І Анатоль Іванавіч спакойна спраўляе вячэру, за якой некалі думаць, некалі разважаць аб канцах і пачатках, аб усіх гэтых заблытаных вузлах, што павуціннем шэрым і брудным аплялі зямлю, апаганілі яе прыгожы калісьці твар, сцёрлі яркія фарбы, зглумілі пах зямлі.
Пасля сытай вячэры прыемна паляжаць на канапцы і ўсяго сябе аддаць ва ўладу бяздзейнасці, тае мілае бяздзейнасці, якую і раней так любіў і паважаў Анатоль Іванавіч. Праўда, цяпер не тая бяздзейнасць, яна - адпачын ад працы.
Ляжыш, крыху ногі ныюць у салодкай утоме, ленавата варушацца няясныя туманныя думкі. І не думкі - гэта абрыўкі думак, абрыўкі слоў, назіранняў, уражанняў. За дзень усяго бывае, колькі рабочых адных перабудзе ў тваім кабінеце, людзей розных, наведвальнікаў. У кожнага сваё аблічча, сваё жыццё, свае жаданні. І ў кожнага свае словы, асаблівыя звычаі трымацца з людзьмі, гаварыць з начальствам.
- ...Таварыш дырэктар, мне б надбавачку - дзяцей повен кут, што рот, то прожар - рублём не заткнеш.
«Пладзі жабракоў, на гэта вы спрытны...»
- ...Прачытайце даклад на сходзе, добры даклад даспадобы рабочым.
«Майстры вы на язык, усю Расею мітынгамі ўгробілі, апаганілі словам распусным...»
- ...Чаго гэта варта, таварыш дырэктар, гэта чорт ведае што, я на ячэйцы пастаўлю, так быць немагчыма...
«У-у... погань кожная з указаннем лезе, з радаю...»
- ...Анатолю Іванавічу мая пашана! Як і што, нешта вас не відна даўно...
«Хоць адзін чалавек прыемны... з ім і пагаварыць можна».
Мітусяцца абрыўкі думак, абрыўкі чутага за дзень, бачанага. І разам засланяе ўсё капна льняных валос, і ўвесь пакойчык хаваецца ў сініх крыштальных вачах, якія глядзяць адусюль, усміхаюцца, пабліскваюць сонечнымі зайкамі, падморгваюць свежымі, не змятымі дзявочымі расніцамі.
Анатоль Іванавіч аж прыўстае на канапцы.
«Анішто дзяўчына... Яблычка на адбор - без чарвінкі, без цвілі... свежае яблычка, румянае - вясной пахне і сонцам.
Вясной...
Прыгожае слова - вясной. Многа з ім успамінаў нахлынае, нараджаюцца мары, як вясеннія туманы пад сонцам.
Вясна і сонца... І дзявочыя вочы, як неба.
І светлыя мары... Не аб будучым - аб мінулым».
Анатоль Іванавіч дастае, адамкнуўшы шуфлядку стала, цэлую вязку лістоў. Яны старанна зложаны і звязаны. Сярод іх старыя здымкі, цэлая калекцыя пасмачак валасоў, перавязаных шоўкавымі істужкамі. Розныя пасмачкі. І светлыя - ільнянога колеру, і колеру астыўшага попелу, і цёмна-русыя. Чорных няма - іх не любіць Анатоль Іванавіч, яны грубыя і падобны на сажу - няма ў іх красы. Іншыя брыдкія.
Ад выцвілых лістоў, пабляклых здымкаў і пасмачак льецца ледзь чутны пах, пах чагосьці сумнага, даўно забытага, даўно зведанага. Так пахне лісце ў адцвіўшым садзе, калі ляжыць яно мёртвае, зжаўцелае на сырой зямлі і шархаціць пад дробнымі каплямі асенняга дожджыку. Для яго гэты шолах прыемны, ён мякка кладзецца на сэрца, супакойвае нервы, і на душы тады замірэнне.
Анатоль Іванавіч глядзіць на выцвілыя здымкі, на замерлыя, застыглыя ў нерухомай красе вочы фатаграфій, на пасмачкі, дакранаецца да іх... Здаецца, яны ажываюць пад пальцамі, здаецца, ідзе ад іх цёплая ласка, ажываюць нерухомыя вочы - блішчаць дакорам жывым ці прывабнай усмешкай.
І ледзь прыкметны рух на вуснах Анатоля Іванавіча:
- Мае перамогі. Калекцыя шчасця...
Кожная пасмачка - свая гісторыя. А ўсё схована ў далёкім мінулым. Толькі і памятаецца яскрава першая. Першая перамога...
...Была ноч звычайная. Летняя. Стары парк схіліўся дадолу пахучымі галінамі ліп. Паміж імі прытаіўся змрок, хрупасцеў пясок пад нагамі. На ўзгорку, у прытульным доме парадна свяціліся вокны. А на дарожках вільготная цішыня і роснае вецце акацый, якое пакінула на гарачым твары некалькі буйных халодных кропель. І роснае вецце скрадвала гарачыя шэпты і пацалункі. А далей... Якія недарэчныя гэтыя слёзы. Хутчэй бы пайшла... Што стала потым з гэтай маладзенькаю гувернанткай - каму цікава...
Была першая. А потым шмат іх... Багатая калекцыя ў Анатоля Іванавіча. Некаторых успамінаць не варта, некаторых жа - нават і страшна... І раптам думка:
«Анатоль Іванавіч, Анатоль Іванавіч! У кішэні білет партыйны... Партыйны білет, а ты што вытвараеш?»
І разам:
«У-у, ірады не нашага бога... Калі ж на вас звод пойдзе, паморак...»
Раззлаваны і змораны Анатоль Іванавіч кладзецца спаць. Заблытаныя думкі ў клубок сплятаюцца, усё зліваецца разам. Не разбярэш, што адкуль, да чаго. Ячэйка, рабочыя, «таварыш дырэктар», пасмачкі, музыка і гарачыя бутэлькі - усё праходзіць пярэстымі плямамі, скача і мітусіцца ў соннай галаве.
Читать дальше