Тады скандынавы занялі Летуву і Гарадзеншчыну.
Ой як тое не спадабалася маскоўскаму самадзержцу!
Ён проста азвярэў, мацюкаўся і пасылаў праклёны скандынавам. А ў душы і радаваўся такому зыходу падзей: ёсць жа выдатная прычына распачаць вайну ў Беларусі!
І вось сямідзесяцітысячная армія рушыла ў бок Полацкага княства. Цар быў упэўнены ў сваёй перамозе. Ён абвясціў паслам, што робіць справядлівы паход.
Але полацкія святары ведалі, што цар не настолькі быў набожны, каб клапаціцца пра жывыя чалавечыя душы, пераканаліся ў ранейшых яго паходах. Таму манахі-базыльяне адаслалі з кляштара, што быў пры Сафійскім саборы ў Барысаглебскай царкве, што ў Задзвінні, срэбную труну з мошчамі Іясафата Кунцэвіча ў Жыровічы. Ведалі святары, як адносіцца манарх да вуніяцкай царквы...
Тым часам развіднела. Праехалі паўз кафедральны сабор адны сані, другія. Нейкі вазніца прывёз у горад сена, ды не ведаў, дзе пражываў купец, таму і распытваў у людзей пра яго.
Нам зноў прыйшла пара падымацца на званіцу. Каб аддзячыць Богу за клопаты пра нас, папрасіць прабачэння за грахі і памылкі.
— Бум-ммм!.. Бууу-ммм!
Гул званоў нарастаў і нарастаў. З ім і нарастала трывога. Яна мацнела, набывала неабдымныя памеры...
Да нас падняўся напалоханы дзяк. Быў ён задыханы, і ў голасе дрогкім быў спалох. Абвясціў:
— Бяда, Мікітка, бяда! Божачкі!.. Не звані... Цар загадаў. Ён унізе. Гразіўся, калі не перастане звінець... ой, Божа!..
І пабег тут жа ўніз. Бацька нічога не зразумеў з яго слоў. Загадаў мне сядзець і затаіцца. А калі што якое, то раіў схавацца ў невялічкую прыбудоўку, дзе мяне ніхто знайсці не зможа. Сам падаўся следам за дзякам.
Мне боязна было парушыць бацькаў загад. Нейкае падсвядомае пачуццё і сіла штурхалі мяне туды, уніз, каб я, менавіта я засведчыла сваім вокам тое, што магло адбыцца... А што магло здарыцца ў святым кафедральным Сафійскім саборы, акропленым і ахрышчаным святой вадой патрыярха? Бог абароніць, Бог заступіцца за невінаватых...
З вялікай насцярогай спускалася ўсё ніжэй і ніжэй.
Нехта ўладарна і гучна закрычаў унізе. Рэха паскакала па белых сценах з фрэскамі святых. Зажмурылася ад страху маляваная на сцяне Еўфрасіння. Рэха заскочыла пад вільчык купала, забілася там пад чорны звон.
Бачыла зверху, што шараговых вернікаў-вуніятаў у Сафійцы не было. Малілася шасцёра святароў і манахаў.
А дзе ж той, пра каго гаварылі са страхам, якога баяліся як агню? Дзе ж ён, чаму не бачна? А, вунь... вунь ён — цар! І памагаты побач — Меншыкаў. Там жа і некалькі афіцэраў. З імянінаў у Божы храм — да мяне далятае пах гарэлкі. На добрым, мусіць жа, падпітку, бо вунь як Меншыкаў калываецца — вось-вось упадзе...
— ...токмо не уважаете царя всероссийского, который несет вам освобождение! — грымеў голас, і зноў рэха ўзляцела пад вільчык Сафійкі.
Я сцялася ад страху, да крыжа прыціснулася. Зноў праціўная дрыготка падкацілася да мяне.
Потым жа цікаўнасць усё ж узяла верх — захацелася яшчэ ніжэй спусціцца. Легла на прыступкі так, каб можна было назіраць за тымі, хто быў унізе.
Схілілі ў малітве галовы святары. Чарнарызцы выглядалі супраць бамбізы-цара няйначай казуркамі.
А ён стаяў у батфортах, з мячом у похвах, у камзоле з залатой абшыўкай. Побач і афіцэры — крыўляліся, перадражнівалі святароў. Якімі дурнямі выглядалі, самі таго не адчувалі, не ведалі, не здагадваліся...
— Осмотреть желаю Софию, которую вы называете святой! — перапыніў цар нечакана імшу. — Убедиться хочу в этом. Ну-ууу!..
Вікарый Канстанцін Зайкоўскі спыніў богаслужэнне. Пачаў выконваць царскі загад. А кажуць, што ў чужую царкву са сваімі параносвамі не лезуць. Але то, мусіць, не цароў тычылася.
Пачаў вікарый тлумачыць Пятру Аляксеевічу, што да чаго. Спыняліся каля кожнага алтара. Цар, здавалася, уважліва слухаў, нервова круціў плячыма, скуб вусы.
— А это кто? Что за святой? — цар невядома чаго пачаў распаляцца, стражэў усё больш і больш, вочы наліваліся крывёю.
Айцец Канстанцін, трэба было прызнаць, праявіў смеласць, спакойна і з гордасцю прамовіў:
— Гэта, ваша царская вялікасць, полацкі арцыбіскуп Іясафат Кунцэвіч. Прыняў пакутніцкую смерць.
— Кто же его отправил на тот свет? — самадзержац крутнуў шалёна галавой, набычыўся, чакаючы, што скажа святы айцец.
Такім жа смелым быў і адказ:
— Святога айца Іясафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі, вашая царская вялікасць!
Пудовы кулак расейскага цара тут жа апусціўся на галаву пажылога святара. Зайкоўскі ўпаў, і цар пачаў біць яго важкім кіем, а потым, стаўшы шалёным і непазнавальным, замахаў шабляй.
Читать дальше