ледзь цяжкаватае, дык i ў слёзы, у нараканне. Вось мы некалі... — i ён расказаў, як ён галадаў, але «выбіваўся» ў людзі. — Трэба во... — ён сашчаміў кулакі, патрос імі, насупіўся, робячы на твары ваяўнічы выгляд. — Толькі ўперад!..»
Русовіч, успомніўшы гэта, падумаў, што маглі б тады заступіцца за яго супрацоўнікі, што мог бы i сам неяк лепей апраўдацца, бо добра было так гаварыць намесніку: той меў не толькі ўласную чатырохпакаёвую кватэру, але i ладную дачу, збіраў грошы на машыну.
Але пазаўчора i ён падсыпаў яму крыху, што аж здзівіліся яго калегі. Прыйшоў у аддзел намеснік — i ўсё пра машыну, пра бензін, пра гараж... А пасля давай хныкаць, што не хапае крыху грошай, а так узяў бы на днях легкавушку.
Читать дальше