Добры дзень! Салацік, булачка... Што гэта ў вас у баршчы — дзве смятаны? Не? Ну, неяк мне падалося, смятанная плямка неяк так небюджэтна падваяецца — Леапольдаўна з лыжкай пагарачылася. Трэба якую піпетку. А што гэта пад пюрэ — эсхалоп схаваўся? Ды канечне, з кім не бывае! Неслі, рукі трусіліся, вось
эсхалоп пюрэшкай і заваліла. З вас дзевятнаццаць дзевяноста...
У дзевяностыя, Цукерачка, людзі былі
2. Клятыя 1990-я
... абазлённыя: грошы на абед давалі без рэшты — дома самі рэжуць салаты і лепяць катлеты з каніны. Касіру не разгуляцца. І калі касір, скажам, прыязджае ў вёску, дык і на сваіх бацькоў накрычаць можа, а тыя ўжо на калгаснай скаціне спаганяюцца. Ад гэтага куры мяса давалі абазлённае, а таму ежа ў сталоўках рабілася несмачнейшай і несмачнейшай. І вопытныя людзі казалі, што Чарнобыль не ў восемдзесят шостым, а значна пазней, у дзевяностыя ляснуў. Проста людзям манілі некалькі гадоў, каб самыя слабыя з нас не вытрымалі і хуценька паўміралі, і тады можна было ўсё спісваць на васмідзясятыя і СССР. Адным словам, адчай такі, разруха. І ўсё неяк, Цукерачка, крыва выходзіць: захочаш малака папіць, падыдзеш да халадзільніка, дастанеш пірамідку з малаком — і абавязкова нешта ў цябе наўскасяк пойдзе: пакетам да крыві распаласуешся, потым грудзі абальеш. У дадатак на падлогу трапіць: паслізнешся — і лабацінай аб рог стала. Сядзіш ў ружовай лужыне крыві з малаком, плачаш. І так усе дзесяць гадоў. Працоўныя суботы піянінамі «Беларусь» валяцца на галаву. Авіялайнеры «Белавія» ў нябёсах не вытрымліваюць: садзіцца сабе самалёт на ўзлётную паласу, механікі падышлі: бач — а ён ужо ўсмятку і крылаў няма. Яшчэ раскажу табе, Цукерачка, пра два прыкрыя моманты. Вуглы ў дамоў абкусаныя былі, бо людзі, ідучы на працу ці яшчэ куды, ад голаду зубы ў сцены ванзалі, а метро хадзіла без прыпынкаў. Не верыш, Цукерачка? Правільна, апошняе — чыстая выдумка, а першае — непрыемная, але праўда.
І нараджаліся тады сектанты-зомбі. Дакладней, з’явілася ў Мінску секта, якая верыла, што пекла месціцца не ў глыбінях, а тут, на зямным абліччы, то бок усе мы ўжо патрапілі ў геену вогненную ды існуем якраз у ёй. Адным словам, празамбіравалі людзям мозгі, а тыя сабе яшчэ ў галовы ўвагналі, што катлы таго зямнога пекла — там, дзе грэшныя душы павінны варыцца, — стаяць якраз у кухні нашага харчовага камбіната. І насталі тады для камбіната прэчорныя дзянькі. Было, што заходзіць такі чалавек: нармальна ўсё — салат
«Світанак», кефір сабе на паднос ставіць, ніякіх выбрыкаў, чын-чынаром. А вось як з катламі параўнаўся, дык у момант вока — плюх усім сваім целам у кацёл з баршчом кіпячым. І ляжыць там роўненька, нават не гыркне, хоць і апёчна, бо мяркуе, што за сваё грахаводства пакуты прыняў. І хадзілі яны, і зрыналіся ў боршч: як маслам ім у нас памазалі — проста нейкі кацёл адпушчэння!.. І была ў нас там адна Аксана... Не ведаю, як там яе па бацьку. Адным словам, гэтая Аксана пастаянна ўсё тлумачыць кліентам: «Тое філе, а сёе — паштэт, катлету не бярыце, бо надта хлебная сёння». Перадкуецца перад людзьмі. Мы ж яе прама з Леапольдаўнай папярэдзілі: «Што ты з імі дудукаешся? То ж не людзі, а сектанты-зомбі. Прынамсі, ладная іх частка». А яна ўсё: «Жадаеце, што жадаеце... А філе, а рыбка...» Дык вось, у той злашчасны для Аксаны дзень на першае давалі халаднік і гарохавы суп. Адзін з кліентаў, выявіўшыся сектантам-зомбі, дайшоў па катлоў ды па сваёй гнюсотнай завядзёнцы штурмануўся ў чан з халадніком. І тут жа, як ашпараны, выскоквае назад: ён жа думаў у пякельныя катлы трапіць. Але ж у пекле не можа быць гэтак холадна; яму стала ясна: пераблытаў кацёл. Вылез ён з халадніку: сам чырвоны, увесь у бурачыных кудзерках — чыста ўкраінскі біс, — падумаў-падумаў — і даў нырца ўжо ў чан з гарачым гарохавым супам. Людзі і персанал — у шоку. А бач ты, ударніца-даўбальніца Аксана замест таго, каб здурнець разам з усімі, спакойненька так крычыць сектанту-зомбі над катлом: «А што на другое вы хочаце: курыцу або катлетку?» Тады з гарохавага супу вылезла рука і пачуўся булькаючы голас: «Вас!» І потым — Божа, зьлітуйся! — схапіла тая рука Аксану за халат і пацягнула за сабою, у кацёл. Крыку было!.. Я паклікала на помач Леапольдаўну, а тая — яшчэ і Францаўну, цягнем-пацягнем за валасы, ратуем нашу Аксанаўну... Але што можна зрабіць з маньякам, які заўзята верыць, што ваш кацёл з гарохавым супам — праход у апраметную?! Дык вось, сектант-зомбі па-д’ябальску зацягнуў гаротніцу на самае дно. Ясна: той выпадак з Аксанаўнай стаў апошняй кропляй, якая перапоўніла кацёл нашага цярпення. Увечары Леапольдаўна вытачыла асінавы чарпак і назаўтрашнім абедзе надавала тым чарпаком па лбе першаму ж зомбі. Зомбі — з капылоў, і больш яны нас не трывожылі... Але ж Аксанаўну не вернеш.
Читать дальше