Ермакоў з Габдуліным стаялі ў гарбузніку, каля нейкай драўлянай пабудовы. Недалёка палаў дом, падпалены фашысцкімі мінамётчыкамі, і сюды, ледзь Ермакоў высоўваўся з ценю, патыхала гарачынёй.
— Перадай камандзіру атрада, хай зноў атакуе,— сказаў камбрыг сувязному.
Сувязным быў Андрэй Шабунёк, які здаваўся сабе адным з віднейшых воінаў у гэтым баі,— вядома, пасля камбрыга, Тураўца і Басі Крайко. Андрэй быў бязмерна горды сваёй роляю і шчаслівы.
Ён адразу кінуўся выконваць загад камбрыга.
То там, то тут, наперадзе і з бакоў успыхвалі чэргі аўтаматаў, выбухалі гранаты... Ермакоў, які быў амаль у самым пекле бою, бачыў, як поблізу паўзком пачалі прабірацца цераз грады і гарбузнік, паўз будынкі яго людзі. Яны зніклі па той бок пабудоў, адкуль цяпер ужо даносіліся выбухі гранат і стрэлы.
Прыбег сувязны з «Радзімы» і далажыў, што нямецкі кулямёт падавіць не ўдаецца і што роты залеглі. Камандзір атрада просіць дапамогі — мінамётчыкаў...
— Скажы, мінамётаў не дам. І наогул — хай пакуль не атакуе. Не трэба... Хай толькі так, для выгляду, шуміць, каб гітлераўцы пабойваліся...
Прытуліўшыся да сцяны, Ермакоў напісаў на лістку некалькі слоў. Сувязны свяціў яму.
Ледзь сувязны знік за плотам, Габдулін перадаў узрадавана:
— Школу ўзялі, Ярмак!
Гэтая школа непакоіла камбрыга. Адтуль быў добры абгляд навокал для назіральнага нямецкага пункта. Перад домам быў кулямёт: ён цяпер маўчаў...
Ермакоў перайшоў з Габдуліным і трыма сувязнымі наперад. Яшчэ некалькі дамоў узялі — дом за домам. Марудна...
Але нічога, Ермакоў выкіне, абавязкова выкіне гэтых нягоднікаў адсюль. Праўда, іх сюды нашылася ў апошнія дні многа, але ён выб'е іх! Пасёлак невялікі, напалову разбураны, аднак стаіць на шляху. Калі брыгада зойме яго, яна адбярэ ў гітлераўцаў важную дарогу.
Ермакоў загадаў перанесці мінамёты да школы, павярнуць у бок парку, каб падавіць там кулямёт і аўтаматчыкаў.
Ён сам сачыў, куды трапляюць міны. Сэрца артылерыста не вытрымала, калі ён пабачыў, як мінамётчыкі прамахнуліся.
Зноў злева ірвуцца. Куды яны садзяць?.. Правей, правей трэба!..
Ён стаў камандаваць сам. Перабраўся праз некалькі двароў наперад, бліжэй да парку.
— Правей нуль-нуль дваццаць, агонь! Батарэяю агонь! Яшчэ па міне, сябры! Хутчэй, хутчэй!..
Міны выбухалі зусім непадалёк...
Кулямёт хутка сціх, але праз некалькі хвілін ён абазваўся з другога месца. Каля мінамётчыкаў пачалі ірвацца варожыя міны. Ермакоў загадаў змяніць пазіцыю, а потым даў новы прыцэл і вугламер.
Камбрыг увесь захапіўся стральбою,— ён страляў да таго часу, пакуль кулямёт не сціх.
Калі Ермакоў вярнуўся да Габдуліна, прыбег задаволены сувязны і перадаў — нашы ў парку!..
Стрэлы сціхлі. Над хатамі і садамі, над вогнішчамі паволі раставалі дым і ранішняя шэрань.
Партызаны вышуквалі ў сховішчах і выводзілі на вуліцу прыцішэлых салдат з узнятымі рукамі. «Гітлер капут! Гітлер капут!» — аднастайна шапталі збялелымі губамі палонныя.
На перавязачным пункце, які асталяваўся ў хаце з разбітымі шыбамі, па-ранейшаму быў заклапочаны настрой.
Марыя Андрэеўна, абвязаўшы марляй чорныя валасы і малы, лагодны рот, аперыравала маладзенькага русявага хлопца. У яго была куляй разбіта косць крыху ніжэй каленнага сустава.
Марыя Андрэеўна, нахіліўшыся, выймала пінцэтам з акрываўленага парванага мяса белыя абломкі касці. На твары хлопца, побач з крапінкамі вяснянак, уздрыгвалі мутныя кроплі поту. Ён час-ад-часу стагнаў.
— Пацярпі яшчэ крыху, любы, харошы мой... Ужо небагата засталося... Хутка ўжо, зусім мала...— шаптала яна пяшчотна і зноў схілялася з пінцэтам у тонкіх пальцах.
На твары яе, у прытоеных цёмных вачах, між броваў, былі то непадступная ўвага, то спачувальная, мацярынская ласкавасць.
— Ну, вось, бачыш, не так страшна, як здавалася!..
У такія хвіліны асабліва выяўлялася тое, што гэтак падабалася ў ёй Тураўцу,— цудоўная жаночая мяккасць, чуласць, якія віднеліся, здаецца, у кожным яе руху.
Марыі Андрэеўне дапамагала Валя Залеская. Яна рабіла ўсё, што трэба было ёй, з нейкім ганарлівым выглядам, але на дзіва спрытна, зараней здагадваючыся пра жаданні і загады доктара.
Да раненых Валя адносілася інакш, чым Марыя Андрэеўна: яна была, можна сказаць, сваявольнай і нават дэспатычнай. Валя магла загадаць раненаму, каб ён зараз жа сціх, а не стагнаў, як баба, магла строга, грубавата адрэзаць, калі хто прасіў аб недазволеным — і яе слухаліся. І не толькі слухаліся, а любілі і паважалі, невядома за што,— мусіць за тое, што яна дзяўчына, прыгожая, спрытная, такая маладая.
Читать дальше