— А як было ў 1905 годзе, калі бунтавалі палушанскія сяляне?
— Тады я яшчэ хлапчуком быў, але добра ўсё помню. Вярнуўся з Вільні стары Мацей Адамковіч і кажа мужчынам: «У горадзе заводы стаяць, людзі бунтуюць, каб усё было наша!» — «Выходзіць, і млын наш павінен стаць!» — рашылі мужчыны. Млын у Палушах казённы быў, яго браты Карабцы арандавалі. Прывязе хто змалоць зярно ці зваляць сукно, бо пры млыне фолюш быў, Карабцы да двух гарнцаў збору сабе яшчэ трэці дабіраюць. Мельнік Іван Кацінель сабе таксама крадзе. Проста ратунку ад іх не было. Ну, пайшлі ўсе мужчыны да млына. Іосіф і Антон Чарняўскія падважылі застаўкі, спусцілі ваду. «Убірайцеся адгэтуль, — кажуць Карабцам. — Мы самі цяпер гаспадарамі будзем. Свабода цяпер усім!» А мельнік тым часам на каня ды ў Ашмяну. Прыехалі стражнікі, войска поўна. Каго падстрэлілі куляй, каго скавалі. Але людзі бараніліся: сунецца стражнік у хату, а баба возьме жару з печы і жарам яму ў вочы. Чарняўскага тады забілі, Замару на вольсе, дзе ён ратаваўся, паранілі. Восем чалавек пагналі ў ашмянскую турму. Ало скора выпусцілі, бо генеральша Дабжынская з Лошы за мужыкоў уступілася. Не ведаю, які ў яе тут інцярэс быў. Кажуць, што хоць пані, а таксама за рэвалюцыю стаяла…
З Палушаў ледзь відочная, зарослая дарога вядзе на Сяржанты. З левага яе боку, на беразе Лошы — купка амаль зраўняных з зямлёй курганоў. Археолагі адносяць іх да ўсходне-літоўскага тыпу і датуюць прыкладна VІ–VІІІ стагоддзямі нашай эры. Ф. Пакроўскі, які капаў тут у канцы мінулага стагоддзя, у адным з курганоў знайшоў чалавечы шкілет — з галавой, звернутай на захад, і рукамі, складзенымі на грудзях. У Сяржантах былі адкапаны гліняныя пацеркі, жалезны ножык, абломак крэмневага нажа, гліняны чарапок з птушынымі касцьмі. Усяго Пакроўскі тут знайшоў з паўсотні курганоў дыяметрам да дзесяці метраў і вышынёй з паўметра. Сёння іх тут намнога меней, бо некаторыя зраўняліся з зямлёй. А ўвогуле Астравеччына ў мінулым, відаць, была густа населена. Апрача Астраўца і Быстрыцы, старадаўнія гарадзішчы зарэгістраваны ў Якубішках і Гурах. Групы курганоў ёсць каля Лошы, Гудагая, Будран, Жукойняў-Жалядскіх, Пільвінаў. У народзе іх пераважна называюць шведскімі або французскімі капцамі.
А яшчэ хутар Сяржанты ўвайшоў у гісторыю тым, што 17 снежня 1909 года тут адбыўся… землятрус. «Наша ніва» тады пісала, што ў той дзень «жонку арандатара фальварка Сяржанты разбудзіў страшны гром. Зазвінелі шклы ў вокнах, і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё ўціхла. Хутка прыбег і арандатар, што быў пры скаціне ў хляве, і расказаў, што і ён таксама чуў гул, быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжала, і жывёлы пападалі на калепі. Выбежаўшы з хлеву, ён убачыў быццам роў глыбокі, каторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўздоўж з паўночы на палудня-усход. Думаюць, што гэта адгалос таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэтае землетрасенне, як кажуць, адазвалася ў некалькіх месцах Віленскай губ.». Колькі ў той інфармацыі праўды, а колькі засцянковай хлусні ці фантазіі — сказаць сёння цяжка. Старажылы нічога падобнага не памятаюць, а роў адшукаць не ўдалося. Праўда, ёсць доўгія акопы часоў першай імперыялістычнай вайны. Але яны не там, дзе стаялі хлявы, а далёка ў лесе, каля дарожкі на Анелін.
Ад маёнтка Анелін таксама ўжо амаль нічога не засталося. Двухпавярховы дом пана Доўнара-Запольскага, які жорстка караў нават тых, хто выпадкам заблудзіць у яго лес, у саракавым годзе перавезлі ў Астравец. Старая афіцына з доўгімі верандамі перавандравала ў Гудагай. Хатка, дзе жыў на беразе Лошы (вясной — па лавы ў вадзе) пастух Касінскі, ад часу, мусіць, збуцвела. Стаяць толькі векавыя дрэвы, чырванее ягадамі шыпшына. І яшчэ на скрыжаванні дарог (адна — з Анеліна на Расолы, другая — гасцінец з Палушаў на Лошу, Шумск і Вільнюс) пахіліўся пачарнелы дубовы крыж, пастаўлены ў гонар паўстанцаў 1863 года, на памяць пра Кастуся Каліноўскага.
Легенду пра Анелін і пра гэты крыж я пачуў яшчэ ў дзяцінстве ад старога Грывы. Жыў ён у Палушах. Не ведаю, ці мог нават распісацца. Але з неймавернай лёгкасцю ўсё рыфмаваў. Як калісьці Ян Баршчэўскі, хадзіў ад хаты да хаты, на вяселлях і хрэсьбінах, і за пачастунак расказваў вершыкі аб мясцовых здарэннях. Але аднойчы нехта пачаставаў Грыву чаркай не пасля канцэрта, а да яго, і ён пусціў са сцэны такога «пеўня», што ва ўсіх абвялі вушы. Болей яго ў Астравец ніхто не запрашаў.
І вось неяк нядзеляй Грыва заходзіць да нас і гэтак складна ўсіх віншуе. Потым пачынае расказваць, адкуль пайшла назва той ці іншай вёскі. Этымалогія ў яго была свая. Расолы — таму што тут карчмар зліваў у рэчку расол ад агуркоў, і людзі прыходзілі з пахмелля, нагіналіся да вады і пілі. Палушы — таму што там людзі па вушы пагразлі ў грахах. Дайноўка — бо там раней жылі адны жабракі; бегучы за карэтамі, што ехалі па Чорнаму тракту, яны ўвесь час крычалі: «Дай зноўку!» Іншыя назвы выходзілі ўжо зусім непрыстойна.
Читать дальше