«Суч’ё, гадаўё, яйцакруты! Так за трынаццаць гадоў асфальту і не паклалі!»
І гэтак Ціханаўна казала і казала, а маладая стажорка слухала. Прытуліўшыся спінаю да пафарбаванай у невылечна зялёны колер сценкі, знерухомелая Цукерачка лавіла і запашвала ў сваіх галаўных рэзервуарах кожнае слова строгай настаўніцы. Чопы з гарнірамі — капуста і рыс — таксама як застыглі, стварыўшы нейкае падабенства чалавечага шыхту. Нам няма на каго абаперціся, толькі на нашых дзядоў, якія на небе. І яны глядзяць на нас, бачаць нас, усё пра нас ведаюць — кожнае малое зрушэнне валаска, пасміхаюцца.
Бетэльгейзіянскія хронікі
1. Робат-міліцэйскі
Увітрыне крамы «Тавары для дома» стаяў міліцыянер. Вядома ж, то быў робат, бо жывыя хатнія міліцыянеры ў нашу кібер-эпоху ўжо даўно зрабіліся анахранізмам.
— Возьмем крэдыт і купім, га? — умольна прапанавала Таня, гледзячы на новую ўніформу робата. — Ці, можа, разаб’ем на плацяжы?
Толік адказаў насупленым маўчаннем.
— Толік! — працягвала наступаць Таня. — Мы ж з табою гэта ўжо абмяркоўвалі!
І каторы раз паўтарыла правераную гадамі жыццёвую мудрасць:
— Прыватная машына — новая ступень свабоды, а хатні міліцыянер — новая ступень парадку.
Прадавачка, хмурная не раўнуючы як Толік, разгавелася толькі дзякуючы гэтаму кранальнаму відовішчу — з’яўленню маладой пары, што робіць у сямейнай гаспадарцы свае першыя нерашучыя крокі:
— Ну, на свайго першага міліцыянта мы з мужам назбіралі, калі нам было па дваццаць пяць, — разгаварылася яна, і яе твар нечакана аквеціла ўсмешка. — У нас тады нават кватэры не было: жылі ў дзвюх прыгнаных з Бетэльгейзэ іншамарках — ставілі ўпрытык адна да адной. А міліцыянер нам харошы трапіўся — уяўляеце, сам насіў у ДАІ квітанцыі нашых штрафаў.
На яе вочы мройнай пялёнкай нагарнуліся ўспаміны.
— Праўда, мы без кватэры і цяпер, — дадала прадавачка. — Хаця іншамарак ужо шэсць: мы іх паставілі ў тры паверхі. Ламінат у салоне наслалі і мэбляй абставілі.
Расчуленая прадаваччынай споведдзю, Таня трохі так тэатральна выгукнула:
— Жывуць жа людзі!
І потым больш прадметна дадала:
— Толік, чорт з той заначкай — хачу жыць па-чалавечы!
З даражэзнай пакупкай давялося змірыцца. Перад сыходам з крамы Толік набыў яшчэ запасныя батарэйкі і летняе абмундзіраванне — для свайго новага свойскага жандара.
Дома, толькі яго ўключылі, робат-міліцэйскі адразу ж пачаў шчыраваць: разагнаў электрашокерам несанкцыянаваную алкаголь-вечарынку, якую ў адсутнасць дзяцей ладзіў са сваімі сабутэльнікамі цесць Толіка. Потым разблытаў справу-«глухара»: куды губляюцца ўсе шкарпэткі пасля машыннага прання (падрабязнасці справы — аператыўная таямніца). Паралельна пры ператрусе робат знайшоў згубленыя колісь Таняй акуляры, а ў цешчы — порначасопісы на продаж. Наступным крокам робат-міліцэйскі пералавіў усіх мышэй і пацукоў і, начапіўшы ім флікеры, адпусціў на волю. Сям’я не магла нарадавацца новаму парадку.
Потым, за лужыну ў вітальні, пасадзіў на суткі Джэка. Сядзеў Джэк у імправізаваным КПЗ на антрэсолях, і Кацечка насіла (а дакладней шпурляла) туды Джэку перадачы: кілбаскі і «Беламор». Кілбаскі Джэк з’еў, а да пачка «Беламору» не дакрануўся: яго падзялілі міжсобку сукамернікі Джэка — суседка цётка Лізавета, што была запхнутая сюды за тое, што пастаўляла Толікавай цешчы на рэалізацыю порначасопісы, а таксама Кацеччына сяброўка па дзетсадзе Леначка, якая падчас гасцявання скрала ў Кацечкі Барбі.
Уначы з крыкам: «Устаць! З рэчмі на выхад!» робат выцягнуў Толіка з нагрэтага ложка. Таня збянтэжана праводзіла мужа прыспанымі вачыма. Робат-міліцэйскі завёў Толіка на кухню і пад святлом зыркай лямпы загарлаў зноўку:
— Адкуль марыхуана, гаспадару?
— Я не разумею, пра што ты.
— Так, гаспадару, я з табой дудукацца не буду, — узяў быка за рогі робат. — Кацечка і цесць ужо былі на допыце — гэта не іх рук справа. Так што мне засталося сказаць Тані, і тады табе гамон — жонка цябе поедам з’есць!.. Але паколькі ты мой гаспадар, — галасавы мадулятар робата дадаў у словы панібрацкіх інтанацыяў, — дык прапаную гешэфт: я адкалупваю рубільнік у сябе на панэлі, і стуль ніколі не буду больш выключацца, а наўзамен следства па справе «Пакупка і ўжыванне наркотыкаў» спыняецца.
Па вяртанні ў спальню Толік паклаўся і з палёгкай прытуліўся да цёплай жонкі, што праз сон замармытала штосьці няўцямнае. Раптам ступакамі Толік адчуў нешта не тое.
Читать дальше