Я адмахнуўся:
— А ліха яго ведае! Урачы супакойваюць, а рады даць не могуць. Слабасць, галава кружыцца, сэрца б'ецца, як авечы хвосцік у летні жар... Жывеш, быццам падвешаны, усё чакаеш, калі абарвешся...
Мішка перабіў:
— А ты не чакай. У мяне, зямляча, цэлы букет: і гіпертанія, і арытмія, і тромбафлебіт, а цяпер нешта і з вачамі стала, толькі я не шманаю. Бо ўзяць да галавы — канцы! Піць, курыць кінуў? Правільна. Я таксама даўно ўжо святы. Анёл! Глядзіш, яшчэ і паківаемся трохі, га, зямляча? І не трэба пра гэта. Хваліся лепш чым-небудзь.
Я паціснуў плячамі:
— Чым жа хваліцца? Ці ёсць што лепшае за здароўе?
Мішка зарагатаў:
— Грошы, кажуць! Ключы ад раю. Фільм такі быў.
— Фільмы зараз найбольш пра такое глупства... Жыву памалу. На работу, з работы — глядзіш, і няма дня, а там і тыдня, месяца...
— Не кажы! — падхапіў Мішка.— Я таксама заўважаю, што Зямля пачала круціцца хутчэй, што суткі карацейшыя сталі. Не толькі дні ці тыдні, як ты кажаш,— гады мільгаюць. Мы ж з табой пасля вайны ў школу пайшлі, ці даўно тое было, а — па пяцьдзесят грукне вось-вось... О, пахвалюся: я ўжо дзед, зямляча! Двойчы нават. Унука і ўнучку маю. А ты?
Я пакруціў галавой.
— Ясненька,— сказаў Мішка.— Ты ж доўга выбіраў, позна ажаніўся. Але не бядуй. Не агледзішся, як і табе паднясуць пісклю. І скажуць: гадуй, дзед, а нам трэба ў Карпаты!..
— Акрамя дзеда, чым пахвалішся?
— Нічым, зямляча. Раблю там, дзе і рабіў — казаў жа табе некалі. Начальнікам транспартнага цэха. Дзевятнаццаты год ужо. У мяне там адладжана ўсё, народ надзейны падабраўся, так што... Клопату хапае, не без таго, адны запчасткі душу выматваюць, але жыць можна. Галоўнае — з шэфам пашанцавала. Не тузае, не ўмешваецца. Я сам сабе начальнік.
— Гэта добра, вядома. Трапіўся б які дурань...
— Ведаю, перажыў,— перабіў Мішка.— Двух перажыў, з трэцім, нарэшце, пашанцавала. Да пенсіі дацягну, калі нічога такога...
— Ты, можа, спяшаешся? — спахапіўся я.
— Не, няма куды спяшацца, халасцякую. Усе ў вёску паехалі, да цешчы, а я адмовіўся. Цяжкавата мне ўжо ездзіць. Там збярэцца поўная хата гасцей, ні адпачыць, ні паспаць па-людску... Іх выправіў, а сам адасплюся хоць.
— Ну, але, гэта ж заўтра субота,— быццам успомніў я. І папытаў: — У Альхоўцы даўно быў?
Мішка спахмурнеў, адказаў:
— Даўно. На радаўніцу і то з'ездзіць не выпала. Не надта ўжо ёсць да каго ездзіць, а цягне,— Мішка зірнуў мне ў вочы, нібы шукаючы там падтрымкі таму, што сказаў.— І чым старэеш, тым больш цягне. Пра аднагодкаў сваіх, равеснікаў часцей успамінаеш. Думаеш часам: разбегліся і ўжо як чужыя... Ты пра гэта не думаеш?
— Чаму ж не,— падхапіў я.— Думаю, браце, і часта. І мяркую, што недавяркі мы ўсе. Быццам і праўда чужымі парабіліся, гадамі не бачымся.
— А пабачыцца хочацца. Каб гэта ўсім разам сабрацца, га? — сказаў ці прапанаваў Мішка.
Я падхапіў яшчэ гарачэй:
— Ты ў мяне з зубоў вырваў! Я ўжо каторы год мару: сабрацца б усім разам, аднагодкам альхоўскім, усім-усім, з жонкамі, з дзецьмі... Прызначыць бы дзень загадзя, за месяц, а то і за паўгода наперад, сазваніцца, спісацца, каб кожны мог у той дзень вырвацца, ці адпрасіцца з работы, ці адгул узяць і прыехаць. Можа, на свята якое, на Май ці Дзень Перамогі, вызвалення... Я ўжо і гаварыў з тым-сім, каго сустракаў. Усе быццам «за», а як да дзела, дык і...
Мішка таксама загарэўся:
— Давай з табой возьмемся. Сустрэнемся як-небудзь, у мяне ці ў цябе, прыкінем, дзе хто, з кім сазвонімся, са сваякамі звяжамся, чыйго адраса не ведаем... Колькі нас набярэцца, равеснікаў? Чалавек дваццаць пяць? Адзін вечар пасядзім і ўсіхнія адрасы здабудзем. Давай?
— Давай! Я ўсёй душой — за,— ахвотна згадзіўся я.— Вось табе мой тэлефон, звані. Вечарамі я звычайна дома. Будзе вольны вечар — звані і прыходзь.
— Альбо ты да мяне,— Мішка ляпнуў мяне па плячы.— У мяне тэлефона дома няма, павінны скора паставіць — я ж, зямляча, кватэру новую атрымаў, забыўся пахваліцца,— а на рабоце тэлефон ёсць, на маім стале стаіць, так што таксама звані.
— Згода,— кіўнуў я.
— Ну, то і добра,— сказаў Мішка.— Значыцца, дамовіліся, зямляча. Усё ясненька. А цяпер — давай лапу, будзь здароў і не кашляй! Прывітанне жонцы!
— Будзь і ты,— адказаў я.
І мы разышліся.
Ішоў я і са шчырай, здавалася б, радасцю думаў пра гэтага самага Мішку Жызневіча, па мянушцы Саламянка, пра тое, што вось жа, аказваецца, не толькі я, але і ён думае гэтак жа, што і ў яго душы жыве сум пa Альхоўцы, што цягне і яго туды салодкі, хоць і не надта, бадай, усвядомлены, покліч, што і ён, несумненна, быў рады сустрэчы са мною, як я зусім шчыра быў рады пабачыць яго, што і ўва мне і ў ім, аказваецца, адначасова трымціць думка-мара сабраць там, у Альхоўцы, усіх нашых равеснікаў-аднагодкаў, сабраць іх сённяшніх, разам з жонкамі, дзецьмі і ўнукамі (ужо і з унукамі!)...
Читать дальше