— Таня, а чаму ты спіш у ботах? — спытаў ён.
— Дык пасля твайго арышту я таксама стала рыхтавацца да выкліку на кухню, — адказала Таня. — Па справе паходжання непрацоўнай заначкі.
— Дурненькая! — Толік яшчэ мацней абняў жонку і ўсміхнуўся ў цемры. — Робат жа не звер: два допыты за адну ноч не агорае. — Ну, нічога, — ён слодычна пазяхнуў, — як разбагацеем, дык купім у дом мадэль з турбанадзіманнем, каб хадзіць на начныя допыты разам.
2. Нашто беларусам столькі іншамарак?
Пытанне вымагала годнага адказу. Усе трыццаць восем вачэй бетэльгейзіянца красамоўна глядзелі на Толіка. Ну не тое, што магла сарвацца ўгода — бетэльгейзіянцу ж прапанавалі панадную цану: тут была іншая справа, справа гонару. Не, далібог, людзі, нашто столькі іншамарак?
Толік, шчыра сказаць, пытання чакаў. І злёту зарадзіў пра тое, як ягоная родная планета колісь насіла назву Зямля, аж пакуль не з’явілася гэтая надрэлігійная, наднацыянальная звыш-ідэя «Чарка, Скварка, Іншамарка», якая прыйшла з маленькай усходнееўрапейскай краіны. Новая добрая вестка несла адказы на ўсе патаемныя пытанні ды, дасканала дапасаваная да руху людскіх душаў, нарэшце адпавядала ўсім глыбінным жаданням чалавецтва. Звыш-ідэя не супярэчыла ніводнаму чалавекалюбнаму вучэнню — адно дарыла яшчэ большае суцяшэнне і ўпырсквала ў галовы сваіх прыхільнікаў слановую дозу душэўнага спакою, ахінаючы кожнага чалавечка ўсеабдымнай літасцю і спагадаю.
Толік працягнуў і патлумачыў, як ЧСІ-ідэя пакрысе захапіла зямную кулю. Рэч у тым, што адэпты новай веры, дарогаю па іншамаркі, абсалютна натуральным чынам разносілі насенне новага вучэння па ўсёй Еўропе — прапаведуючы яго на справе. Цяпер нават немцы імкнуліся пакінуць межы сваёй краіны адно каб далучыцца да гэтай сакральнай працэсіі. Пасля поўнага злыбедаў і адкрыццяў падарожжа яны вярталіся дадому адноўленымі, адухоўленымі, з новай вераю ў галаве і сэрцы. А таксама з новай машынай, перакупленай у сябе саміх. Тое было цалкам новае нязнанае пачуццё: незямная весялосць, змяшаная з глыбінным веданнем сакрэтаў таемных спружын існавання.
Хрысціянскія святары, мусульманскія мулы, юдэйскія рабіны і будысцкія манахі ўдзень яшчэ мусолілі свае літургіі, але ўжо адвячоркам шчыравалі напоўніцу — перабудоўвалі бажніцы пад гаражы.
Да новай звышверы, што змяніла абрысы планеты і перайначыла контуры людскіх душаў, далучаліся ўсё новыя і новыя народы — аж пакуль урэшце планету не перайменавалі ў Беларусь.
Толік ужо не стаў пашырацца пра глабальныя зрушэнні на планеце: адно апісаў, як людзі завінуліся і зруйнавалі хмарачосы на Уол-стрыце адно дзеля таго, каб адляскаць мега-аграгарадок Новыя Гарлемавічы з двума гаражамі ў кожным дамку, а таксама пра тое, як па Міжземным моры прайшлася масіўная меліярацыя на палескі манер. Дарэчы, сам Толік быў індусам з горада Нью-Мінск (былы Бангалор), а ягоны бацька Раджэш Кутрапалі, сцяміўшы адкуль дзьме вецер, пасля нараджэння спадкаемца абдорыў яго чыста крывіцкім імем.
— Анатоль Раджэшавіч, усё гэта вельмі цікава, але, далібог не лахмаць бабулю — адкажы ўжо на простае пытанне: нашто так шмат іншамарак? — перабіў яго бетэльгейзіянец, знецярпліўлена кусаючы хвост. — Ясцё вы іх, ці што?
Выцягнуты з паўтрансу Толік усміхнуўся:
— Я адкажу табе, чужынец, усю праўду адкрыю, але гэта будзе каштаваць яшчэ адну іншамарку.
Разлік быў дакладны. За, можа быць, самую нашумелую таямніцу гэтага сектара Галактыкі цікаўныя бетэльгейзіянцы, не вагаючыся, гатовыя запрадаць нават родную матулю (хоць тых матуль у кожнага з іх усяго сем).
І таму ўжо праз якія дваццаць пяць хвілінаў пры выхадзе са знакамітых бетэльгейзіянскіх гаражоў Толік трымаў пад аброць адным духам на яго аформленага белага «мерына».
Хто вінен аддаць павінен. Асланяючы вусны рукой і зіркаючы некуды ў бок усюдыіснага неба (там у вышынях раскудлаціла сваю грыву Туманнасць Конская Галава) Толік нахіліўся і як на споведзі прашаптаў у трохкутную вушную адтуліну бетэльгейзіянца ўсю праўду пра лёс іншамарак на Беларусі.
Аёй жа! Учуўшы Толікавы прызнанні, ашаломлены, бетэльгейзіянец умольна стаў шукаць на твары беларуса абвяржэнняў. Не знайшоў — і з капылля далоў: раптам збялеў, захістаўся, прамармытаў што найбольш нагадвала ці то праклён, ці то малітву, неяк нетрывала пахіліўся, заплюшчыў усе свае трыццаць восем вачэй, затуліў хвост паміж ног ды ўрэшце ляпнуўся на зямлю не раўнуючы як пераспелы персікавун.
Читать дальше