Як, скажам, на вяселле Марыінай дачкі Саламеі або, па-вясковаму, Салюні. Скончыўшы школу, нейкі час яна працавала афіцыянткай у астравецкай «Ёлачцы». Вёрткая, рухавая, абслугоўвала кліентаў хутка і спраўна. Але потым надакучыла слухаць заляцанні камандзіровачных дзядзькоў, і Салюня падалася ў Вільнюс, на завод. Там пазнаёмілася з рабочым Сцяпасам Ляховічусам. Вяселле рашылі іграць толькі «ў адзін канец», бо Сцяпас (а для сваіх — Сцёпа ці Стафан) напалову сірата, жыве з маці.
Вялікая, свежа пафарбаваная хата Козічаў жыла падрыхтаваннямі да вяселля цэлы месяц. Сцены аклеілі новымі шпалерамі, разабралі перагародкі. Нанятая кухарка смажыла, пякла, варыла, тушыла гарачыя стравы і халодную закусь, каб было не горш, чым у горадзе. Састаўленыя сталы заслалі абрусамі, азелянілі галінкамі аспарагусу. Чакалі нешта пад сотню гасцей, сярод іх старшыню калгаса Рынкевіча. Але для яго пачатак мая — самая гарачая пара, пасяўная. Таму не прыехаў, толькі пераслаў віншаванні. Ды і сваякоў сабраць не так лёгка. Праўда, самыя дасужыя з’явіліся ўжо зрання: сядзяць на лаўках, дзівяцца, як гэта ў Бранюка ўсё акуратна і дагледжана, часта міргаюць гаспадару, каб вынес з каморы чаго падмацавацца.
Тым часам дружкі прыбіраюць маладую да шлюбу: накідваюць на валасы празрысты вэлюм, прышпіляюць (пакуль што яшчэ з левага боку) бант з міртам і аспарагусам. За выкуп такія ж банты, толькі ўжо на правы бок, прымацоўваюць сватам. Тамашова сям’я амаль уся ў зборы. Нестае толькі Мар’яна, бо спазніліся з запрашэннем. Сам дзядзька Тамаш на вяселле купіў модны шырокі гальштук. Сядзіць на ганку, мружыць вочы на веснавое сонца, прытупвае ў такт гармоніку, але сам ужо ходзіць з цяжкасцю. Што зробіш: восемдзесят сем гадоў, нейкая млявасць даймае.
Нарэшце пад’язджае аўтобус з вільнюскімі гасцьмі. Паважна выходзіць малады, яго маці, брат, падперазаны як старшы сват даматканым ручніком, дружкі і дружбанты. Прывезеная адтуль жа капэла рэжа літоўскую польку. Козічы сустракаюць гасцей, запрашаюць за стол. Маладой яшчэ не час сядаць побач з маладым, і яна снуе каля печы, іранічна жартуе: «А можа, я тут зусім непатрэбная?»
— Як будзем гаварыць, сват? — звяртаецца брат маладога да дзядзькі маладой, што ажаніўшыся на сястры Браніслава Козіча, працуе ў Вільнюсе шафёрам. — Па-літоўскаму, па-рускаму, па-польскаму або, можа, па-простаму?
— Гавары, сват, так, як гаворыш, абодва ў адной Вільні жывём.
— Ну то будзем пачынаць вяселле! Музыка — марш! Сваты ўважліва прыглядаюцца адзін да аднаго: хто каго возьме, каму кіраваць вяселлем? Адзін віднейшы, але ў другога затое лепей падвешаны язык. Пагаджаюцца; кіраваць разам.
Тым часам настае пара ехаць у Астравец, у загс. Маладыя становяцца на даматканым перабіраніку, атрымліваюць бацькоўскае благаславенне. Пад гукі марша садзяцца ў легкавушку. За ёй пыліць аўтобус. Усе Ліпнішкі і добрая палавіна Кавалёў выйшлі праводзіць маладых. Вяселле ў вёсцы — усё яшчэ тэатралізаванае прадстаўленне, і ў ім мусяць быць гледачы і статысты.
Пачакаўшы крыху ля клуба, пакуль выйдзе папярэдняя пара, у строгім парадку заходзім у спецыяльна падрыхтаваную залу. Сцены ўпрыгожаны мазаікай, карцінамі. На ўзвышэнні іграе эстрадны аркестр РДК. Загадчыца раённага бюро загса Марыя Васільеўна Мядзелец, апранутая ва ўрачыстую чорную сукенку з белым каўнерыкам, вітае маладых, звяртаецца да іх з кароткай прамовай пра радасці, цяжкасці і адказнасць сумеснага жыцця.
— А цяпер дазвольце задаць вам адно пытанне: вы згодны быць мужам і жонкай?
— Так!
— Так!
— Тады ў поўнай адпаведнасці з нашым заканадаўствам прашу жаніха і нявесту падысці да стала і змацаваць сваю волю ўласнаручнымі подпісамі!
Музыка іграе туш. Услед за маладымі подпісы ставяць сведкі. Сярод іх па востраму тварыку пазнаю Данусю Карабец, дачку Галіны. Страх проста, як бяжыць гэты час…
— А цяпер прашу вас, Саламея Браніславаўна, і вас, Сцяпан Уладзіслававіч, абмяняцца пярсцёнкамі!
Аказаўшыся ў цэнтры ўвагі, непрыкметная да гэтага Салюня нібы расцвіла. Здымае свой пярсцёнак рашуча і ўпэўнена. Сцёпа — наадварот — ад людскіх позіркаў бянтэжыцца, яго круглы твар чырванее. Нарэшце ўсё ўладжана.
— Прашу дружак і дружкоў перачапіць маладым кветкі з левага боку на правы!
Музыка зноў рэжа нешта вясёлае.
— Дарагія сябры! Цяпер вы ўжо муж і жонка! Жадаю вам шчасця ў жыцці. Прашу вас асвяціць ваша ўступленне ў шлюб першым шлюбным пацалункам!
Маладых вітае падперазаны чырвонай стужкай Мікалай Мікалаевіч Ялоўскі, старшыня раённай камісіі па новых абрадах. Ён уручае шлюбнае пасведчанне. Затым віншавальнае слова кажа сакратар райкома камсамола Іван Урбановіч.
Читать дальше