Думаў пра ўсё гэта і ўжо ўяўляў, як будзем прыязджаць у прызначаны дзень туды, у Альхоўку, хутчэй за ўсё на паляну ў Баранаўскім лесе, як пасядзім там, пагамонім, успомнім маленства і юнацтва, мо нават паспяваем, паслухаем дзяцей нашых — яны могуць спецыяльна падрыхтаваць нам, татам і мамам, канцэрцік, пасля сходзім на могілкі, у адведкі да бацькоў і дзядоў, да альхоўскіх дзядзькоў і цётак, былых суседзяў і аднавяскоўцаў, якія адышлі ў нябыт, але якія ўсё яшчэ жывуць у нас, у нашай памяці; потым пакажам жонкам і дзецям наваколле, мясціны, дзе мы спазнавалі свет і сябе ў гэтым свеце, пакажам куток роднай зямлі, дзе мы былі юныя, маладыя, а значыць, і лепшыя — чэсныя, даверлівыя, добрыя, незайздросныя, справядлівыя, дзе нашымі настаўнікамі былі не толькі пасляваенная нястача, нішчымніца, голад, але і людская дабрыня, спагада, ласка...
Мы абавязкова, думаў я, збяромся. Збяромся ўсе. Пра Колю Ладуцьку і Віцьку Шапялевіча клопату няма — яны, двое, толькі і засталіся ў Альхоўцы, пажаніліся, пабудаваліся, гадуюць дзяцей, працуюць — адзін шафёрам, другі на ферме, разам з жонкай, каторы ўжо год даглядае цялят. Найбольш нашых, вядома, прыедзе з Мінска — Веня Вайтовіч, інжынер радыёзавода, Іван Лявіцкі — ён ці не трыццаць гадоў токарам на трактарным, Генусь Фурс — ён, хто б мог паверыць, аціраецца недзе ў гандлі, Саша Шалак — інжынер-будаўнік, Толік Тарлецкі — слесар-рамонтнік халадзільнікаў, Слаўка Барэйка — таксіст, Мішка і, само сабой, я. З Ліды прыедзе Лёўка Маркевіч — архітэктар ці то землеўпарадчык, з Ленінграда — дыспетчар аэрапорта Пеця Вершаль...
Прыпамінаў я колішнія не проста знаёмыя, а родныя, можна сказаць, імёны і прозвішчы, і душа радавалася. Аказваецца, не так і складана будзе наладзіць гэтую сустрэчу. Вось, па хаду, за колькі хвілін прыпомніў я ці не ўсіх хлопцаў-аднагодкаў. Трэба, мусіць, не забыцца і на дзяўчат. Але, але, абавязкова запрасіць і дзяўчат. Мо нават і даручыць ім усю арганізацыйную работу. Яны ўхопяцца за такую прапанову ахвотней, бадай, чым мы, мужчыны. Пазвоніць Мішка, дык трэба будзе сказаць яму пра гэта...
Думаў я пра гэта і дома. Нават пахваліўся жонцы, што спаткаў на праспекце земляка, і дамовіліся мы арганізаваць сустрэчу былых альхоўцаў-аднагодкаў. Жонка паблажліва ўсміхнулася: ну-ну, ці першы раз ты гаворыш пра гэта...
Памятаў я пра сустрэчу з Мішкам Жызневічам і назаўтра, у суботу, і паслязаўтра, у нядзелю. Сяды-тады згадвалася тая сустрэча і ў наступныя дні. У мітульзе спраў, клопатаў і турбот раптам успыхвала ў галаве згадка пра тое, што абяцаўся пазваніць — запісаў жа мой тэлефон!— Мішка Жызневіч, ды ўжо чамусьці ад гэтай згадкі твар мой азмрочваўся іншай думкай: хоць бы не сёння, хоць бы не дадумаўся ён напрасіцца да мяне сённяшнім вечарам, бо парушыць усе планы, зноў не зраблю справаздачы ў тэрмін і зноў нарвуся на непрыемнасць...
А яшчэ праз тыдзень-другі забылася тая выпадковая сустрэча на праспекце, і я ўжо не палохаўся Мішкавага званка. Сам жа яму пазваніць я ці то не сабраўся, ці то не рашыўся, хоць напачатку зусім шчыра, здаецца, верыў, што пазваню. Потым жа гэтае жаданне пакрысе пакінула мяне. Знайшлося і апраўданне. Ён жа не пазваніў! Дык чаго ж я буду званіць, прытым не на хатні, а на службовы тэлефон? Пры выпадку можна заўсёды спаслацца на тое, што званіў, ды, на жаль, не заспеў яго ў кабінеце.
І калі напачатку, у першыя дні ці тыдні, мне яшчэ было ніякавата ад усяго гэтага (маўляў, свінтус я ўсё-такі, чэрствы і абыякавы чалавек), дык пасля гэтыя папрокі ўжо адрасаваліся і Мішку, і наогул усім маім колішнім альхоўцам, аднагодкам і неаднагодкам, і ўжо думалася, што, мусіць, гэта дзіцячыя, несур'ёзныя, наіўныя мары і намеры, што наўрад ці хто адгукнуўся б, калі б і сапраўды паспрабаваў гукнуць іх на такі збор, што колішняя еднасць наша была даўно, з таго часу шмат вады сплыло, што наогул ці была тая еднасць (мы не толькі сябравалі, але і варагавалі, часам досыць зацята, так, што даходзіла да боек), што цяпер усе мы розныя, звязаныя па руках і нагах сямейнымі і іншымі абавязкамі і клопатамі, што няма ўжо нам ніякае справы да Альхоўкі (калі не ўсім, дык многім, скажам, тым, хто пахаваў сваіх бацькоў ці забраў з сабой у горад), і таму, калі па шчырасці, наўрад ці звязаны мы між сабою сёння хоць чым-небудзь — хіба толькі ўспамінам, які мяне (і Мішку таго самага) і расчуліў, а не расчуліць ён не мог, бо гэта быў успамін пра маленства, успамін, які заўсёды, да самага апошттяга дня будзе салодзіць душу, прымушаць сэрца біцца хутчэй, зваць туды, у незваротнае...
Читать дальше