Калі сакратар схаваўся за дзвярмі, Каведла смачна сплюнуў на падлогу, пастаяў яшчэ з хвіліну і, матнуўшы, нібы ў сцвярджэнне нейкае думкі, галавой, пасунуў рашуча да выхаду.
- Айда, хлопцы, чаго тут валэндацца. Хадзем, Яшка... - кінуў ён ад дзвярэй.
* * *
Быў калісьці Шурка. І было Шурку сем год. І быў ласы Шурка на пірагі і абаранкі. А пірагоў і абаранкаў - шэры кот наплакаў... Таму татка мамку біў, прыгаворваў:
- Ты жыццё маё засіліла, апаскудзіла, у-у, брыда сухарэбрая.
Тады Шурка бег, кідаўся бацьку ў калені і, цалуючы шурпатыя, прапахлыя клеем і сасновымі стружкамі рукі, мачыў слязой палапленыя штаны бацькавы і, схапіўшы аберуч вялікі-вялікі рыжы чобат бацькаў, віс на ім, віс і прасіў:
- Не бі мамку. Я табе кажу ці не...
А часам татка плакаў, размазваў на шчаціністым твары п'яныя слёзы, памінаў пра грошы, памінаў пра кішэню.
- Гануля, зірні, галубка мая, у кішэню правую ў ватоўцы... палучка ж мая там.
Глядзела матка ў кішэню - выварочвала яе. Тады церушыліся на падлогу крошкі хлеба, махорка, недакурак цыгаркі, стары аблуплены гузік. Глядзела правую, глядзела і левую. І, схапіўшыся раптам рукамі за голаў, галасіла на ўсю хату:
- А Госпадухна мой, Божухна, і няма ж на яго, ірада, кары тае смертнае, і няма ж на яго, супастата, ні закону, ні совесці...
Потым кідалася за ручніком, складвала яго ў тры-чатыры рэдзі і біла, біла неміласэрна татку і па галаве, і па вачах, і па спіне. Біла і нібы знаходзіла ў гэтым нейкую ўцеху, асалоду. Татка пакідаў звычайна плакаць, часам пачынаў смяяцца.
- Ну, яшчэ... Ну, яшчэ... Ото, так... вось яшчэ трошачкі, па хрыбту, па хрыбту, вышэй крышачку, бач, нешта чэшацца.
«Чаго яму смяяцца?» - думаў пры гэтым Шурка і падыходзіў да маткі.
- Кінь, мамка, не чапай... Яшчэ абаранка прынясе калі... з макам.
Быў ласы Шурка на пірагі і абаранкі.
Пост. Даўжэнны-даўжэнны пост - уся хата прапахне таранамі, капустаю ды горкім алеем. А то і нішчымніца - бульба з лупінамі ды хлеб. І разам надыдзе дзень, запахне з печы смачным-смачным. Мамка пірагі пячэ, пасху пасвянцаць будзе. А вось і на стале яны, і пах ад іх, удыхнеш - і пуп да косці прыстае, прыліпае. Не вытрымаць. Чаму ж і не паспытаць часам. Асабліва калі мамка занялася ля парасяці, абдзірае яму капыцікі. І... на поўны рот, ды ходала пад печ.
Грыміць чапяла, увіхаецца мамка ля падпечча.
- Вылазь, антыхрыстава душа. Бач, аскароміўся, нячыстая сіла... Вылазь, душагубец.
- Не палезу!
- Я табе кажу ці каму?
- Не палезу...
Чапяла спрытна пападае па лабаціне, за чапялой сунецца доўгая хударлявая мамчына рука, і віхор жорсткіх валасоў пападае ў кастлявыя пальцы - нехаця палезеш.
- Кінь, кажу!
- Не кіну...
- Кінь, іначай заб'ю!
- Усё роўна не кіну...
І кавалачак пірага, застаўшыся ў сашчапераным кулачку, спрытна пападае ў рот.
- Дык ты так, нехрысць ты гэткая, пачакай жа, пачака-а-й... вось я павыбіваю з цябе гэткія авантуры, пазганяю шаршні з паганае спіны, пачакай.
І віхор жорсткіх валасоў звіваецца ў тугі вузел - вось-вось вочы на лоб вылезуць.
- Будзеш, гад, болей?
- Буду...
- А галованька мая няшчасная, нарадзіла на свае мукі радзімца, у бацьку, мусіць, паганец, удаўся, - і, даўшы добрага ляшча ў хрыбет, матка пакідала Шурку ў спакоі і замыкала ў шуфлядцы такія пахучыя, такія прыгожыя велікодныя пірагі і іншыя не менш прывабныя і спакусныя прысмакі.
А віхор жорсткіх валасоў, упарты віхор застаўся і да гэтага часу. І, мусіць, праз гэты віхор і перадалася ў Сашку Каведлу тая ўпартасць, настойлівасць, з якой браўся ён за кожную справу і ўмела ці няўмела яе праводзіў. Але праводзіў заўсёды.
- Пажывём - пабачым... Выліўкі нам не дзіва. Бач, анцімоніі разводзіць, на сходзе ні слова. Яму ўсё Анатоль Іванавіч - бацька родны знайшоўся. А сам ні кроку. Але ж пачакай, будзе час - будзе і квас. Не ўсё разам.
Сашка Каведла думаў аб гуце, аб камсамольцах, аб заснуўшай ячэйцы. І чым болей думаў - тым спакайней рабілася на сэрцы.
- Толькі на педалі націскай, таварыш Каведла... Ды канкрэтней, канкрэтней... Вось газету наладзіць бы, радыё... Красата!
Сказаў сам сабе і ўсміхнуўся.
* * *
Вечар выдаўся ласкавы і ціхі. На ўзгорку пахла мятай і чаборам. І гэты водар п'яніў голаў, кружыў яе - таму і пераліваліся так прыгожа далёкія зоркі, зыбаўся свет іх празрысты і чаруючы на ціхіх струменях ракі. Адтуль несла такой ядранай, падбадзёрваючай вільгаццю.
І кругом цемра - цёплая, убаюкваючая чэрвеньская цемра. І ледзь шалясціць бярозавы параснік на адхонах кручы, з-пад якой чутны ўсплёскі і бульканне вады ды ціхі-ціхі, як неўлавімыя шэпты ночы, шолах асакі і чароту.
Читать дальше