Я сядзеў у цэнтры правільнага круга. Кругам была сцяна — і не было ёй ні пачатку, ні канца. Тысячы і тысячы аб'ектываў былі ўманціраваны ў тую сцяну. Ведаў, што аб'ектывы высвецяць сапраўднае жыццё і сапраўдных герояў.
Мяне чакала не відэасповедзь Яніны. Мяне праз колькі хвілін завіхурыць натуральнае жыццё. Мне прыйдзецца прайсці шляхам Яніны. Ці вытрымаю без падрыхтоўкі псіхалагічную нагрузку? Нездарма ж мяне не пусцілі на прагляд...
У адтуліну ўвайшла маленькая, з запалкавы карабок, касета. Засвяціліся тры зялёненькія лямпачкі-светлячкі. На суседнім табло з аднолькавым інтэрвалам замігала блакітная палоска — знак гатоўнасці. Напомнілі пра сябе тысячы аб'ектываў — гатовыя былі прапусціць праз сябе пакуты Яніны Альшанскай.
Нечага марудзіў, не націскаў кнопку на столе — сваю гатоўнасць. Настройваў сябе на цяжкія выпрабаванні, прасіў у Валадара духоўнай падтрымкі і моцы. Калі ж дачакаўся, рука падалася да патрэбнай кнопкі.
Указальны палец лёгка дакрануўся да яе.
Доўгі час было ціха і цёмна. Стала холадна. Была глыбокая ноч — на небе выразна ўбачыў зыркія зоры і месячык.
І я ўжо быў не я, а яна — Яніна, бо дзіця яшчэ... Пераўвасобіцца ў дзяўчыну, напэўна, было лёгка — мы ж былі адно цэлае, і сэрца напалову ў мяне было жаночае...
На мне была спадніца. На нагах ці то лапці, ці то пасталы, на галаве старая, зношаная хустка...
І было мне, дзяўчынцы, шаснаццаць з паловай гадоў...
Не прыкмеціў, як пачалося іншае для мяне жыццё, як, пачаў жыць я ў іншым вымярэнні, у іншым часе — закружыла мяне, завіхурыла, прымусіла наліцца страхам і імкненнем перамагчы нечалавечыя пакуты і выжыць...
З маіх грудзей вырваўся слабы дзявочы крык страху і здзіўлення...
— Парасачка, го Парасачка! Дзе ты падзелася, дачушка? — гукае мяне бацька з двара.
— Я тут, татусь, — адказала з гарышча, каб ён не хваляваўся за мяне, — ведама ж, трывожна вакол, ходзяць чуткі, што маскалі паляць вёскі і гарады, забіраюць у палон жанчын і дзяцей, мужчын і дзядоў, якія маюць талент у будаўнічай справе. Астатніх забіваюць, садзяць на кол.
— Татачка, можна, я пайду да таварышак, пагуляю трошкі з імі?
— Добра, схадзі! Толькі ж не баўся доўга.
— Не забаўлюся!
Бацька яшчэ нешта бурчыць сам сабе, грукае дзвярыма, ідзе ў хату. Татачка, добры мой татачка! Ён так любіць мяне, малодшую, што баіцца штохвілінна — перажывае надта, калі гадзіну не бачыць мяне. Мне смешна нават ад такой залішняй увагі — што ж са мною можа здарыцца?
Тата мой — званар. Кожны дзень ён падымаецца на вільчык царквы Еўфрасінні і размаўляе з Богам — і тады перамовы званоў чуе не толькі ўвесь Полацак, а і людзі блізкіх і далёкіх паселішчаў, што раскінуліся вакол магутнага горада.
Паабяцаў мне татусь, што заўтра возьме з сабою ў сабор Еўфрасінні: дасць і мне патузаць за вяроўчыны, якія трымаюць «язык» звона... А лезці туды, высака, мне страшна, але пра тое я бацьку не прызнаюся — не возьме тады з сабою.
Я і не заўважыла, як забавілася з сяброўкамі, вярнулася дахаты прыпознена. Зачыняю за сабою дзверы і кладу засаўку. Ціхенька іду ў хату, знаходжу на стале гліняную конаўку з малаком і выпіваю нагбом. Ведаю, што бацькі яшчэ не спяць, чакаюць, калі я ўлягуся спаць.
Чую, як цяжка ўздыхае бацька, варочаючыся з боку на бок, — яго грызе трывога.
Двое маіх старэйшых братоў, Уладысь і Францішак, служаць у дружынах вялікага князя, зрэдку наведваюцца дадому. Як тады радасна свецяцца твары ў таткі і мамы!
А Ўладысь носіць мяне на руках, смяецца, гаворыць жартам:
— Вось падрасцеш, аддадзім цябе за княжыча — князёўнай будзеш!
— Не хачу за княжыча, — плачу я ад крыўды, — за цябе, браток, хачу, не люблю княжыча, а цябе!..
Смяецца брат, глядзіць на мяне блакітнымі вачыма, і я адчуваю, якія ў яго дужыя рукі. Гаворыць, як здзекуецца:
— У мяне ж нявеста ёсць, а ты яшчэ ж маленькая...
— А я хутка падрасту, ты пачакай трошкі, — умольваю брата, і ў мяне такі прыліў любові да яго, што не ведаю, як і расказаць яму пра тое, — я і прыгожай стану, вось пабачыш...
— Ды ты і так самая прыгожая ва ўсім княстве, — шэпча мне Ўладысь на вуха ласкавыя словы, цалуе ў шчаку, — акурат пара нашаму княжычу...
Ледзьве не плачу, чуючы зноў пра княжыча, ужо і злуюся на брата, адварочваюся ад яго, адчуваю, што пачынаю ўжо і ненавідзець сына вялікага князя, адзін толькі напамінак пра яго выклікае ў маёй душы незразумелае зло і крыўду...
Але я засынаю на дужых руках брата пад яго шэпт-аповед пра нешта казачнае і патаемнае, вядомае толькі нам абаім...
Читать дальше