Аляксею прыгадалася размова з Гогабярыдзе, які ўчора сказаў старшаму лейтэнанту:
— Цяпер, Аляксей, да Мінска рушым, як па асфальту з гары. Без прыпынкаў, і ўсё — хутчэй, хутчэй!.. Ведаеш, як ехаць уніз па асфальце, калі вецер свішча ў вушах? І шыны свішчуць. Цудоўна! — Вочы Сандро заблішчалі ад захаплення.
— Кажуць, тады трэба добра сачыць за дарогай і... трымаць тармазы.
— Канешне! — не зразумеў Сандро. — А-а, гэта каменьчык у разведку?! Не захапляцца?! Сачыць і быць напагатове? Будзь спакойны, дарагі Аляксей, буду сачыць усімі вачыма майго ўзвода!
— Во-во! Сачы!.. Бо каб не прышлося тут тармазы ўключаць...
Наперадзе, там, дзе ішла галаўная паходная застава, загучалі частыя выбухі. Старшы лейтэнант адразу прыслухаўся, з гукаў выбухаў ён пазнаў, што страляюць палявыя гарматы.
— «Навальніца»!— пачуў ён у шлемафон паспешлівы голас. — Я — Гогабярыдзе!.. З ляска б'юць гарматы. Пакуль выявіў чатыры гарматы. Спыняюся... «Навальніца», які будзе далейшы загад? Які будзе загад?
Камбат загадаў яму заняць зручны рубеж і разведаць праціўніка боем.
Іншыя роты па камандзе старшага лейтэнанта адразу пачалі перастройвацца ў баявы парадак і прадаўжалі, не спыняючыся, набліжацца да галаўной паходнай заставы.
Кіламетры праз паўтара камбат прыпыніў і іх...
Трэба было перад тым, як рынуцца ў бой, добра выведаць, якая наперадзе ў гітлераўцаў сіла. Старшы лейтэнант і цяпер, пасля гэтакіх поспехаў, хацеў быць стрыманым. Ён прадчуваў, што гітлераўцы тут, на подступах да Мінска, відаць, яшчэ раз паспрабуюць прыпыніць нашы войскі.
Ён выклікаў па рацыі Гогабярыдзе:
— «Маланка, маланка»... Далажы, што там у цябе?
Гогабярыдзе паведаміў, што на ўзлессі ён ужо выявіў каля дзесятка гармат, некалькі танкаў; у немцаў ёсць тут і пехацінцы, не менш роты; праціўнік заняў падрыхтаваныя загадзя акопы...
Старшы лейтэнант намерыўся паехаць да Гогабярыдзе, пабачыць усё сваімі вачыма, каб потым рашыць, як наступаць далей. Перад ад'ездам ён далажыў абстаноўку Бяссонаву.
— Чакай. Хутка буду сам у цябе! — прамовіў у адказ камбрыг, змяніўшы намер Аляксея зараз жа ехаць да разведчыкаў. — Дарэчы, старшы лейтэнант, навіна ёсць для цябе.
— Якая навіна, таварыш гвардыі палкоўнік?
— Добрая. Прыеду — перадам...
Што за навіна? Мусіць, што-небудзь пра яго батальён, — можа ўзнагародзілі каго-небудзь. Добра было б — якраз перад боем за Мінск!..
З таго, што камбрыг перад боем едзе не да іншых камбатаў, а сюды, старшы лейтэнант зрабіў вывад, што яго батальён, напэўна, будзе наносіць асноўны ўдар.
Поблізу недзе закукавала зязюля: «Ку-ку, ку-ку». Касцючэнка пачаў лічыць:
— Адзін, два... пяць...
Аляксей успомніў, як сам калісьці маленькім хлапчуком з затоенай увагай лічыў такія «ку-ку».
Калі на «трыццацьчацвёрцы» пад'ехаў камандзір брыгады, зязюля яшчэ лічыла Касцючэнку гады — бач ты, якая шчодрая! Невядома, колькі яна налічыла б яму, але як толькі камбрыг вышаў з танка, непадалёк у ляску гупнула некалькі моцных выбухаў.
— Што тут за шум без бойкі, гвардыя?
— Ёсць шум, мусіць, будзе і бойка, — адказаў Аляксей,
— Відаць, не мінуць гэтага. Але нам, камбат, здаецца, не прывыкаць... Так, адчуваю, — сёння тут можа быць горача. Спякотна! Авіяцыя зноў перадала, што тут у іх не малая група танкаў і многа артылерыі. Відаць, збіраюцца затрымаць нас перад Мінскам!..
Ён зірнуў на Аляксея быстрым позіркам і раптам запытаўся:
— Нябось, чакаеш навіну? Магарыч належыць з цябе. Загад атрымалі, таварыш гвардыі... капітан! Перадалі сёння са штаба корпуса. Віншую!..
— Дзякую, таварыш гвардыі палкоўнік!
— У цябе сёння, выходзіць, свята!.. Шкада, святкаваць няма калі! Ну што ж, у баі адзначым!.. — Ён кіўнуў галавой на машыну: — Паедзем, паглядзім бліжэй, што там робіцца...
Камбрыг і Аляксей на сваіх танках падаліся наперад.
Праехаўшы кіламетр-паўтара, камбат і камбрыг спынілі «трыццацьчацвёркі» ў невялікай лагчынцы, каля дарогі. Тут расло некалькі тоненькіх востраверхіх бярозак з бліскучым лісцем, зялёным дыванам слалася трава, над якой усюды ўздымаліся клетачкі мятлюку. Блізка, крыху ўбаку і наперадзе, вялі перастрэлку з немцамі танкі.
Бяссонаў з Аляксеем, ад'ютантам і аўтаматчыкам пеша ўзышлі на ўзгорак. Аўтаматчык зняў са зброі перасцярожнік — тут можна, чаго добрага, наткнуцца ў жыце на якога-небудзь фашыста; хлопец пільна азіраў поле поблізу, аберагаючы камбрыга, які ішоў спакойна і ўпэўнена.
Аляксей добра ведаў адвагу Бяссонава. Аднойчы, калі на полі ў самы разгар бою пехацінцы пачалі адставаць ад танкаў і ліпнуць да зямлі, Бяссонаў вылез са сваёй камандзірскай машыны і, размахваючы пісталетам, стаў уздымаць салдат:
Читать дальше