— А кілбаса, мяса ёсць?
— Ну, а як жа! Вядома, ёсцека! Як жа без гэтага?
— Тады ў вас лепш,— заключыў дворнік.
— Там добра, дзе нас няма,— удакладніў Паўлюк і папытаў: — Мо ў цябе каса ёсць? Я каля кветак во абкасіў бы, і там, ля кустоў.
— Кажу ж — на Сонейка ідзі, да Сініх скал!
Паўлюк замаркоціўся. Не разумее яго чалавек, хоць такі ж пенсіянер, як і сам ён. Ты яму пра работу, а ён... Два дні ў цягніку бакі адлежваў, учарашні дзень здоўжыўся, рук ні да чаго не прыклаў, а тут во і другі разгараецца — колькі ж можна, каб ні пальцам аб палец?
Дворнік, раптам як штосьці зразумеўшы, прапанаваў:
— Дык мо дзяркач свой табе перадаць? Махай, калі без работы не можаш.
— У ахвоту, братка!
— То, можа, і заўтра мяне падменіш? У мяне іншы клопат ёсць, я адарваўся б...
— І заўтра, братка, і паслязаўтра, і яшчэ дваццаць дзён,— шырока ўсміхнуўся Паўлюк.— На дваццаць чатыры дні пуцёўка.
— А ты... А ты, выбачай, не жартуеш?
— Якія жарты, чалавеча! Во так ранічкою выйду і памахаю тваім памялом на халадку. Ты мне толькі пакажы, дзе і што, а пасля ідзі, спраўляй свой клопат.
Добрыя дзве гадзіны махаў Паўлюк дзеркачом. Падмёў усё наўкол. Не толькі двор, дарожкі ў двары, прыступкі галоўнага ганка, але і тыльны дворык, і нават тратуар перад галоўным корпусам. Пасля сядзеў у двары і цешыўся са свае работы: гэта ж не толькі яму, а і ўсім, хто выходзіць сюды, прыемна, што паўсюль чысценька, утульна, святочна.
І назаўтра разам з усходам сонца шмараваў Паўлюк дзеркачом двор. І цэлы дзень быў у Паўлюка добры настрой. З добрым настроем ішоў ён і ванну прымаць.
Памятаючы пра тое, што гаварыў яму чарнігавец, не забыўся ўзяць з сабою рубель. І перад тым, як распранацца, падаў яго жанчыне, што спаласквала і пасля напаўняла ванну. Падаў і сказаў выбачліва:
— Вазьміце, калі ласка. Я ж і не ведаў, што вам трэба плаціць.
Жанчына, бы ашпараная, адскочыла ад яго, закрычала:
— Вы што, звар'яцелі? Якія грошы? Хто вам такое наплёў?
Выскачыўшы з кабіны, яна голасна сказала дзяжурнай сястры:
— Ну і вёска! Тыцкае няшчаснага рубля і кажа: я ж і не ведаў, што вам трэба плаціць... Плату знайшоў!
Хацеў Паўлюк пасля ванны падысці да тае кабеціны і растлумачыць, чаму ён тыцкаў, як яна сказала, таго рубля, але пасаромеўся, не падышоў. Ат, парашыў, лепш будзе, калі ён прамаўчыць, не стане напамінаць, хоць, падалося яму, пакрыўдзілася кабета не за тое, што даваў ёй рубля, а за тое, што даваў мала. А на чарнігаўца пакрыўдзіўся: ён жа яму не смаркач які, каб так па-дурному жартаваць...
Пасля гэтага без вялікае ахвоты, як і на кактэйлі, хадзіў Паўлюк і на ванны. Цераз сілу хадзіў. Прыйдзе, сядзе з краёчку і выглядвае, ці дзяжурыць тая кабеціна. Калі дзяжурыць, дык цаляе, каб хаця не яна налівала ў ванну таго цёплага і невядома чым карыснага нарзану. Перажываў, нерваваўся, але хадзіў. Бо як жа не пойдзеш? Толькі ж, бадай, дзеля гэтых самых нарзанных ваннаў і едуць сюды людзі за няблізкі свет. Усе навыперадкі хваляць гэты самы нарзан. Трэба і яму, значыцца, не быць за ўсіх разумнейшым і папрымаць ванны да канца, колькі іх яму прызначана.
Але дванаццаць прызначаных ваннаў ён усё ж не прыняў. Паляжаў у цёплым, ажно гарачым і не надта бурлівым нарзане ўсяго пяць разоў, бо прабыў у санаторыі дзесяць дзён — ванны доктарка прапісала прымаць цераз дзень. На адзінаццаты дзень, пасля гаворкі са сваёй маладзенькай і ласкавай доктаркай, ён паехаў з Кіславодска дадому. Зрэшты, не так пасля гаворкі з доктаркай, як з чарнігаўцам...
Доктарка ранічкою таго дня ўгледзела Паўлюка з дзеркачом. Яна спынілася, паглядзела на яго пільней, пасля, як не верачы сваім вачам, падышла да яго.
— Таварыш хворы, што гэта вы робіце? — спытала яна.
Паўлюк, не адчуваючы перад ёю аніякай сваёй віны, перапыніў работу, кіўнуў на дзяркач:
— А хіба вы не бачыце? Двор падмятаю.
— Бачыць-то бачу,— сказала доктарка,— але хацела б ведаць, чаму вы гэта робіце?
— Захацеў от і раблю,— адказаў, як умеў, як яно і на самой справе было.
— Таварыш хворы, як вас? Павел Іванавіч? — Доктарка чамусьці не ўспрыняла ягонай усмешкі.— Вы ж прыехалі лячыцца!
Паўлюк заківаў галавой:
— Дык я і лячуся, дачушка. Хіба ж гэта не лекі? Хіба зарадка на Храме паветра дакажа? Гадзінку-другую з дзеркачом у руках — лепшай зарадкі і не трэба.
— А дворнік дзе? — запытала яна, ужо чымсьці збянтэжаная.
— А няма. Я адпусціў яго. На ўсе дваццаць чатыры!
— Ой, Павел Іванавіч, Павел Іванавіч, дзіўны вы чалавек! — яна, нарэшце, таксама ўсміхнулася і пайшла.
Читать дальше