Эх, ліха, што ж рабіць? Ён зноў азірнуўся — улева кінуцца, можа? Але там, ён добра ведаў, гітлераўцы. Направа? Там ён чуў аўтаматныя стрэлы. Чаго ж ён стаіць марна? Хутчэй трэба рашаць!
Быццам падганяючы Васіля, зблізку з-за лазняку дайшлі да яго нямецкія воклічы.
Хлопец нацэліўся ў гэты бок з аўтамата і націснуў спускавы кручок. Воклічы сціхлі. Адтуль адказалі двума чэргамі. З вяршынкі куста пасыпалася на Васю, на вільготную траву лісце...
Патронаў ужо мала. Хлопец з тугою паглядзеў на свой трафейны аўтамат.
Вася неадступна шукаў выхад, але прыдумаць нічога не ўдавалася. Няўжо ж няма выхаду?.. Толькі адно: страляць, пакуль ёсць лічаныя патроны? А потым ляжаць тут на траве, не бачачы ні яе, ні блакітнага неба. Не спаткацца ніколі з сябрамі, з Валяю...
З гэтым Вася ніяк не мог пагадзіцца. Яму нават думаць не хацелася аб смерці. Небяспека выклікала ў ім такую прагу жыць, што ён гатовы быў на любы ўчынак...
І раптам ён знайшоў выхад. Гэта быў нечаканы і рызыкоўны план, але Вася ўхапіўся за яго. Што ж, яму не было чаго іншага выбіраць. Хлопец акінуў вачыма чужы шэра-блакітны мундзір, які насіў на сабе. Зняў пілотку з вішнёва-чырвонаю зоркаю, згарнуў і паклаў у кішэню.
Ён яшчэ паспрабуе вырвацца! Вось калі не ўдасца гэта, тады не застанецца ніякай надзеі — тады апошні патрон у аўтамаце — сабе...
Хлопец, прыгінаючыся, кінуўся ўсцяж берага. Адбегшы крокаў пяцьдзесят, ён спыніўся і выглянуў з лазняку.
Проста ў кірунку яго ішоў гітлеравец. Салдат быў блізка.
Далей, у баку ад яго, Вася заўважыў яшчэ дзве постаці.
Гітлеравец, убачыўшы Васю, насцярожана ўзняў аўтамат.
Вася адразу выпрастаўся. «Не трывожыцца, не трывожыцца... Спакайней, спакайней!..» — стукала ў грудзях сэрца.
І ён стараўся быць спакойным, непаспешлівым. Цяпер, калі яму было добра вядома, што рабіць, ён дзейнічаў з незвычайнай развагай. Ён добра адчуваў, чым зараз рызыкуе. Блакітныя вочы яго былі незвычайна халодныя.
Немец, які быў гатовы крыкнуць — «хальт!», убачыўшы перад сабой шэра-блакітны мундзір, завагаўся. Але яшчэ больш падзейнічала на салдата тое, што гэты загарэлы, без пілоткі, бялявы хлопец быў зусім спакойны. На яго твары няма нават адзнакі непакою ці спалоху. Так упэўнена можа ісці толькі свой.
Гітлеравец, аднак, штосьці запытаўся.
Васіль зразумеў толькі адно слова: «warum». Ён амаль не ведаў нямецкай мовы.
Не гаворачы нічога, хлопец па-ранейшаму набліжаўся да немца. Салдат адступіў крок назад, пагрозна крыкнуў:
— Wer ist du?! Halt![ 2 2 Хто ты?! Стой!
]
— Іх бін... — стукнуў сабе ў грудзі хлопец, але што далей сказаць, ён не ведаў.
Гітлеравец быў поруч: стомленыя, злыя вочы, аброслы, няголены падбародак, раскрыты, ашчэраны ад крыку рот.
Больш марудзіць нельга было. Крайко, які да гэтага здаваўся бесклапотна-спакойны, ураз перамяніўся. Ён ірвануўся да гітлераўца, з усёй сілы ўдарыў па аўтамату.
Адным стрэлам са свайго аўтамата Васіль прыкончыў фашыста.
Цяпер — бегчы.
Хлопец схапіў аўтамат забітага і колькі сілы, прыгнуўшыся, пятляючы, паімчаў далей, у рэдкі лясок.
Ён, як праз сон, чуў ззаду страляніну, крыкі. Васіль адчуваў, што гэта гоняцца за ім.
«Толькі б не паранілі ў нагу», — праплыло ў галаве. Ён на момант прыпыніўся і пусціў насустрач гітлераўцам чаргу.
Яму хутка прышлося збочыць. Наперадзе ў прагалінах завіднелася дарога, а па ёй паўзлі фурманкі. Гэта былі немцы. Хлопцу нічога не заставалася, як пабегчы ўсцяж дарогі.
Але і тут ён неўзабаве вымушан быў спыніцца. Наперадзе хлопец убачыў некалькі грузавых машын, якія стаялі між дубоў і ляснога дробнага хмызнячку.
Каля грузавікоў тупалі, перагаворваліся немцы.
Вася адразу стаў.
Адчуваючы, як тужліва сціскаецца сэрца, ён азірнуўся ўправа, улева. Справа лясок канчаўся, віднелася запусцелае, зарослае свірэпіцай поле, па якім наводдаль ішла дарога... Уцякаць няма куды.
Вася прытуліўся да шурпатай кары дуба. Нарыхтаваў аўтамат.
1...
Абапал дарогі ішлі палоскі жаўцеючых жытоў. Калі набягалі павевы ветру, па верхавінні жытоў хадзілі шызыя хвалі, нібы на рачулках.
За гусеніцамі віхурыўся бялесы надакучлівы пыл, уздымаўся хмараю над дарогай, асядаючы на браню наступных машын, забіваючы танкістам і аўтаматчыкам вочы і вушы.
Аляксей, выбіраючы чысцейшае месца на хусцінцы, зрэдку выціраў ёю павекі, якія ад тоўстага пласту пылу рабіліся цяжкімі. Хусцінка была шэраю ад пяску і пылу.
Да гарадка, у якім напярэдадні авіяразведка знайшла многа нямецкіх танкаў і артылерыі, заставалася не больш пятнаццаці кіламетраў. Калі б усё было добра, батальён праз паўгадзіны падышоў бы да ўскраіны. Але кожнаму цяпер было зразумела, што бой і, мусіць, нялёгкі, — немінучы.
Читать дальше